Всего за 152 руб. Купить полную версию
Юзік з Віцькам уцякалі ў бор як мыла з’еўшы.
Праз некалькі хвілін усе рушылі далей, разбіўшыся на пары і ўтварыўшы доўгі караван.
Убраныя ўсе былі святочна і па-польску: хлопцы – у крамных гарнітурах, пашытых па-местачковаму, у канфедэратках ці кепі, дзяўчаты – у гладкіх цёмных спадніцах, муслінавых кофтачках і квяцістых хустках, завязаных пад косамі, альбо ў ядвабных шалях. Усе, апроч дарослых хлопцаў, ішлі басанож, несучы абутак у руках.
Сакалоўская ішла ў сярэдзіне калоны побач з Касяй Сцяпурай, старэйшай за яе на год. Стах з Косцікам прайшлі міма некалькіх параў і апынуліся побач з імі.
– Зашмат клункаў для жаночых ручак у вас, – паведаміў ззаду Косцік.
– Калі так нас шкадуеш, узяў бы што і паднёс, – адказала Кася.
– Дык давай панясу!
– Тады ў Карусі вазьмі, у яе болей.
– Абедзве давайце ўсё, што ёсць, – сказаў ён, баючыся, што Каруся пасаромеецца скарыстацца яго дапамогай.
– Добра, дзякуй. Вось, вазьмі, калі ласка, мае чаравікі, – падзякавала Кася, а Каруся аддала Косціку свой вузялок з хлебам і таксама чаравікі. Хлопец павесіў усё на кій, закінуў яго на плечы і пайшоў са Стахам за дзяўчатамі, заводзячы з імі размову.
– Але ж і народу сёлета са Смалярні на фэст ідзе!
– І гэта толькі пешкі, а калёсамі вязуць колькі – не злічыць, – адгукнулася Каруся.
– Я чуў, што гэты фэст будзе вялікі як ніколі.
– Так, вельмі шмат людзей, а яшчэ, кажуць, з далёкіх парафій машынамі прыедуць. А ведаеце, колькі ксяндзоў будзе?
– Як найменш дваццаць мусіць быць.
– Дзед Амбражэй казаў, што дваццаць пяць, не лічачы семінарыстаў.
– Ого, аж столькі!
Ззаду падышлі Віцька з Юзікам.
– Ты паглядзі, і лясніцтва на Працэсію захацела, – сказаў Віцька нібыта прыяцелю, але так гучна, каб пачулі і дзяўчаты, і Косцік.
– Ну а хто яшчэ бабам боты будзе несці, – пакпіў Юзік.
– Паднесці бабам рэчы – гэта ж не тое, што ім пад спадніцы зазіраць, – адпарыраваў Косцік. – Ну, пакажыце картачкі, паскуднікі.
– Гэта няхай, затое не адну ўбачылі.
– Убачыць дык убачылі, – улез Стах. – Чорную дзірку ў Забэлы.
Косцік з дзяўчатамі пырснулі смехам.
– Вось дык аканфузіліся вы сёння, хлопцы, – сказала Каруся.
– Было б перад кім канфузіцца, знайшліся пані. Вунь за мной бегае колькі, і не смалярскіх, ясна?
– Ага, бегаюць, як сабака за палкай. Вы на яго зірніце, які красунчык, які важны кавалер!
– Калі б не быў важны, харугвы на Працэсію не насіў бы, абы-каму харугву не дадуць, – палез абараняць сябра Віцька.
– Пайшлі ад іх, дружа, – сказаў Юзік, – а то падумаюць, што мы падлашчваемся. Хадзем лепей Ядзьку дражніць.
– Ён праўда харугву насіў? – спытала Каруся ў Касі, калі яны адышлі. – Я думала, што іх толькі Казік з Ясем носяць.
– Яны кожны год носяць, а мінулым летам Юзіку таксама далі.
– Патрапіў жа…
– Шмат старэйшых хлопцаў хацелі харугву несці, ім не далі, а яму далі. У спрытнасці яму не адмовіш, што ўжо казаць, – заўважыла Кася.
– Нічога такі, пагаджуся, – пацвердзіла Каруся. – Яго яшчэ хваляць, што ў рабоце жвавейшы ад братоў.
Нават калі б Каруся яму ў твар дала – і тое б Косціку так кепска не зрабілася.
– Калі б я захацеў, таксама лёгка атрымаў бы тую харугву, – прабурчаў ён.
Яны ўсё яшчэ крочылі бяскрайнім лесам, раз-пораз натрапляючы на самотныя паляны, альбо выходзілі на ўскраек нейкага поля і зноў заглыбляліся ў лес.
Апоўдні выйшлі на шырокі гасцінец. Крыху пасядзелі ў цені дрэваў, а некаторыя хлопцы дык без адпачынку далей рушылі.
На гасцінцы грукаталі колы і раіліся людзі. На вялікі фэст ішлі ўсе класы і саслоўі. Працэсія ў Бабруйску цвердзіла сілу польскага народу над Бярэзінай, яго штогадовае яднанне, гартаванне духу і патрыятызм. Адна за другою цягнуліся пешыя калоны, а яшчэ шнуры каламажак з простым засцянковым людам і шляхтаю, вялізныя параконныя фурманкі з маёнткаў, у якіх змяшчаўся тузін парабкаў, элегантныя брычкі заможных хутаран і раскошныя экіпажы магнатаў. Чым бліжэй было да горада, тым цясней на гасцінцы.
