Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 12.

Шрифт
Фон

– Я нічога нікому не раскажу. Я не буду гаварыць ні пра вас, ні пра Толіка, ні пра жыта, ні пра… Ну, ні пра што. Маўчаць буду і нават памагаць вам буду.

– Мне твае помачы, сынку, не трэба. Пасі сабе каровы.

– Добра.

Міхалка пабег дадому. Сапраўды пабег: ісці спакойна ён не мог. Вельмі шпарка праскочыў ён праз лес. Яму здавалася, што ўсё ж ён занадта марудзіць, што цёмныя яліны тыя ўсё самыя стаяць паабапал яго і не знікаюць за ім.

Ён паддаваў ходу і неўзабаве, засопшыся, выскачыў з лесу.

– Відно яшчэ як, а ў лесе ўжо зусім цёмна, – гаварыў ён сам з сабою, спыняючыся, каб перадыхнуць.

Дома ён сапраўды ўзрадаваў і здзівіў усіх. Малыя накінуліся на сала. Маці нарабіла крыку:

– He бярыце памногу, чакайце, я вам сама дам.

Міхалка пачаў расказваць:

– Мусіць, Скуратовіч зноў недзе жыта схаваў і думае, што я ведаю дзе.

I ён расказаў усё, як было і з чаго пачалося.

– Сцепуржынскі? – сказаў бацька – To, можа, гэта ён у Сцепуржынскага сховань на жыта, ці што там, знайшоў? I праўца, там яму зручна, лес. Ах, пачакай, – хапіўся бацька за галаву, – калі ён там злажыў а палавіну ўраджаю, то хто там яго знойдзе…

Міхалка пабег назад.

– Пераначуй, заўтра нацямочку зойдзеш, – гукнуў яму наўздагон бацька. – Цёмна ж ужо зусім.

Але дзе там мог Міхалка ўседзець на адным месцы! Ён бег назад, трымаючы прытулены да жывата пусты мяшок. Назаўтра сам Скуратовіч быў у Міхалкавага бацькі. Седзячы ў сенцах, ён гаварыў:

– Міхалка ведае, і я вельмі баюся, каб ён не расказаў. Напэўна, і вы праз Міхалку ведаеце. Ну, злажыў я з поля крыху жыта і ярыны ў Сцепуржынскага: прыхаваць хацеў, a то гэтая развёрстка. Я туды з поля і вазіў адразу. To вы маўчыце, калі ласка! Ваш хлопец у мяне, то я яго не пакрыўджу. Няхай і да работы наладжваецца, ён у мяне як за сына будзе. Гэтулькі няшчасця на мяне навалілася раптам! Вас я аддзякую.

I ён унёс у сенцы мяшок з жытам.

– Ды ўжо нейк жа будзе, – уздыхнуў Міхалкаў бацька на ўсе свае хворыя грудзі і закашляўся. Душыўся ён кашлем доўга, аж заходзіўся.

– От гэтае няшчасце ў вас, – паспачуваў Скуратовіч.

– He дай божа нікому добраму так пакутаваць, – з вялікай шчырасцю выгаварыў Міхалкаў бацька. – Як падумаю пра дзяцей, то сэрца крывёй ацякае. Каб не дзеці, то здаецца, пад мост кінуўся б, каб не мучыцца самому і людзям не назаляць.

Скуратовіч падаў яму руку і паехаў дадому. 3 таго часу Міхалка вельмі выразна адчуў, як змяніліся да яго Скуратовічавы дачыненні. Міхалка цяпер быў лепш адзеты і ніколі не быў галодны. Час ад часу Скуратовіч засылаў што трэба і Міхалкавай сям’і.

Адзін раз увечары, кладучыся спаць, Міхалка заўважыў праз адчыненыя ў бакоўку дзверы, што Скуратовіч лёг на ложак у ботах і не раздзеючыся. За гэтыя часы Міхалка прывык глядзець на ўсё з падазронасцю; цяпер ён стараўся дадумацца, чаму так зрабіў гаспадар. Раптам Скуратовіч усхапіўся, закурыў і зачыніў дзверы. Цяпер ужо Міхалку не відно было, што робіцца ў бакоўцы. Але ён пачуў, што скрыпнуў ложак: Скуратовіч, значыцца, зноў кінуўся на пасцель, не раздзеючыся, бо за гэтакі момант ён не мог раздзецца. Ды і не чуваць было, каб ён скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца.

Падазронасць мучыла Міхалку. Ён думаў: «Цяпер-то Скуратовіч са мной добры, а як раней быў? Каб пайшоў сказаў, што палавіну ўсяго з поля ён звёз да Сцепуржынскага, от бы патрапятаўся б ён у мяне! От бы я яму падстроіў шыўку!»

I ён пачаў усміхацца і гаварыць сам сабе пра Скуратовіча:

– Тады папаскакаў бы. Папаенчыў бы. От бы папагнуўся б!

Памаўчаў, чмыхнуў носам, стрымліваючы смех, і зноў:

– От папабожкаў бы тады!

– Што ты кажаш? – абазваўся з бакоўкі Скуратовіч.

Міхалка спалохаўся і прыліп да пасцелі. Скуратовіч счакаў крыху, пасля мармытнуў:

– Праз сон гаворыць, ці якое яму ліха.

«Няхай лепш табе ліха, думаў Міхалка, от як узлуюся, то не паможа тады ні сала тваё, ні жыта».

