Браво Алена - Рай даўно перанаселены (зборнік) стр 4.

Шрифт
Фон

У школьных парадках гэтаксама нешта парушылася. Вось ужо звініць званок на ўрок ваеннай падрыхтоўкі, але ніхто не спяшаецца мянціць пра абарончую моц СССР і раз’юшана тыркаць ме-талічнай указкай у плакаты, на якіх атрутнай кветкай распускаецца воблака атамнага выбуху. І вось у клас, рухаючыся, нібыта на шарнірах, як рабатызаваная статуя Камандора, уваходзіць кіраўнік «ваенкі». Уваходзіць са спазненнем на шэсць хвілін – неве-рагодна! Палкоўнік у адстаўцы не адказвае на «здравияжелаем», не дае каманды «вольна». Стаіць, цяжка дыхаючы, сашчапіўшы рукі за спінай, абвіслыя зморшчыны на барвовым твары трасуцца, як у ратвейлера. Пачалася вайна з ЗША – здагадваецца Юля. Яна нават перастае адчуваць звыклую ранішнюю млявасць. Палкоўнік, робячы натужлівыя глытальныя рухі, паведамляе, што савецкі народ пацярпеў незаменную страту… памёр Гене-ральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР… чатыры разы Герой Савецкага Саюза… і г. д. – безліч тытулаў. Дзіка прароўшы «сміррррна!» (Юля аж здры-ганулася), педагог абвяшчае хвіліну маўчання.

Выдатніца стаіць каля сваёй парты не дыхаючы. Чутно, як паміж рамамі б’ецца нейкая ідэйна хісткая муха, якая своечаcова не заснула. Палкоўнік пільна ўглядаецца ў твары, шукаючы крамолу. Раптам Юля адчувае: з ёю адбываецца нешта жахлівае. Яна зараз засмяецца! У адчаі яна паварочваецца да Тані Савіч, суседкі па парце. Зірнуўшы на скажоны твар выдатніцы, тая пырскае са смеху. Спробы ўшчыкнуць сябе за сцягно не даюць належнага выніку. Між тым, стараста Люда Грыневіч, што прыгожа застыла ў вобразе грамадзянскага смутку, пачынае дзіўна кашляць. Твар Сашы Сомава, які стаіць, выпрастаўшы рукі па швах, са шкляным позіркам (Саша збіраецца ў ваеннае вучылішча, яму патрэбна добрая характарыстыка), паступова чырванее…

«Прэч з класа!»

Жалезная ўказка лупіць па парце выдатніцы. Божа, які жах! Яна падхоплівае партфель.

«Заўтра прыйдзеш з бацькамі!!» – равуць ёй у спіну трубы Страшнага Суда.

Юля вылятае ў калідор. Бязглузды смех да спазмаў у жываце, да цемнаты ў вачах распірае яе, ён ірвецца вонкі з усіх пор яе скуры. Як вихри враждебные, яна праносіцца па прыступках уніз, імчыцца міма «чырвонага кутка» з расцягнутым уздоўж сцяны лозунгам «КАМУНІЗМ – НАША МЭТА!», міма настаўніцкай, куды дырэктарка англійскай спецшколы якраз вядзе за распухлае вуха чарговую бунтарку-дзесяцікласніцу, што адважылася парушыць асновы асноў ды пракалоць мочкі вушэй, у якіх – скандал! – красуюцца новенькія завушніцы; міма «шклянкі» піянерскага пакоя, што нагадвае акварыум, у якім плавае ў паўзмроку гіпсавы бюст Правадыра, і дае нырца ў душную цямрэчу гардэроба, на шчасце, не зачыненага. Нарэшце выдатніца можа разрагатацца ўголас…

Дзень смерці Правадыра стане для Юлі адным са шчаслівейшых дзён жыцця. Ніколі – ні раней, ні потым – яна не спазнае такога трыумфу, такога ўсеагульнага захаплення. Калі, перачакаўшы ў гардэробе ўрок ваеннай падрыхтоўкі, яна з’явіцца ў клас, усе будуць старацца паціснуць ёй руку, а непрыступная ганарліўка Зоя Мардасава нават падорыць часопіс «Равеснік» з каляровымі ілюстрацыямі, зрэшты, дрэннай якасці.

