Кузьма Чорный - Трэцяе пакаленне стр 11.

Шрифт
Фон

– Хто там? – адразу перарваў сам сябе на няскончаным слове Скуратовіч. – Міхалка, ты?

– Я, – абазваўся Міхалка і, ужо адчуваючы права ўвайсці, рашуча адчыніў дзверы.

– Ты быў у бакоўцы? – збянтэжана запытаў Скуратовіч.

– У бакоўцы.

– Стаяў! – аж гукнуў Скуратовіч.

– Я не адважыўся ўвайсці адразу, – пачаў апраўдвацца Міхалка. Гэта я хацеў папрасіць дзядзьку Сцепуржынскага, каб аддалі мне маю папружку.

– Жаба ты малая, з сваёй папружкай, – з прыкрасцю замармытаў Сцепуржынскі. – Аддам тваю папружку, няхай цябе д’ябал з ёю разам. Чаго ты лезеш, куды цябе не просяць!

– От я табе зараз так дам папружку, што век вечны памятацьмеш яе смак! – абазваўся Скуратовіч. – Гоніць цябе нячыстая сіла ўсюды, каб з цябе выгнала…

Збянтэжаны Міхалка тузануў угару за паясніцу штаны і павярнуўся ціхом выйсці.

– Стой! – яшчэ мацней зароў Скуратовіч – Слухаў, пад дзвярыма стоячы?

– Дзядзечка, я хацеў папрасіць, каб папружку аддалі.

– Я табе так пастаю пад дзвярыма, што цябе ногі не ўтрымаюць.

– He буду больш! – заенчыў Міхалка, не ведаючы, за што на яго крычаць і чаго ад яго хочуць.

– Ах, ах, – стагнаў Скуратовіч, – гэтак тая падслухоўвала усё і падглядала. – Ён гаварыў пра Зосю, але Міхалка нічога не разумеў. – Так і гэты ўсё выглядае. От даў мне Бог кару! He дай божа трымаць чужую душу ў сваёй хаце.

– Чужаніца – гэта непрыяцель, – пацвердзіў Сцепуржынскі.

– Ну, што ж цяпер? – развёў рукамі Скуратовіч.

У яго быў такі выгляд, як быццам ён хацеў сказаць: «усё прапала».

– To я пайду, – сказаў Сцепуржынскі.

Скуратовіч вывеў яго з хаты, і яны ўдвух прайшлі дваром да брамы, ціха гаворачы. Міхалка пайшоў у кухню і лёг спаць. Праз хвілін пяць ён, стомлены за дзень бегатнёй за каровамі, моцна спаў. Раніцай яго, як і заўсёды ў апошнія часы, пабудзіў гаспадар (раней яго будзіла гаспадыня). Нанятая пасля смерці Скуратовічыхі жанчына ўжо канчала даіць каровы. Міхалка, на хаду падпяразваючы свой халацік, злосны ад страшэннай прагнасці нічога не знаць і нічога не хацець, а толькі спаць, адкінуў адну фортку брамы і патурыў з двара каровы.

– Я табе памагу прагнаць паўз грэчку, – сказаў Скуратовіч, выцягваючы на хаду выгінастую ламачыну з накіданага каля плота лому.

Міхалка здзівіўся такой небывалай гаспадарскай услужлівасці, нават тону яго голасу. Гаспадар ішоў поплеч Міхалкі. Міхалку было так няспрытна ісці. Куды вальней ён сябе адзін адчуваў бы.

– Табе гэта ці не чатырнаццаць год? – ціха пачаў гаварыць Скуратовіч.

– Чатырнаццаць, – згадзіўся здзіўлены Міхалка.

– От, бачыш, ты яшчэ год не дарос!

– He дарос?

– Помачы бацьку ні ад каго няма яшчэ ў вас?

– Няма.

– А бацька хворы?

– Хворы.

– Яму што – яму, каб нічога не рабіць ды каб лёгкі хлеб, то ён і скрыпеў бы пакрысе на свеце. А так – калі клопат, работа, сілкавацца няма чым, перадыхнуць няма пры кім… яго ж на вайне атруцілі і яшчэ мала, дык ранілі. На, цешся, жыві, чалавек, як хочаш! Ого, вайна, не дай божа! Ты ж сам бачыш.

– Бачу.

– Я табе, сынку скажу. Чалавечы век, здаецца, доўгі, а як паглядзіш! Ды калі яшчэ чалавек дабра на свеце не бачыць! Я ўсё пра твайго бацьку думаю. Гаруе чалавек на свеце, чэзне. А тым часам цяпер яшчэ час такі брыдкі, цяпер яшчэ горш людзям жыць. Няма, каб прыйшлося, за што рук зацяць. Ты сам павінен ведаць.

– Ведаю.

– To я табе скажу: хто і багацейшы, то і таму такім часам не мёд. А ваша сям’я як жыве! Я сабе часам вазьму ды і падумаю. Божа мой, Божа, думаю я сабе. Ты як сабе хочаш, я табе набівацца не буду, але ты павінен памагчы бацьку. Бо ты тады не сын будзеш, калі гэтага не зробіш.

– Як жа я памагу?

– Ты паслухай. Я на цябе ўчора зазлаваў быў, што ты не ў свае справы ўлазіш. А што гэта добра ўмешвацца не ў сваё? Кожны жыве па-свойму, і нікому да гэтага справы быць не павінна.

– Я пад дзвярыма мала і стаяў.

«Малое, а якое хітрае, – думаў Скуратовіч, – каб з цябе душу выгнала, гадзюк ты!»

