– Ну, і на чым грунтуюцца вашы высновы? – дазволіў сабе паблажліва ўсміхнуцца Лобач. – Вядома, апроч вашых разважанняў.
– А разважанняў мала? Хіба яны не тлумачаць усё?
– Нічога яны не тлумачыць… Паслухайце, – Лобач загаварыў сур’ёзна, намагаючыся акцэнтаваць увагу на кожным слове. – Гістарычная навука – у першую чаргу збіранне. Па радкох. Па словах. Па крупінках. Для таго, каб зрабіць хоць нейкую выснову пра мінулае, трэба сотні, тысячы фактаў, якія пацвярджаюць адзін аднаго, іх навуковая абгрунтаванасць. Вы кажаце, што Купалле – ініцыяцыя. Выдатна, згодны, цікавы кірунак думкі. Успамінаю, у адной купальскай песні ёсць радкі пра тое, што сёння дзяўчына, заўтра жанчына. Але ж адна песня. Адзін радок. Болей ніякіх пацвярджэнняў!
– Трэба шукаць… – спакойна запярэчыў Уладзімір. – Мэтна.
– Мэтна шукаць факты пад прыдуманую тэорыю? Выбачайце, мой дарагі – такім спосабам можна знайсці і давесці што захочаш. Хоць наяўнасць у нашай аўдыторыі іншапланецян. Гісторыя сведчыць, што калі навука ідзе такім шляхам, яна становіцца служкай ідэалогіі. І стварае базу пад якую хочаш тэорыю. Прыкладам, пад тэорыю звышчалавека, прасцей кажучы – пад нацызм.
– Дык… Дык я ж не пад тэорыю хачу шукаць… – зніякавеў Уладзімір і стаў зноў тым самым няўпэўненым вяскоўцам. – Я проста думаю, што калі вось заняцца адной справай, толькі адной, дык можна знайсці адказы… на пытанні.
– Не, так не бывае. І ўніверсітэт, расчарую ўжо Вас дарэшты, не дае адказаў на падобныя пытанні з вуліцы. Універсітэт дае вядомую базу, універсітэт вучыць, як здабываць веды. Вы гэтага зразумець не хочаце – тады, калі ласка, карыстайцеся сваёй асабістай методыкай, – ужо рэзка адказаў Лобач, бо ён адчуў сябе прыніжаным Жабруном. Вось так нахабна заявіць, што навука – няслушная, што ўсё сабранае не мае сэнсу, бо, бачыце, разыходзіцца з ягонай тэорыяй… Трэба ж мець такое нахабства. Цвердалобы…
– Выбачайце, – нечакана вінавата, але цвёрда паставіў кропку і Уладзімір – ён зразумеў Лобачава жаданне скончыць размову. – Я… не хацеў вас – пакрыўдзіць. Мне здаецца, што вось калі біцца-біцца над адным нечым…
– Я думаю, мы з Вамі сустрэнемся яшчэ раз. Дзень пераздачы будзе на дошцы абвестак. Вы ж прыйдзеце на пераздачу? – хутка рассудзіў Лобач.
– Прыйду, – вырвалася ў Уладзіміра перш, чым ён паспеў усвядоміць пытанне.
– От і добра. Прыходзьце ў панядзелак. Я дам вам, ну скажам так, заданне. Менавіта для вашай, гм-м, методыкі. А пакуль што параю ўспомніць дакладна, з максімумам усіх падрабязнасцяў, святкаванне некалі ў вас таго ж Купалля і запісаць. Разам паглядзім.
– Ды звычайна ў нас было, – пацепнуў плячыма Уладзімір. – Апоны аўтамабільныя кралі… Я ў бабулі тут пакой здымаю, лепей у яе папытаю. Яна старэнькая, ёй каля васьмідзесяці, – аж захваляваўся Уладзімір – нечаканая перспектыва атрымаць сапраўднае заданне ўзрушыла яго.
– Выдатна, папытайцеся ў яе пра Купалле. Як адзначалі ў часы яе маладосці, якія песні спявалі. І запішыце. Але, калі ласка, пазначце абавязкова: у якім месцы святкавалася, у якія гады і цалкам імя-прозвішча бабулькі. Толькі тады запісанае будзе рэальным фактам, які можна далей неяк скарыстаць. Зразумелі?
– Зразумеў, дзякуй вам.
– Няма за што дзякаваць. У панядзелак знойдзеце мяне. Яшчэ. Ёсць мажлівасць для работы з электроннай копіяй тэксту?
– Так, так… Я ноўтбук сабе набыў… Камп’ютар згарэў тады…
– Вось і добра. Вазьміце з сабой.
Лобач павагаўся адно імгненне і падумаў запытацца пра тое, што яго зацікавіла ў той самы першы момант, калі Жабрун сеў за стол, і між крыссяў кашулі на ягоных грудзях цьмяна засвяцілася срэбрам шасціпялёсткавая кветка.
– Прашу прабачэння, адно асабістае пытанне, калі дазволіце? – спытаў ён.
– Так, пытайцеся, – паспешна дазволіў Уладзімір.
– У вас на грудзях, як гэта цяпер называюць, талісман. Я нешта не сустракаў такія ў крамах, хоць яны мне вядомыя… – і замаўчаў, запрашаючы Жабруна да пытання.
– А адкуль вядомыя? – не прамарудзіў Уладзімір. Лобач усміхнуўся – ён не памыліўся, што спытае Жабрун.
– На тое і вучоныя, каб ім было вядома… Вы, думаю, самыя б маглі пацікавіцца: што за знак, чаму такі?
– Дык… не знайшоў пакуль што нічога, – пачаў апраўдвацца Уладзімір. – Нешта ёсць пра Перуна… – ён зірнуў на Лобача, пабачыў там сапраўдную цікавасць у вачох і надумаўся сказаць больш: – Калі нашу згарэлую хату разбіраў, дык пад апошнім вянцом ляжала, загорнутае ў тканіну. Я падумаў – гэта нібыта ахвяра.
– Во як? – шчыра здзівіўся Лобач. – А хата даўно будавалася? Не, не думаю, што гэтым ахвяравалі… Такі знак апісаны… называюць яго грамавым знакам, агнявіком. Выяву можна было раней сустрэць у аздабленні дамоў. На вільчыку, ліштвах…
– Ну, дык, калі грамавы знак, значыць, Пярун? – асцярожна прапанаваў Уладзімір. – А хаце больш за паўсотні гадоў…
– Вельмі ж цікавы тады ў вас знак… Не, не Пярун гэта. Грамавы знак, на думку некаторых даследнікаў, – маланка.
– Маланка? Такая? Тады Пярун…
– Так, маланка. – пасміхнуўся Лобач з Жабруновай упартасці. – У біблійных тэкстах, дарэчы, сустракаецца апісанне анёлаў ці Бога, якія паказваюцца людзям, а замест твараў – маланкі. Ведаеце ж, што маланак дзве бывае, ёсць і шаравая. Шаравая маланка і дагэтуль, дарэчы, самая невывучаная з’ява… Такі знак, мяркуюць, – знак шаравай маланкі. Шасціканцовая зорка сімвалізавала нябесны Род…
– Род? Найвышні бог? – узрадаваўся невядома чаму Уладзімір.
– Род – не бог, – мякка запярэчыў Уладзімір. – Хоць некаторыя і называюць яго так. У паганцаў не было найвышняга бога, які б ствараў сусвет, зямлю… Род – гэта само жыццё. Бытнасць Роду ажыўляе мёртвую прыроду. Якая існавала і будзе існаваць вечна. Такая вось кветка, як у вас – гэта і абярэг, і адначасна – як знак прыналежнасці да служкаў Роду. Цікавы знак…
Жабрун адчуў прытоены ўздых у апошніх Лобачавых словах і борзда расшпіліў просценькі замок на ланцужку, зняў яго разам з кветкай, паклаў перад выкладнікам.
– Дык паглядзіце бліжэй… А чаму – шэсць пялёсткаў?
– Чаму шэсць? – перапытаў Лобач, пасунуў да сябе аркуш, на які паклаў Уладзімір ланцужок і кветку на ім. – Якая дакладная работа… І яму акурат больш за пяцьдзясят гадоў, кажаце… А можна мне яго сфатаграфаваць, замерыць? – папрасіў ён.
– Ды калі ласка… Вазьміце, потым вернеце…
– Дзякуй, вельмі незвычайная кветка… Я зраблю замеры, пакажу аднаму свайму калегу, ён вельмі цікавіцца “грамавым знакам”… А чаму шэсць пялёсткаў? Ніхто дакладна не ведае. Некаторыя лічаць, што тут замешана простая сняжынка – чалавек у тыя часы мог заўважыць, што ў ёй заўсёды шэсць прамянёў. Потым, іншая версія, “родзій” у старажытных грэкаў якраз значыў маланку і адначасна такі плод як гранат. А гранат і чырвоны, агністы, і ўнутры, на разрэзе мае менавіта шэсць перагародак. А ад родзій блізка і род…
– А ў сеціве… ёсць пра Род? – запытаўся Уладзімір.
– Там усяго стае, але сур’ёзныя работы цікавыя толькі вузкаму колу, яны рэдка трапляюць у сеціва, бо занадта вялікія і нудныя неабазнанаму чытачу. Але пашукайце. Калі надта цікава – магу даць назвы некаторых кніг, іх знойдзеце ў бібліятэцы.
– Ага, дзякуй, я пашукаю.
– То даяце мне пад “чэснае слова” на час свой абярэг? – перапытаў яшчэ раз Лобач.
– Ды няўжо ж, калі вам цікава і трэба…
– Ну, тады дзякуй і чакаю Вас.
– Ага, да пабачэння, – развітаўся Уладзімір Жабрун, борзда падняўся з месца, выйшаў з аўдыторыі.
Нейкі час Лобач сядзеў нерухома, асцярожна аналізуючы свае думкі і пачуцці. Усё ж добра, што пасля той жанчыны быў яшчэ гэты студэнт, і добра, што ён распачаў з ім гутарку. Нешта ёсць у гэтым хлопцы… Сапраўднае нешта. І гэта заспакойвала. От каб такіх хоць дзесяць чалавек на ўсю патоку!..
5
Дом, у якім Уладзімір Жабрун здымаў невялічкі, два на тры метры, пакойчык, стаяў на ціхай, амаль што вясковай вуліцы. Дзіўна, яна нейкім спосабам захавалася тут, так блізка ад вялікага праспекта. Адзін з найстарэйшых раёнаў горада меў шмат зеляніны, нават сам праспект паспеў убрацца ў два шэрагі высокіх і густых ліп і каштанаў абапал.