А пакуль што, утульна ўладкаваўшыся сярод куртак і паліто класа, Юлечка раздумвае пра ўчынак старасты, якая напісала ліст (зразумела, на англійскай мове) генеральнаму сакратару кампартыі ЗША, поўнаму сляпцу. У лісце паведамлялася пра тое, што яна, Люда Грыневіч з 9 «Б», гатова аддаць яму свае здаровыя вочы, каб паскорыць камуністычную рэвалюцыю ў Амерыцы. Тэкст быў надрукаваны ў «Камсамольскім пражэктары», а потым і ў раённай газеце, і пра ўчынак старасты даведаліся ўсе. Сур’ёзна наморшчыўшы лоб, Юлечка раздумвае, ці вартая перамога камунізму ва ўсім свеце таго, каб ніколі не бачыць дрэў, кветак, не чытаць кніг. (Урэшце, праз месяц стараста была вылучана ў бюро райкама камсамола – і мэта ліста ў Амерыку праяснілася. Але тады, у цемры гардэроба, Юля яшчэ не разглядзела такой яе дальназоркасці).

Ва ўсялякім выпадку, выдатніца таксама з радасцю аддала б свае вочы. Не, не дзеля камуністычнае рэвалюцыі, – а калі б яны спатрэбіліся аднаму чалавеку…

7

Улетку Юля праходзіла вучэбную практыку ў канцылярыі гарадскога суда. Я лёгка магу ўявіць, як яна стукае, збіваючы пальцы, на дагістарычнай «Маскве». Далікатныя пальчыкі выдат-ніцы параспухалі і баляць, яна непрыкметна мажа іх падушачкі сілікатным клеем; цяпер пальцы нібыта здранцвелі – зрэшты, гэта мала дапамагае. Адпрасіцца дамоў, як зрабіла б любая нар-мальная дзяўчына, ёй і ў галаву не прыходзіць. Карэтка машынкі дзіка ўзвывае, як трактар, што забуксаваў у глінішчы, адбіткі літар нагадваюць п’яненькіх трактарыстаў мясцовага калгаса «Маяк камунізму», калі Юля старанна выстуквае прысуд раскрадальніцы сацыялістычнай маёмасці – шматдзетнай маці, якая вынесла з калгаснага сховішча вядро бульбы. У канцылярыі стаіць гвалт, як у жаночай лазні, і такая ж духата. Начальніца штодня даганяе і пераганяе самую сябе ў несупыннай спробе аказацца адначасова ў двух месцах – за сваім сталом і ў суседнім прадмагу, дзе «выкідваюць» то бляшанкі з тушонкай, то дэфіцытныя сасіскі. Аднойчы ў кабінет уваходзіць ён – гадоў трыццаці сямі, шыракаплечы, але з выразным жывоцікам. Народны суддзя. Уздыбленыя наўсторч валасы на патыліцы надаюць яму хлапечы выгляд. «Што, бацюхна, усё цвіцем?» – вітае ён Юлю. Гэтую фразу (ён не вынаходлівы ў сэнсе кампліментаў) яна цяпер будзе чуць штораз, калі ён зойдзе ў канцылярыю. Як яе завуць, ён так і не пацікавіўся. Але яна адчувае хваляванне ўжо ад таго, што ўладальнік аголенага мяча правасуддзя (фрэйдысцкія аналогіі з’яўляюцца без запрашэння) зрабіў ласку яе заўважыць. Яна раптам набывае нейкую каштоўнасць ва ўласных вачах! Выдатніца ўпотай разглядае валаскі, што стаяць тырчма на яго макаўцы, і знаходзіць у тым знак патаемнага дысідэнцтва і прыхаванай гатоўнасці праігнараваць кодэкс, у прыватнасці, шлюбна-сямейны. Бо ён, зразумела, жанаты, аб чым недвухсэнсоўна сведчыць заручальны пярсцёнак на правай руцэ. Нягледзячы на гэта (а мо, і менавіта з тае прычыны) яна піша яму па вечарах палкія лісты, якія хавае сярод старонак раманаў. Практыка скончыцца, але выдатніца будзе прыходзіць у суд усю восень і зіму, як па раскладзе: двойчы на тыдзень.

8

Убачыць Ягоны твар. У ружовым штучным футры, у кішэні якога зліпся ў камяк салодкі арахіс – яе ўлюбёны ласунак – яна стаіць пад Яго вокнамі. Жоўтыя прастакутнікі вокнаў (зімой у судзе рана запальваюць святло) падобныя да раскладзенага пасьянса, вынік якога, на жаль, прадвызначаны. Асмялеўшы, яна падымаецца па лесвіцы ў залу судовых пасяджэнняў. У калідорах савецка-партыйнае Феміды, наскрозь прадзьмутых скразнякамі капеечных сварак ды скончаных лёсаў, увесь час тоўпяцца нейкія азызлыя мужыкі ў расхлістаных ватоўках ды ўвішныя маладзічкі ў паношаных «дзюмісязонных» паліто. У гэтым натоўпе, што патыхае часнаком ды курывам, Юлю не пазнае нават начальніца канцылярыі. Не заўважае яе і Ён – у поўнай адпаведнасці з класічным сюжэтам.