Ён ляжаў і не мог заснуць. Прайшла, можа, гадзіна, калі не больш. Міхалку ўжо браў сон. Раптам зноў пачуў, што скрыпнуў ложак і пасля як бы прыглушаныя крокі. Скуратовіч пайшоў у большы пакой, стараючыся ступаць ціха. Але як ён ні стараўся, усё адно Міхалку чуваць было. Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў засаўку ў дзвярах. Выразна чуў, як пасля Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы і як цяжка спусціўся з ганка. Пасля ён ціхім голасам паклікаў сабаку. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Відзён быў Скуратовіч: сілуэт яго вырысоўваўся даволі ясна. Міхалка калаціўся ад хвалявання і страху. Ён бачыў, як Скуратовіч ужо варушыўся побач свірна – значыцца, ён быў ужо каля брамы. За брамай ішла дарожка проста ў лес. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Міхалка стаяў, можа, з паўгадзіны на адным месцы. Неспакой і страх трымалі яго тут. Чаго ён баяўся – ён і сам не мог бы сказаць. Дзесьці зашкрэбала мыш. Міхалка адумаўся. Ён пайшоў назад у кухню. Спаць ён не мог і, пастаяўшы ў куце, ціхом, каб не пабудзіць работніцы, пайшоў з хаты. У сенцах праз сон абзываліся гусі, і Міхалку стала смялей. «Ты, можа, яшчэ дзе жыта хаваеш», – думаў ён пра Скуратовіча, ідучы паўз плот да брамы. Цяпер пачыналася ў яго злосць на гаспадара. «Ты раней са мной нават не гаварыў па-людску, а цяпер дагаджаеш мне, каб я маўчаў! I гэтак зрабіўшы мяне сваім хаўруснікам, усё ж такі хаваешся ад мяне! Пачакай жа, калі так!» – так льга было б сфармуляваць Міхалкавы настроі гэтай хвіліны. Ён быў ужо каля брамы і далей не пайшоў – астаўся стаяць, высунуўшы твар паміж дзвюх рассунутых частаколін. Свяцілі зоры, і лес наперадзе зусім знікаў у чарнаце. Перад вачыма туманілася каляіністая дарога. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна, ён прайшоў разоў са два паўз плот. Пасля зноў заняў ранейшае месца і яшчэ стаяў. А пасля пачаў заўважаць, што як бы хтосьці ідзе ад лесу, на дарожцы як бы варушыўся чалавечы сілуэт. Праз хвіліну яму ўжо было добра відаць, што ідуць двое людзей. У Міхалкі зуб на зуб не цаляў, яму здавалася, што шапка на яго галаве варушыцца. Ён не мог адарвацца ад частаколу. От ён ужо бачыць, што гэта Скуратовіч. А за ім хтосьці вельмі падобны з абрысаў постаці на Толіка. Але ж Толік у арміі! He можа быць, каб гэта быў Толік, хіба, можа, ён зноў дадому ўцёк! Апошняя думка пачала браць верх у Міхалкавай галаве.

Па той бок агароджы, направа ад брамы, расло некалькі старых дубоў. Шэпчучыся, дзве цёмныя постаці адышліся пад гэтыя дубы. Частакол даходзіў да самых дубоў. Міхалка анямеў пры частаколе. Скуратовіч шаптаў:

– Табе лепш не ісці ў дом, не будзь такі смелы. Нашто рызыкаваць?!

– Мяне не пыталі? – запытаў Толік.

– He, ты ж у арміі.

– Развёрсткі не дамагаюцца?

– Няхай хіба за горла павесяць. Я згарэў датла і каб яшчэ зноў развёрстку!

«Уцёк з арміі, – думаў Міхалка – Ён жа і раней уцякаў з арміі. Усё было так проста. Уцёк, а бацька пайшоў з ім пабачыцца». Міхалкам ужо апаноўвала расчараванне. Раптам у яго з’явілася новая думка: «Ніхто не ведае, што ён уцёк з арміі, а я адзін ведаю. Пачакай жа ты!» Свядомасць гэтага пачала ператварацца ў нянавісць. Ён адарваўся ад частаколу і пайшоў проста да кухонных сянец. «Добра было б, каб мяне ўбачылі», – думаў ён. Дайшоўшы да сярэдзіны двара, ён сумысля моцна пабег, і яго заўважылі. Ён чуў, як Скуратовіч скамандаваў сабаку, ціха, каб мала каму і чуваць было:

– Кусі!

Сабака гэцнуў цераз частакол, кінуўся на Міхалку і хапіў яго лапамі за плечы; стаяў на задніх лапах і быў вышэйшы за Міхалку. Замест таго каб ірвануць зубамі, сабака аблізаў яму твар.

– Ах ты, Лыска, каб ты здох, – палашчыў Міхалка сабаку рукой па галаве.

Сабака віляў хвастом.

– Міхалка, ты? – гукнуў Скуратовіч.

Але Міхалка быў ужо ў кухні на сваёй пасцелі. Толік шаптаў бацьку: – Я гэтага гадзюка зараз прыбяру зусім. Толькі каб неўзаметку было.

Скуратовіч паціснуў плячыма.

Назаўтра Скуратовіч дапытваў Міхалку, ці гэта ён хадзіў уночы па двары, але дапытацца не мог: Міхалка не прызнаваўся, Міхалка пачаў баяцца і Скуратовіча і яго хутара. Ён адпрасіўся ў старога Скуратовіча на дзень дадому. Скуратовіч доўга не пускаў, але ўсё ж не мог даць рады Міхалкавай упартасці.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.4К 188

Популярные книги автора