– Вы, можа, думаеце, што я тады падказаў, дзе ў вазоўні жыта схавана, то каб я так жыў, што не. Вы тады з Толікам як хавалі жыта, то я толькі першую ноч паглядзеў праз шчыліну ў сцяне. А больш я нават і не падыходзіў Калі хто і сказаў, дык гэта Зося. Я ёй раз прызнаўся быў «Каб ты да сённяшняй ночы не дажыў, шапталі Скуратовічавы губы, – усё ж ведае, а хітруе».

– А што я ўчора стаяў, і вы думаеце, што я падслухоўваў, то каб я з гэтага месца не сышоў, што не. Мне абы ён папружку аддаў. Гэта папружка татава. А я, дальбог жа, я нічога не чуў, што гаварылася, ці там зноў якое жыта схавана, ці там што… Хай сабе там, што хоча, то я нічога не ведаю, бо я нічога не чуў. Дальбог, не. Я толькі чуў, што вы чыталі Сцепуржынскаму Толікаў ліст з Чырвонай Арміі.

Тут Скуратовіч ужо не сцярпеў. Ён загаварыў, хоць ціха, але ўсё адно біў словамі, як абухом:

– Дзе ж ты так і навучыўся?! Ад каго ты так і пераняў?! Ты хітруеш, то ты хітруй, але чаго ты яшчэ з мяне здзекуешся, з старога чалавека? Я колькі жыву, то ніколі не бачыў і не чуў, каб у такія гады такая душа была ў дзіцяці! Ах, Божа мой, Божа! Да чаго ты тут мне гэты Толікаў ліст прыплёў і да чаго схаванае жыта!

– Ну, я чуў…

– Што ты чуў?!

– Як чыталі Толікаў ліст…

Міхалка гаварыў праз слёзы. Яно дрыжала і калацілася, гэтае дзіця! Каровы ўжо хадзілі па пожні. Скуратовіч прысеў на мяжу. Міхалка стаяў перад ім, як аслупянелы, мнучы ў пальцах сцябло сарванай травы. Ён бачыў, як Скуратовіч аддыхаўся: ён хваляваўся, а гады бралі сваё. Даўно не голеныя шчокі яго абвіслі, і вочы паміргвалі. Ён падсадзіў пальцы пад шапку і чухаў галаву.

– To я табе пра хворага і галоднага бацьку не на жарты гаварыў.

– Пачакайце, дзядзечка, я збегаю карову адвярну ад грэчкі.

– Згарыць яна з грэчкаю разам! Ты ведай адно: не падслухоўвай больш і маўчы. Табе што! Твая справа – старана. А я дам бацьку хлеба і… дам, дам, усяго дам. От што, я каровы сам упарадкую, а ты на змроку падбяжы дадому і занясі сала. Ты ў мяне верна служыў, а сям’я цяпер у мяне стала малая – хопіць з мяне! I з цябе хопіць, у мяне тут жывучы. Я скупы ніколі не быў. На вецер не кіну, а чалавеку не пашкадую, калі таго бяда агорне. I ў вас бяда, і ў мяне гора. Цётка не вытрымала гэтай трасяніны. Яна і так была хваравітая, а такое няшчасце хоць каго ў магілу ўгоніць. Божа мой, Божа! Гэтаксама і твой тата.

Ён так расчуліў Міхалку, што той ужо не саромеўся і не баяўся больш. Ён плакаў і нават нейкім слёзным енкам закрычаў на карову, бегучы да яе, каб выгнаць з грэчкі:

– Куды-ы-ы, шэра-а-а-я-я?!

Чорныя ад гразі і струпоў схуднелыя ногі яго мітусіліся з-пад шырокіх, падкасаных, парваных Скуратовічавых нагавіц, калі бег ён пад грэчку і назад. Як дробная падстрэленая птушка, падскочыў ён пад мяжу, дзе сядзеў Скуратовіч.

– Каб я так жыў, што я нічога нікому не толькі гаварыць не буду, але і слухаць нікога, апроч вас, не буду, – застукаў ён кулачкамі па залатанай ім самім на грудзях і жываце рубашцы (усё Скуратовічавы неданоскі). – Бо я нічога і не ведаю, я нічога і не чуў Што ж я скажу, калі я не ведаю, пра што вы мне нават гаварылі і завошта на мяне крычалі. Мала што я пастаяў крыху пад дзвярыма.

Скуратовіч сядзеў у глыбокім задуменні. Вельмі можа быць, што ў гэтыя хвіліны ён меркаваў: ці не зрабіў тут сам якой-небудзь памылкі. Прынамсі, калі праз хвілін пяць ён падняўся з мяжы і пайшоў, ён мармытаў сам сабе:

– Чэрці яго ведаюць, гэтага малога. Ці ён вельмі хітры, ці я здурнеў перад гэтым дзіцём, старым будучы. Павяла мяне нячыстая сіла адразу бо! Трэба, можа, было як-небудзь інакш. Ах, ах!

Надвечар ён паклаў у мяшок тры кавалкі сала і даў Міхалку:

– На, сынку, занясі бацьку, няхай ён з голаду не ўмірае.

Можа, ты таго не ведаеш пра свайго бацьку, што я ведаю. Ён хворы, яму дыхаць цяжка, ён нішчымніцаю душыцца, ён пра малых думае, а вы пра яго і дбаць не дбаеце. Дбайце пра хворага бацьку. Хто ж паможа яму, як не дзеці!

Міхалка выйшаў на ганак і глянуў у мяшок. Ён аж закалаціўся, убачыўшы ў мяшку гэтулькі сала. Ён ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям’і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! I от Міхалка ўскочыў назад к гаспадару. Ён ад хвалявання ледзьве выгаварыў словы:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги

БЛАТНОЙ
18.3К 188

Популярные книги автора