Аднак Франка зьяжджала рана, калі ўсе вакол яшчэ мітусіліся са сваімі скрыначкамі, дошчачкамі й цьвічкамі. Яна начавала ў горадзе, дзе спынілася ў кароткавалосай сяброўкі андрагіннага выгляду. Шанец спакусіць яе мог зьявіцца толькі на адкрыцьці выставы, калі госьці й мастакі ўжо дакладна нікуды ня будуць сьпяшацца, а, падагрэтыя дарамі фуршэту, пачнуць складаць часовыя, але цёплыя кааліцыі з пэрспэктывамі, што сыходзяць далёка ўглыб ночы…
– Нох айн бір?
Андрэ ачомаўся ад сваіх думак. На дубовым стале перад ім стаяў пусты піўны куфаль на тле белага фартуху, аздобленага па краёх тонкай чырвонай тасьмай. Па цэнтры красавалася кветка невядомага яму віду, падобная ці то да астры, ці то да гвазьдзіка з трохкутнымі пялёсткамі. Падняўшы вочы вышэй, Андрэ натыкнуўся на позірк кельнэркі. Яна ўжо бяз сполаху, але зь цікаўнасьцю і ўхмылкай у вачох глядзела на госьця.
Але піва больш не хацелася. Крыху падумаўшы, ён замовіў падвойны «Егермайстар». Гэта была яго слабасьць, яго любоў – салодкія, моцныя, цягучыя напоі, настоеныя на кветках, падобных да тых, што вышытыя на фартухах нямецкіх фройляйн-кельнэрак.
…Андрэ адвесіў тузін камплімэнтаў «клязэту», які збудаваў Генрых, і, сербануўшы па вялікім глытку віскі проста з рыльца, таварышы выправіліся на адкрыцьцё выставы. Народу да таго часу зьехалася нямала. Акрамя Андрэ й вялікай колькасьці немцаў у пленэры ўдзельнічалі яшчэ пара французаў, італьянец, швайцарац і чамусьці адзін фін.
Зрэшты, слова «чамусьці» хутчэй тычылася Андрэ. Усе астатнія былі мастакі з Эўропы і тусавалі з пленэру на пленэр, з выставы на выставу, быццам гэта было нешта штодзённае, накшталт выправы ў булачную па сьвежы багет. Ён жа прадстаўляў маленькую, забытую Богам краіну, што прытулілася дзесьці пад плотам Эўропы. Усім, хто знаходзіўся з гэтага боку плоту, яна ўяўлялася нейкім страшным Мордарам з казак Толкіна, дзе ўладу захапілі оркі, якія зьдзекаваліся зь бедных хобітаў ды ўсяляк уціскалі іх грамадзянскія правы.
Каб дапамагчы няшчасным хобітам, іх час ад часу запрашалі ў Эўропу на які-небудзь сэмінар – растлумачыць, як перамагчы оркаў на выбарах і ператварыць Мордар у дэмакратыю хобітаў, альбо на літаратурны фэстываль – паслухаць, як гучыць іхняя дзіўная архаічная мова, альбо, як цяпер, – на скульптурны пленэр, каб пераканацца, што яны ўвогуле яшчэ існуюць і нават здольныя вырабляць творы мастацтва.
Што праўда, многія хобіты, не чакаючы нейкага адмысловага запрашэньня, самі рознымі шляхамі прабіраліся цераз шчыліны плоту й распаўзаліся па ўсёй неабсяжнай матухне-Эўропе, ствараючы маленькія, у прынцыпе бясшкодныя й нікому не заўважныя калёніі ў Бэрліне, Брусэлі, Амстэрдаме, Варшаве. У такую мікраскапічную бэрлінскую калёнію хобітаў Андрэ, уласна, і зьбіраўся наведацца на пару дзён адразу пасьля пленэру. Але спачатку ён мусіў закончыць адну важную справу – спакусіць Франку, якая, як яму здавалася, і сама была б ня супраць.
Ён адразу знайшоў яе вачыма, калі ўжо цалкам «вясёлыя» яны ўваліліся ў павільён, дзе стаялі накрытыя фуршэтныя сталы. Госьці, а ў асноўным гэта былі мясцовыя аматары мастацтва з Бону ды Кёльну, паходжвалі па залі з келіхамі чырвонага віна.
– Ну что, окропим глотку красненьким?
Але Генрыха можна было й не пытаць. Ён і без таго ўжо меў у руках поўны келіх, які пасьпеў стрэльнуць з тацы, што праплывала побач.
– Фу, кісьляціна! – вымавіў ён, зрабіўшы першы глыток. – Чылійскае было лепшае!
– Ведаеш, а ў нас віно робяць з бульбы.
– Ды ну, ня можа быць!
– Праўда. Яно зялёнага колеру й завецца «Крыжачок» – танец ёсьць такі народны. Я пару разоў каштаваў – дагэтуль не магу забыць. Галоўная праблема, калі яго п’еш, – чым глотку заткнуць, каб назад ня выйшла. Напрыклад, проста цукерка альбо кавалак хлеба не дапамогуць. Лепш за ўсё агурок салёны ці цыбуліна, тады ёсьць шанец, што яно ў табе застанецца.
– Так…так… «Ка-за-цок», – зачаравана паўтарыў Генрых.
– Не «Казацок», а «Крыжачок». – А ведаеш, што «крыжачок» перакладаецца як «вальтануты або п’яны тэўтонец»?
– Пры чым тут тэўтонец?
– Таму, што па-беларуску «тэўтонскі рыцар» – гэта крыжак, а «чок», сам разумееш, ад слова «чокацца». Вось і атрымліваецца: «крыжа-чок»!
Тым часам імпрэза перайшла да афіцыйнай часткі. Гутаркі наўкол сьцішыліся, і на сцэну пачалі выходзіць усялякія важныя, адмыслова запрошаныя госьці. Яны распавядалі аб тым, які выдатны выйшаў праект, як ён дапамагае наладжваць кантакты паміж народамі, ды ўсякія іншыя разумныя рэчы.
Андрэ пакінуў Генрыха слухаць гэтую лухту пра дружбу народаў, а сам паволі рушыў у бок Франкі. Праціснуўшыся, ён стаў у яе за сьпінай і для пачатку хвілінаў пяць лашчыў поглядам яе станістае цела. У думках ён песьціў яго: запусьціў рукі пад сукенку, абмацаў сьцёгны, потым крануў кончыкам языка яе шыю, рушыў ніжэй, да сьпіны, наблізіўся да таліі, потым ніжэй, яшчэ ніжэй, і яшчэ, дайшоў да кветкі, але, не затрымліваючыся, перабраўся на іншы бок і пачаў уздымацца па жываце да вытанчаных грудак, а калі ўжо наблізіўся да вуснаў, яна раптам абярнулася i ціха шапнула на вушка:
– Прывітаньне!
– Хочаш віскі?
– Крыху пазьней, – шапнула яна ў адказ.
– Ты сёньня ня зьедзеш?
– Не.
– Калі ўсё скончыцца, хадзем да мяне!
– Пабачым, – напаўнамякнула, напаўпаабяцала яна.
Шчасьлівы, падбадзёраны, задаволены дыялёгам, Андрэ пакінуў Франку далей слухаць прамову пра высокае майстэрства мастакоў, якія тут сабраліся, а сам паляцеў да Генрыха, каб на радасьцях зрабіць зь ім па яшчэ адным салідным глытку віскі.
Усё пачыналася нядрэнна і, мабыць, мусіла таксама нядрэнна скончыцца, калі б пасьля другога глытку віскі на сцэну не ўскараскаўся Андрэйка. Ён зьявіўся адразу, як толькі Андрэ зь Генрыхам адасобіліся ў хмызах і, глынуўшы з гарла, запалілі па цыгарэце. Нахабная пыса Андрэйкі проста прамалявалася праз высакародны твар Андрэ. Алейныя, юрлівыя вочкі выскачылі на месцы разумных, глыбокіх вачніцаў, а ўжо пра баўбаталку ў роце, якая з гэтага моманту, не сьціхаючы, пачала несьці ўсялякую хрэнацень на ўсіх вядомых ёй мовах, і зусім няма чаго казаць.
– Ведаеш, Генрых, а прусы гэта ж ня вы, а мы!
– Якога чорта?
– Бо прусы – балцкае племя, што жыло на нашых землях! А вось якога чорта нашае імя да вас перакачавала?
– Увогуле, я саксонец, – зь легкай крыўдай у голасе прамовіў Генрых.
– А! Якая, на хрэн, розніца! Шкада, што ты не нарадзіўся ў Гурзуфе!
– Чаму менавіта ў Гурзуфе?
– Ды халера яго ведае! Так, прыгадалася! Я быў тамака ў дзяцінстве, з маці. Мы паехалі ў горы на возера Рыца, паелі шашлыкоў, а потым усю ноч ванітавалі. Хаця пачакай! Не! Гэта было ў Піцундзе, – з гэтымі словамі ён паднёс бутэльку да рота і зрабіў трэці глыток.
Далей падзеі разгортваліся па звычайным для Андрэйкі сцэнары. Калі б нават ён піў, але засяродзіў увагу на Францы, то, верагодна, усё пайшло б паводле пляну. Але, пабачыўшы столькі незнаёмых маладзенькіх фройляйн, якія пасьля сканчэньня ўрачыстай часткі высыпалі з павільёну, яго агаладалыя вочкі наліліся алеем валяр’яны, і ён кінуўся знаёміцца, паіць і спакушаць кожную, за каго чапляліся кіпцюры ягоных лапак.
Тым часам мастакі ды госьці пачалі разбрыдацца па парку. Большасьць інсталяцыяў ня месьцілася ў павільёне, а была раскіданая па вялікай тэрыторыі старой і крыху запушчанай садова-паркавай гаспадаркі. Андрэйка таксама скіраваўся да месца, дзе прытулілася ягоная скульптура, і падрыхтаваўся да сустрэчы гасьцей, асабліва маладых фройляйн, кожная зь якіх рана ці позна мусіла натыкнуцца на гэты твор. Пагатоў ён быў аб’ектам надзвычай прыкметным.
Андрэ збудаваў дзьве вялікія скульптуры з саломы. Адна ўяўляла зь сябе аголеную Вэнэру, другая была копіяй антычнага Апалёна. Статуі стаялі на пастамэнтах адна супраць другой у бакавой алеі парку і выглядалі, як два вялікія, вышэйшыя за чалавечы рост, калматыя мядзьведзі.