…Сёння ў судзе разглядаецца справа прызыўніка, які ў дзень праводзінаў у шэрагі «несокрушимой и легендарной» вырашыў пакатаць сяброў і, будучы нападпітку, скраў грузавік і выпадкова наехаў на жанчыну на дзявятым месяцы цяжарнасці. Плод, вагой у тры кілаграмы пяцьсот грамаў, мужчынскага полу, па заключэнні экспертаў, загінуў ад асфіксіі ў целе смяротна траўміраванай маці. Шлейка баваўнянага фартуха Юлі трапеча на левым плячы, як матылёк-махаон, – так моцна калоціцца ў яе сэрца. Прызыўнік замест ташкенцкай «вучэбкі» ды закіду адной спякотнай ноччу ў паўднёва-азіяцкую краіну атрымае дзевяць гадоў строгага рэ-жыму, і невядома яшчэ, што лепей. Дзесяцікласніца, якая сядзіць у апошнім радзе (галоснасць – вядомы прынцып савецкага правасуддзя, і справа слухаецца адкрыта), таксама зняволеная, але пажыццёва. Яна сама сабе і вязень, і вязніца. Свой пухлы дэр-мацінавы партфель выдатніца прыціскае да форменнай сукенкі, каб схаваць латку на прыполе. Яна ганарыцца невыпадковым супадзеннем картаграфіі латак: менавіта так прыкрывала старую зацыраваную сукенку закаханая ў белетрыста Р. школьніца, калі падымалася па лесвіцы дома, дзе жыў Ён. Юля скапіравала гэты жэст, яна ўяўляе сябе цвейгаўскай Незнаёмкай, патаемна закаханай; як тая маладая жанчына, яна мае намер (зразумела, калі скончыць школу) нарадзіць ад Яго дзіцёнка (зразумела, хлопчыка). Бацька ніколі пра сына не даведаецца. Дзяўчынка вычытала ў даведніку для цяжарных, што трэба загадзя рыхтаваць сябе да кармлення грудзьмі, і ўжо ўшыла ў свой станік нулявога памеру кавалачкі махровага ручніка, каб скура на смочках загрубела. Але гэтага, на яе думку, недастаткова (выдатніца калі штосьці робіць, дык без хітрыкаў): прымаючы ванну, яна не забывае выконваць работу над памылкамі і да чырвані націрае мачалкай смочкі. Цяпер скура на іх ужо дакладна не патрэскаецца, калі незаконны нашчадак суддзі пажадае атрымаць сваю законную порцыю малака. Яна наперад прадумала ўвесь план шчаслівага завяршэння цяжарнасці (яна заўжды ўсё прадумвае наперад), а п’яных прызыўнікоў ды іншыя нечаканасці лёсу прадугледзець немагчыма. Дзяўчынка здагадваецца, што пры ажыццяўленні подзвіга самаахвярнасці ёй спатрэбяцца грошы, і, ухваляючы сябе за практычнасць, адкладвае ад школьных сняданкаў ды абедаў: у скарбонцы з выявай Кіева-Пячэрскай Лаўры (сувенір ёй падарылі як пераможцы алімпіяды па англійскай мове) паўнюсенька зэканомленых медзякоў. Зрэшты, калі грошай не хопіць, яна магла б заняцца прастытуцыяй, як Незнаёмка. На жаль, яна нарадзілася ў краіне, дзе прастытуцыя, нічога не паробіш, забароненая. Вось і стварай трагічны раман свайго жыц-ця ў такіх неспрыяльных умовах! Што ж, тады яна будзе эканоміць на самым неабходным: гэта не так выкшталцона, як гандля-ваць сваім целам, але больш-менш упісваецца ў рамантычны стандарт. Пакуль іншыя школьніцы рыхтуюцца да экзаменаў, Юля, уважліва падлічваючы вочкі, вяжа бясконцыя шалікі будучаму плоду незаконнага кахання (гэта адзінае, што яна ўмее вязаць), выклікаючы сваёй «гаспадарлівасцю» бурнае адабрэнне суседак-пенсіянерак. Яна так старанна выцягвае вочкі, нібыта спрабуе ваўнянай ніткай злучыць вытанчаную тканіну сваёй астэнічнай мары з грубай ды нездаровай тканкай жыцця, якое горача дыхае Юлечцы ў патыліцу, расцякаючыся па стадыёнах і першамайскіх дэманстрацыях з партрэтамі правадыроў…

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора