Пазнаць у адным зь мядзьведзяў Вэнэру магчыма было па адсутнасьці рук і вялікіх саламяных грудзях, што крыху нязграбна тапырыліся вожыкамі ў тры бакі сьвету. Апалён жа стаяў з узьнятай рукой і чамусьці гэткім жа значным калматым узбуджаным чэлесам, што пяўся кудысьці ў напрамку Вэнэры, быццам руля расійскага танка ў бок Прусіі.
Як толькі пачалі зьяўляцца госьці, Андрэйка з розным градусам натхненьня ўзяўся тлумачыць ім, што ён, уласна, жадаў сказаць гэтым творам. Калі падыходзіла сталая пара або які-небудзь крытык, яго аповед быў скупы й халодны. Ён нешта казаў пра новыя магчымасьці, якія дае мастаку такі матэрыял, як салома, пра сувязі з традыцыяй, пра новае прачытаньне клясыкі, удавана цяжка ўздыхаў і нешта няўцямна падтакваў, калі гутарка заходзіла аб нягодах яго няшчаснай краіны.
Але калі падыходзіла маладзенькая зграбная фройляйн, ён тут жа ўскокваў на каня, выцягваў шкляначку, прапаноўваў паненцы віскі, сам рабіў ладны глыток з бутэлькі, а далей яго несла ў неўтаймаваныя стэпы натхненьня. Ён распавядаў пра геніяльнасьць саломы як матэрыялу і яе двухсэнсоўнасьць. Пра тое, што пры сьвятле яна зьзяе чыстым золатам, але, калі прыгледзецца, кожны прадмет, выраблены з саломы, уяўляе зь сябе ўзор спарахненьня матэрыі, пацяруху, якой, па сутнасьці, ёсьць усё зямное. Асабліва гэта тычыцца саламяных чалавекаў, якія нагадваюць яму паўспарахнелых ваўкалакаў зь фільмаў жахаў.
Далей ён пераходзіў да асаблівасьцяў саламянага сэксу. Распавядаў пра ягоную абсалютную экалягічнасьць і пэрспэктыўнасьць. Пра тое, як менавіта павінны займацца гэтым саламяны Апалён і саламяная Вэнэра, пра тое, куды лепей устаўляць чэлес і што рабіць, каб партнэры не разваліліся падчас акту.
Паненкі не без задавальненьня й цікаўнасьці выслухоўвалі гэтую ахінею, пасьмейваючыся, выпівалі віскі і адвальвалі. На жаль, яны зьяўляліся, як правіла, не адныя, а ў суправаджэньні кавалераў альбо невялікімі кампаніямі. Таму ў Андрэйкі ніяк не выходзіла затрымаць якую-небудзь фройляйн каля саламяных мядзьведзяў надоўга.
Тым часам паступова сьцямнела. Наведнікаў стала менш. Андрэйка раптам згадаў пра Франку і з жахам зазначыў, што віскі ў пляшцы амаль скончылася. Перш за ўсё, падумаў ён, неабходна знайсьці Генрыха, бо ў яго мусіць заставацца яшчэ бутэлька, а потым выправіцца на пошукі Франкі.
Ён прысьпеў Генрыха ў адным з зацішных куткоў парку ў невялікім, але вясёлым таварыстве. Ён быў ужо добра п’яны, і віскі ў яго бутэльцы заставалася ня болей за шклянку. Упэўненым жэстам прыватызаваўшы апошняе, Андрэйка зрабіў вялікі глыток і ўсе наступныя падзеі гэтага вечару й ночы памятаў ужо фрагмэнтарна.
Яны яшчэ пілі нешта зь іншых бутэлек, ператусоўваліся з кампаніі ў кампанію. Ён паранейшаму спрабаваў спакусіць нейкіх паненак, але быў ужо ў такім градусе, што палёт яму не даваўся, і выглядала гэта неяк непрыстойна й пошла. Пару разоў яны сустракаліся з Франкай, але тая была ў кампаніі незнаёмага і агіднага плэйбоя. Потым яны ганялі з Генрыхам на бэнзакалёнку купіць яшчэ бухла. Затым ён сьпяваў нейкім фройляйнам «Очи черные, очи страстные…» і «Тумбалайку», размаўляў з кімсьці ў хмызах пра ролю будучай беларускай рэвалюцыі, выконваў басам «Смело мы в бой пойдём…» і запрашаў усіх у Магілёў. У іншых хмызах ён распавядаў пра Маскву як новую Мэку і сталіцу сусьветнага мастацтва, сьпяваў ужо зусім разьдзяўбаным басам «Боже, царя храни», нахабна заляцаўся да Франкі ў прысутнасьці незнаёмага плэйбоя і каля чатырох гадзін ночы незразумела якім чынам прыцеляпаўся да сябе ў пакой, адразу адключыўшыся на неразабраным ложку.
Раніцай ён прачнуўся ад дзікага жаданьня піць. Зразумеўшы, што спаў у адзеньні, сяктак узьняўся, адпіў палову зь вялікай бутэлькі мінэральнай вады, распрануўся й плюхнуўся зноў у ложак. Так бы ён і спаў да самага вечара, і, магчыма, нічога гэтага ў яго жыцьці ня здарылася б, калі б не трыклятыя цешчыны боты.
Андрэ ўспомніў пра іх гадзіны празь дзьве, калі прачнуўся выпіць наступныя паўбутэлькі вады. Розум прарэзала балючая думка, што сёньня субота і гэта апошні дзень у Боне. Што заўтра раніцай трэба выпраўляцца дадому, у Магілёў. Але да гэтага ён павінен зрабіць шопінг – купіць боты для цешчы, якая адмыслова дала на гэта грошы. А яшчэ набыць пару рэчаў дачкам і падарунак жонцы. Вядома, можна зрабіць шопінг у Бэрліне, але ён будзе там усяго пару дзён. Тут жа за месяц Андрэ прыгледзеў усё неабходнае, трэба толькі падняць хворую галаву й прайсьціся па даўно пазначаных, вядомых месцах.
Ён зноў забраўся ў ложак і нейкі час тупа глядзеў на белую столь і вялікі белы шар жырандолі, што зьвісала зь яе. Думка пра непазьбежнасьць шопінгу не давала расслабіцца й заснуць. «Вось паскудзтва! Чакаеш адкрыцьця выставы, быццам за ёй дзьверы ў новае жыцьцё. А там усё: шчасьце, вядомасьць, грошы, прыгожыя машыны, віла ў Ніццы. А адкрыеш – і тое самае лайно: бадун, смага, Хведар Міхайлавіч, скаціна… нажэрся… Кока-колы б зараз… А шчэ гэтыя ідыёцкія боты!».
«Добра, – нарэшце вырашыў ён. – Чорт з вамі, зраблю шопінг тут! А ў абед, пасьля шпацыру, вып’ю ў горадзе пару куфляў піва». Думка пра піва падалася надзвычай прыемнай. Рэч у тым, што, у адрозьненьне ад шматлікіх прыяцеляў, ён стараўся не пахмяляцца. Ужо шмат гадоў Андрэ вызнаваў мэтад Хведара Міхайлавіча. Ён сам вынайшаў гэты спосаб змаганьня з запоямі, назваўшы яго ў гонар улюбёнага пісьменьніка свайго юнацтва – Хведара Міхайлавіча Дастаеўскага.
Сутнасьць мэтаду палягала ў тым, што калі напярэдадні ты нажэрся, як сьвіньня, то мусіш адбыць пакараньне: ня піць наступнага дня да заходу сонца нічагуткі, акрамя вады. Ты павінен здабыць збавеньне пакутамі ўласнага цела, прайсьці праз выпрабаваньне, павісець, прыбіты вялікімі ржавымі цьвікамі да свайго пахмельля.
Андрэ доўга йшоў да гэтага мэтаду. У маладосьці, па дурасьці ды недасьведчанасьці, ён, як і большасьць аднагодкаў, практыкаваў ранішняе лекаваньне. Але, выпіўшы раніцай, ён працягваў рабіць гэта днём, потым увечары, а да ночы быў ужо ўшчэнт п'яны. Наступнай раніцай выпіваў ізноў – і паўтаралася тое ж самае. Гэтак магло працягвацца некалькі дзён запар, тыдзень і нават больш. Аднойчы ён зразумеў, што праблема хаваецца ў першай чарцы, дакладней, часе сутак, калі яе падымаеш. Калі ты прымаеш чарку ўвечары, так бы мовіць, пасьля заходу сонца, то шанец заблукаць у запоі становіцца мінімальным.
Зьдзівіўшыся прастаце й геніяльнасьці свайго адкрыцьця, Андрэ падвёў пад яго тэарэтычную базу, абгрунтаваў спасылкамі на клясыкаў ды Сьвятое Пісаньне і стаў прапаведаваць гэтае вучэньне ўсім і паўсюль.
Зь цягам часу Андрэ і сам так паверыў у Хведара Міхайлавіча, у ягонае «праз пакуты да дасканаласьці», што нават пачаў знаходзіць у гэтым нейкае мазахісцкае задавальненьне. Бывала, крэпка выпіўшы напярэдадні, ён у пакутах, абліваючыся халодным потам, ішоў да дасканаласьці – чакаў заходу сонца. Але ў той самы час у гэтых пакутах прысутнічала нейкае салодкае прадчуваньне, якое расло, павялічвалася, брыняла з кожнай хвілінай. Андрэ ўяўляў, як, калі праб'е шэсьць, ён падыме гэты смачны куфаль халоднага піва, і яно пральецца ў ягонае спустошанае й спакутаванае нутро самой дасканаласьцю – чароўным, сонечным, жыватворным напоем.
Зазвычай час заходу сонца Андрэ прызначаў на шостую вечара. Але сёньня, у сувязі з асаблівай цяжкасьцю пахмельля і праз гэтыя чортавыя цешчыны боты, ён вырашыў прызначыць яго раней – а другой ці трэцяй гадзіне дня.
З намаганьнем устаўшы, узяўшы халодны душ і з агідай зьеўшы нейкі ёгурт, ён выйшаў на вуліцу. Верасень завяршаўся тым прыемным надвор'ем, калі дні сонечныя, але не сьпякотныя, зеляніна дрэваў яшчэ не пасьпела зьвяць, а неба цешыць вока сваім амаль па-летняму глыбокім блакітам. Час набліжаўся да поўдня, але вуліцы Бона былі па-суботняму бязьлюдныя.