– Гэта не паможа, – ціха і пераканаўча адказаў ён. – Праклятая наша вёска.
– І хто ж яе пракляў? – здзівіўся Лобач, не мог утрымацца, каб не спытаць далей: – І вы што ж, надумалі шукаць супраціву заклёну ў універсітэце?
– Можа, і так, – шчыра паціснуў плячыма Уладзімір Жабрун. – Я думаў… Мы неяк не так жыць сталі. Ну, не так, як раней. Вось таму…
– Як – не так? – не стаў хаваць сваёй цікавасці Лобач.
– Раней… Раней, помню, маленькім быў, дык на хаўтурах людзі плакалі, галасілі. Я аж спалохаўся быў першы раз. І потым жудасна было чуць галашэнне. А на вяселлях раней спявалі, скакалі ўсе… Сёння не галосяць на пахаваннях, за труной ідуць, пра розныя справы гавораць: ці добра бульба ўзышла, якая новая атрута ад жука ёсць, ці пастаіць пагода, каб сена высушыць. А на вяселлях, на якіх быў, толькі моладзь танцуе… пад калонкі. А рэшта сядзіць, глядзіць, не спявае…
Уладзімір палічыў, што размова скончаная, памкнуўся ўстаць, каб ісці.
Лобач прытрымаў яго:
– Выбачайце, але я пакуль што ніяк не знаходжу сувязі з гістарычным факультэтам вось гэтых з’яў. Тое, пра што вы кажаце, ляжыць зусім у іншай плоскасці: у эканамічнай, сацыяльнай…
– Я думаў, тут даведаюся…
– Пра што? Пра заклён? – не мог не ўсміхнуцца Лобач.
– Ну, і пра яго…
Уладзімір нейкі момант быццам раздумваў: казаць ці не казаць, потым выдыхнуў, як перад скокам у ваду і загаварыў перш спакойна, а потым горача і ўсхвалявана:
– У нас вёска маленькая, дваццаць двароў. А сядзіба калгасная праз лес. Я малым быў, дзяцей было ў нас – у кожным доме. Узімку на Каляды па хатах хадзілі, калядавалі. На Вялікдзень пасярэдзіне вёскі гуртаваліся, яечкі фарбаваныя качалі, спаборніцтвы цэлыя былі. І ўсе-ўсе людзі выходзілі, святочна адзетыя. Бацька, як яшчэ жывы быў, нам з братам абавязкова на Вялікдзень абновы купляў: ці чаравікі, ці пінжачкі. А Купалле якое ладзілі! А цяпер… няма нічога. Я думаў… што гэтыя святы мы потым няслушна сталі рабіць… Не так сталі ўсё рабіць. Камень чортаў сцягнулі, дубовы гай высеклі…
– Нечаканая выснова, – шчыра здзівіўся Лобач. – Хоць і не вы першы ўскладаеце віну за існы стан рэчаў на няслушнасць выканання пэўных абрадаў, але тое, выбачайце, практыкуецца… практыкавалася ў каменны і трошкі пазнейшы век.
– Дык жа людзі не змяніліся, што ў каменны век, што ў наш, – асцярожна запярэчыў Уладзімір.
– Думаю, вы памыляецеся, – мякка сказаў Лобач. – Людзі змяніліся і змянілі свае абрады… А што там за заклён? І як можа навука дапамагчы?
Уладзімір першы раз зірнуў выкладніку ў вочы, і Лобач прыемна здзівіўся – у хлопца быў сапраўдны сум у вачох. Хоць і дагэтуль ён верыў у шчырасць ягоных слоў.
– Самыя вінаватыя… Мне бабуля казала… Тады амаль уся наша вёска была з Жабруноў. А за лесам стаяў маёнтак, дзе цяпер сядзіба калгасная. Ну, у вёсцы, у асноўным, усе тыя былі, хто ў маёнтку працаваў. Калі пачалася рэвалюцыя, мужыкі адзін аднаго падбухторылі дый пайшлі маёнтак рабаваць. За імі і бабы. Уначы. А варта ж таксама свая была, з вёскі. Скляпы парасчынялі, бочку з віном выкацілі, пілі. Цягнулі, хто што мог… Коней са стайні пахапалі, кароў з хлявоў, авечак на спінах цягнулі. Пан, казала бабуля, назіраў з акна, моўчкі. Потым падпілі добра, сталі ў дзверы панскага дома біць. Дзвярэй пан не адчыняў. Тады падпалілі дом. Там пан і згарэў, разам са сваёй хворай маці і малодшай дачкой, бо старэйшая дачка з жонкай акурат тады паехала некуды на воды. Бабуля казала, што ўсе бачылі, як дом палае, а пан… Ён пан добры быў, не здзекаваўся з людзей, як хто жаніўся з рабочых маёнтка, то на вяселле добра даваў і грошай, і рознага там на разжытак, і лесу на хату… Дык вось, пан да апошняга моманту ў акне стаяў і на людзей глядзеў… Ну, з таго і пачалося. У нашай вёсцы хіба што жанчыны сваёй смерцю паміралі, а мужчыны гінулі… Пажараў шмат было, раз палова вёскі гарэла: бура была вялікая, адкуль той агонь прынесла. У пажарах і дзеці гінулі. А мужыкі… То лясіна ў лесе прыдушыць, то конь капытом у скроню пападзе, то між сабой паб’юцца ды за нажы хопяцца. А цяпер во паспіваліся яшчэ: хто ў вар’ятні ляжыць, хто сядзіць у турме, хто наагул сінім полымем згарэў. Жабруны… ну, яны амаль усе радня былі. Дык вось, я апошні і застаўся. Брат быў… Паўмесяца таму згарэў… разам з нашай хатай.