Перад змярканнем пілігрымка смалярскай моладзі на паўгадзіны спынілася ў Зялёнцы. У хмызах пры гасцінцы ўсе абуліся, абтрэслі пыл, прывялі сябе ў парадак і не марудзячы рушылі далей, каб трапіць на кватэру ў горадзе загадзя.
Фурманкі і пешыя калоны цягнуліся праз усю дарогу шчыльным гужам.
Ужо праз чвэрць гадзіны Бабруйск паказаў смалерчукам свой твар. Па шырокай лагоднай плыні Бярэзіны перасоўваліся пасажырскія параходы, таварныя баржы і падарожныя чаўны. За нейкія паўвярсты ўлева быў жалезны мост – апошняе слова тэхнікі. За ракой, на спуску з пантоннага моста, якім яны ішлі, стаяла высокая цагляная вежа. Па абодвух яе баках зелянеў прыгожы сад, поўны клёнаў, таполяў і бяроз, а між імі хавалася крэпасць. За садам высока ў неба ўзносіліся магутныя радыёантэны.
Бабруйск быў горад немаленькі і раскрываўся павольна, асабліва з боку ракі.
Да падзелаў Польшчы ён амаль нічым не вызначыўся, бо быў тады малазначным мястэчкам. Стараверы са Старога Круку расказвалі, што даўным-даўно, калі яшчэ не было на свеце прыгону, на месцы цяперашняй крэпасці стаяла руская вёска, жыхары якой разам з пчалярствам займаліся вырабам бабровых футраў, і тое рамяство дало іх паселішчу назву Бабруйск. Яшчэ расказваюць, нібыта за часамі князя Васіля ля той вёскі быў маёнтак, а за «крулём Баторым» на слуцка-магілёўскім гасцінцы ў Зялёнцы грэблю насыпалі, карчму пабудавалі і два паромы. Вось і ўсё.
Мястэчкам Бабруйск перастаў быць толькі ў XVIII стагоддзі. Падчас безгалоўя ў Рэчы Паспалітай царыца Кацярына, запусціўшы захопніцкія кіпці ў цела краіны, умацавала гэтае мястэчка на буйным тракце і ператварыла яго ў збройню для сваіх войскаў.
І з таго часу Бабруйск пачаў хутка расці. Некалькі разоў яго руйнавалі пажары, бо са стратэгічных меркаванняў тут доўга не дазвалялі ўзводзіць мур, але пасля кожнага няшчасця дамоў тут будавалася ў два разы болей, чым было. Цяпер гэта вялікі горад – павятовы, праўда, але шмат у чым губернскім не саступае. Праз яго праходзіць разбітая варшаўска-маскоўская шаша, важная дзвюхкалейкавая чыгунка, а яшчэ наладжанае воднае злучэнне з вялікімі гарадамі. Будынкі тут пераважна драўляныя, што звычайна для крэсаў, але хапае і прыгожых шматпавярховых камяніцаў. Ёсць шыкоўныя вуліцы, дзе ходнікі выкладзеныя мазаікай, вялікімі, як вітрыны, вокнамі, якіх сяляне лякаліся, выйшаўшы з лясной глушы. Відаць, яшчэ ў 1908 годзе Бабруйск, апроч войска, якога ўсё яшчэ кватаравала тут шмат, і прылеглых прадмесцяў, налічваў пяцьдзясят тысяч жыхароў. Ільвіную долю, як заўжды, складалі габрэі, потым ішлі прыезджыя маскалі, стараверы і тутэйшыя беларусы, палякі, татары, немцы, а таксама крыху розных іншых народаў. Ёсць фабрыкі, канцылярыі розныя, колькі расійскіх сярэдніх школ, жаночая гімназія і рамесніцкая школа. Ёсць цэрквы – гарнізонная і парафіяльная, сінагогі, стараверскі храм, кірха і малітоўныя дамы іншых канфесій.
І касцёл тут таксама быў – Найсвяцейшай Тройцы. Новы, пабудаваны адразу пасля японскай вайны, калі часткова вярнулася свабода веравызнання. Паставіў яго ксёндз дэкан, а пазней канонік Красінскі, палымяны святар і патрыёт, вечныя гонар і слава ягонай памяці. Дагэтуль стапяцідзесяцітысячная парафія вымушаная была абыходзіцца маленькай капліцай. З ранейшых касцёлаў адзін перарабілі на царкву, другі, на няшчасце, згарэў. Маскалі прагнулі дашчэнту зруйнаваць надбярэзінскую сталіцу.
Цяперашні касцёл быў мураваны і веліччу пераўзыходзіў усе гмахі, усе храмы горада. Вежа высокая – аж страшна ўніз зірнуць. Унутры – цудоўныя калоны, прастору шмат, усюды святыя рэліквіі, увесь упрыгожаны па-мастацку. Трайны алтар са спічастымі вежачкамі, з разьбою. Найпякнейшыя каштоўныя жырандолі. Лес харугваў і багатых штандараў. Пры сценах вялізныя абразы і статуі святых. Вітражныя вокны. Лаўкі, крэслы, прастолы, спавядальні радуюць вока. Арган уражвае так, што калі б арганіст яго на поўную сілу завёў, то, кажуць, у чалавека сэрца разарвалася б. Калі білі ў званы, чуў увесь горад. Кафедральны сабор не пагрэбаваў бы будынкам і багаццем бабруйскага дэканацкага касцёла.