Всего за 152 руб. Купить полную версию
– Сам пабачыш. Давай, хоць пад пахі бяры.
Яны схапіліся і рухнулі на зямлю, Косцік зверху.
– Ого, вось табе і хвосцік, – дзівіліся вучні.
А некаторыя радаваліся:
– Так яму, задаваку! Ён думаў, што адзін тут сілач. Так яму!
– Ты мяне паваліў, – падымаючыся, сказаў Кірпаты, – бо пэўна ўжо нажэрся, а ў мяне і крышкі ў роце з учора не было.
– Гэта праўда, ён сёння галодны, – засведчылі аднакласнікі.
– Ну тады падыходзьце хто пад’еўшы, – падбухторваў Косцік. – З любым вазьмуся.
Але далейшаму разбіральніцтву перашкодзіла з’яўленне настаўніка.
Падчас праверкі навічкоў вучні даведаліся, што прозвішча Косціка – Васілеўскі. Ён ужо крыху быў навучаны, таму пайшоў адразу ў другі аддзел.
На перапынку Васілеўскага абступілі палякі.
– Ты з нашых, ты польскі? – дапытваліся яны.
– А як жа, польскі, польскі, – адказаў Косцік.
– Ты ж леснікоў сын, праўда? – запытаў Стах.
– Так. А ты адкуль?
– Я толькі паглядзеў на цябе і нібыта пазнаў. Я з Рагоў, Балашэвічаў Стась.
– Ты – Балашэвічаў Стась?! Гэта ж трэба, як чалавека адзежа змяняе. Я цябе зусім не пазнаў, хоць столькі разоў у Рагах быў і цябе бачыў.
– Як ты здолеў Кірпатага зваліць?
– Я і двух такіх павалю, мне яны як мухі.
– Ты такі моцны?! А давай будзем з табой дружыць. Я ўжо ў чацвёртым аддзеле.
– Такі малы і ўжо ў чацвёртым? Дружыць згодны, калі ты хочаш. А вось раскажы мне, Стах, што гэта за два кругі на чорнай дошцы.
– Гэта наш свет такі.
– Такі смешны свет?!
– Так. Хадзем, я табе ўсё патлумачу.
І Стах паказаў Косціку часткі свету, Расію, а потым падрабязна апавёў пра партрэты ўсіх цароў на сцяне.
– А вунь той, што як канакрад глядзіць, – гэта хто? – асабліва зацікавіўся Косцік партрэтам Мікалая І.
– Ціха! – шыкнуў Стах, хапаючы яго за плячо. – Гэта таксама цар!
– І таксама расійскі?
– Польскіх тут няма. А цяпер зірні ў кут пад ручнік.
– Гэта хто?
– Гэта іхны Пан Езус.
– Гэта Езус у іх такі?! Аяяй, нягеглы ён нейкі. Як такому маліцца?
– А ты думаеш, я яму малюся? Я толькі для выгляду вуснамі варушу, а хто ж ведае, што Ён думае. У іх амаль усе абразы такія. Як у цэркві будзем, сам пабачыш.
– А што, тут трэба да цэркві хадзіць?
– Так, у царскія святы ўсіх разам да цэркві ганяюць. Толькі габрэяў не чапаюць, яны ж няхрышчаныя.
* * *
Вечарам Косцік адведаў Стаха на кватэры.
– Адкуль у цябе такія боты дзіўныя, доўгія? – спытаў Стах.
– А гэта мне пан даў, за тое, што мой бацька мінулае зімы мядзведжы бярлог адшукаў.
– За бярлог?
– Так. Ты, мабыць, не ведаеш, як лесніку важна мядзведжы бярлог знайсці. Вось мінулай зімою мой тата знайшоў, мядзведзя ў аблаве забілі, і тата пана папрасіў мне ў навуцы дапамагчы. Пан даў дзесяць рублёў і вось гэтыя боты. Пан іх, канечне, трохі насіў, але калі падноскі ставіць і даглядаць як належыць, то на тры рокі хопіць.
– Па-мойму, пан ваш – той яшчэ жмінда. За мядзведжы бярлог мог бы і болей даць.
– Па-мойму таксама жмінда, але тата кажа, што доранаму каню ў зубы не глядзяць і калі даюць, то браць трэба. Дык што, – вярнуўся Косцік да размовы пра школу, – ты такі малы, а ўжо ў чацвёртым сядзіш? То вясною экзамент здасі ўжо?
– Спадзяюся, што здам.
– У Смалярні аж двое такіх, што экзамент здалі: Казік Здановіч і Ясь Ладан. Я з Казікам дружу. Ты ў Смалярні калі-небудзь быў?
– З нашых амаль усе былі, а я ніколі.
– Ой, бачыў бы ты, які наш засценак вясёлы! Дваццаць дзве польскія хаты побач стаяць. Могілкі польскія ёсць, ёсць такі чалавек, што дзяцей у вадзе хрысціць і нябожчыкаў хавае, музыканты свае, дзяўчат многа і хлопцаў усякіх. А яшчэ ведаеш што, – сцішыў ён голас. – У мяне ў Смалярні дзяўчына.
– У мяне таксама ўжо дзяўчына ёсць.
– Ды што ты! А прыгожая хоць?
– Як анёлак!
– А вялікая?
– Не, малая яшчэ, але ўжо смяецца, а ручкі як сцісне, дык не адразу і расчэпіш.
– Што?! Стой, дык ты пра дзіцёнка гаворыш?
– Дзіцёнак яшчэ, ага, мама на жніво нарадзіла.
– Дык яна табе сястра, значыць.
– І нават родная. Эх, ты б яе бачыў!
– Ды ідзі ты з такой дзяўчынай. Я пра тую кажу, з якой жаніцца можна, як вырасцеш.
– А-а, такая, каб жаніцца?! А я жаніцца не змагу, бо на ксяндза буду вучыцца.
– Калі б у мяне Каруські маёй не было, я б з табою на ксяндза пайшоў.
– Праўда на ксяндза? – уразіўся Стах. Падумаў крышку і спытаў:
– Дык тваю дзяўчыну Каруся зваць?
– Так, Каруся, а называюць яе ўсе Былінка.
Х. «Ура, Варшава наша!»
Косцік згуртаваў вакол сябе палякаў у класе, зрабіўся іх абаронцам і натхненнем. Сядзеў ён сярод малодшых, але хлопец быў дужы, моцны, бывалы, прыязны і кампанейскі. Кожны адчуваў да яго сімпатыю і давер, кожны яго любіў і дзяліўся радасцю і горам, прасіў парады, калі сварыўся з таварышамі, клікаў яго на дапамогу, а ў спрэчках пра нацыянальныя перавагі ставіў яго ў прыклад.
Сапраўднае сяброўства Косцік завязаў са Стахам, бо былі яны, лічы, суседзі і крыху знаёмыя перад гэтым. Спачатку хадзілі адзін да аднаго кожны вечар, а потым Косцік настала пераехаў да Садоўскага на кватэру. Да іх часта наведваліся Паўловічы, Мачуга, Закрэўскі, Тарка, Герасімовічы і іншыя вучні-палякі. Ніводнага вечара не было, каб да іх хтосьці не зазірнуў. Садоўскія былі не супраць. У прысвяткі ў іх збіраліся амаль усе: дапамагалі адно аднаму з цяжкімі ўрокамі, разам чыталі «Тараса Бульбу», абмяркоўвалі як умелі тыя даўнія часы казацкіх войнаў з Польшчай, хваліліся, расказвалі пра свае хутары і засценкі. Часцей за ўсіх Косцік хваліўся Смалярняй: яна ляжала за няпоўныя дзве вярсты ад іх леснічоўкі і за сем вёрст ад Вончы. Штонядзелі Косцік абавязкова хадзіў дадому, заўсёды зазіраў у Смалярню і кожны раз прыносіў адтуль свежыя навіны – часта нават сенсацыйныя.
– Ведаеце што, хлопцы, – сказаў ён аднойчы, вярнуўшыся з дому, – Казік гаворыць, што Расія зусім не такая святая і светлая, як у расійскіх кнігах напісана. Кажа, мала які цар сваёю смерцю ў ложку памёр. Што Кацярына Вялікая, святая мучаніца, такую распусту чыніла, што не вартая нават таго, каб яе на асвечаных могілках хаваць. Аляксандр Асвабадзіцель сялян распрыгоніў не ад добрага сэрца, а прымусова, бо ўсе астатнія дзяржавы сваіх людзей даўно перад ім вызвалілі. Слаўны Сувораў быў такі падступны гад, што яго і «па матушцы» не грэх аблаяць. Казік кажа, што і паловы праўды няма ў тым, што гэтыя расейцы пра сябе пішуць.
– Дык, можа, і гэты Тарас Бульба слаўным зусім не быў? – пыталі палякі.
– Тарас Бульба быў слаўны, але ў Польшчы рыцары былі такія, што розная там бульба ім не раўня.
Іншага разу Косцік прынёс са Смалярні заклік не хадзіць у царкву.
– Ведаеце, што я вам скажу, хлопцы? – казаў ён. – Казік гаворыць, што настаўнік не мае права нас гнаць да цэркві, і хадзіць нам туды нельга, бо грэх. А давайце, хлопцы, не пойдзем!
– А давайце не пойдзем, давайце! – падхапілі астатнія.
– А настаўнік да нас потым не дачэпіцца? Са школы не выкіне? – запытаў старэйшы Паўловіч.
– Калі частка падымецца, а частка падлашчыцца захоча, тады, канечне, бунтаўнікоў ён выкіне. Але калі не пойдзем усе, нічога ён нам не зробіць, – разважаў Косцік. – Казік кажа, што ў яго часы палякі аднойчы ўзбунтаваліся і ўсе як адзін да цэркві не пайшлі, а настаўнік нікога не выключыў. Ну дык што, ідзём ці не?
– Не ідзём, не ідзём! – пагадзіліся ўсе.
– Хто не згодны, гаварыце смела цяпер, каб потым, калі да справы дойдзе, не аказалася, што адзін так, а другі гэтак.
Калі ў гадавіну дому Раманавых[8] настаўнік загадаў вучням выйсці з класа і пашыхтавацца, каб ісці ў царкву, Косцік выступіў ад імя палякаў:
– Гаспадзін учыцель, наша польская вера не дазваляе нам да цэркві хадзіць. Просім нас вызваліць.
– Ваша польская вера не дазваляе вам да цэркві хадзіць? – здзіўлена паўтарыў Грывень. – О, калі так, то змушаць не буду. Добра, калі хто з католікаў не хоча ў царкву ісці, можа пайсці дадому, а папаўдні вярнуцца на бяседу. А хто хоча, можа ісці з намі.
Здавалася, ён гаворыць лагодна, але на твары можна было заўважыць цень незадаволенасці, а ў голасе пачуць пагрозлівыя ноты.
Ніхто з палякаў не стаў у шэраг. Яны разышліся і ў абед усе сабраліся ў Садоўскіх. Большасць непакоілася.