– Так… Нечакана вельмі, – Лобач і праўда быў трохі разгублены. – Першы раз сустракаю такое… такую прычыну для паступлення. Значыцца, вы хочаце атрымаць веды, праўда? Хочаце нешта знайсці, тое, што змяніла б кон вашай вёскі. Дык, выбачайце, чаму вы не вучыцеся?
– А чаму тут вучаць? – уздыхнуў непрытворна Уладзімір. – Паўгода мінула…
– Так… А што вы хочаце ведаць? Навучыцца, як здымаць заклёны?
– Не… Я думаў, што тут… Што тут знайду адказы на свае пытанні. Я ж кажу, мы няправільна жыць сталі, не так… – Уладзімір зноў нейкі момант вагаўся і потым загаварыў нечакана для Лобача зусім іншым тонам, з роспачнай горыччу: – Я так зразумеў, што ўніверсітэт не можа даць адказу на нейкае канкрэтнае пытанне. Бо ніхто тут не займаецца канкрэтыкай. Вось, прыкладам, быў недалёка ад нас Чортаў камень. Кажуць, што некалі там жыў чорт, які шыў людзям адзенне і боты. А бабуля мне казала, што нельга камень чапаць. Бяда будзе вялікая. Ды камень сцягнулі некуды, звезлі, я яго ўжо не пабачыў. Тады я прачытаў, што знайшоў, пра такія камяні. Я хацеў знайсці адказ: ці можа быць камень звязаны з той бядой, пра якую бабуля казала? Бачу, пазбіралі звесткі і зрабілі выснову: вось такая і такая група людзей, якія жылі тут і тут – нейкім парадкам роднасныя, бо камяні маюць аднолькавыя легенды.
– А што ж вы хацелі даведацца? – не зразумеў Лобач.
– Ды простае: чаму ў камені жыў чорт і чаму ён шыў. І чаму нельга было людзям прыбіраць той камень, хоць там і чорт, хоць у той вопратцы нельга было ў царкву ісці, – загаварыў Жабрун зноў ціха, нібы вінавацячыся за ранейшы запал.
– Ну, дарагі мой, – Лобач развёў рукі, – каб адказаць на такое пытанне, трэба шукаць.
– Я і шукаю…
– Як? Проста лазіце па сеціве, чытаеце кніжкі? Выбачайце, шукаюць тыя, хто гадамі і дзесяцігоддзямі збірае ўсялякія легенды і міфы, ходзячы ад вёскі да вёскі, ад бабулькі да бабулькі, аналізуе, сістэматызуе і робіць асцярожныя высновы, стварае рабочыя гіпотэзы. Вы чыталі колькі старонак тэксту – а за ім праца тысяч чалавекадзён. І вы яшчэ незадаволены, вы кажаце, што шукаюць няслушна, – Лобач не змог утрымаць сарказму. – Што ж вы прапануеце? Як трэба шукаць?
– Ну, адказ на канкрэтнае пытанне. Знайсці пытанне, потым шукаць адказу.
“І праўда, цвердалобы… А гэта ж і няблага”, – падумаў Лобач, услых спытаў:
– І шмат у вас такіх вось… канкрэтных пытанняў?
– Не вельмі шмат, – упэўнена адказаў Уладзімір.
– Яшчэ якое, калі можна сказаць, мне проста цікава…
– Ну, яшчэ пра Купалле, да прыкладу… незразумела.
– А тыя тлумачэнні, якія ёсць, Вас не здавальняюць?
– Ну дзе там!
– Чаму?
Уладзімір Жабрун утаропіўся ў стол і зноў загаварыў горача, хвалюючыся:
– Бо яны не тлумачыць для мяне галоўнага: чаму Купаллю, паганскаму святу, не знайшлося месца ў хрысціянстве? Усім знайшлося, Купаллю – не. Чаму хрысціянства так актыўна змагалася з ім і яшчэ з большым імпэтам – цяпер, калі займела падтрымку ўладаў?
– А вы не такі і просты, як падаяцеся, – усміхнуўся Лобач. – Усё, што вы кажаце, цікава… А можа, у вас ёсць сваё тлумачэнне хоць бы Купалля? Што за сэнс у свята?
– Я пэўны ў адным: яно было найважнейшым для нас некалі. Ну, і частка гэтага свята – ініцыяцыя.
– Во як? І адкуль такая… тэорыя?
– З таго, што ўсе народы мелі такі дзень: пасвячэнне хлопчыкаў у мужчыны, дзяўчат – у жанчыны. У нас чамусьці не захавалася пра гэта слядоў. А разам з тым, успомніце, хрысціянства гаворыць пра Купалле як ноч разбэшчанасці, распусты. Хіба гэта не адгалосак колішняй ініцыяцыі? І потым, у хрысціянстве самой ініцыяцыі ніяк не можа быць, гэта ідзе насуперак ягонай навуцы. Таму Купалле не магло стаць святам для нейкага эпізоду з хрысціянства.