Бахаревич Ольгерд Иванович - Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікнення стр 10.

Шрифт
Фон

«Ужо ўсё добра, – сказаў ён. – Бывае. Нельга было так жэрці пасьля двухдзённага посту. Скажы: ён мог перабегчы камусьці дарогу?»

«У сэньсе?» – Сафія зірнула на яго зь недаверам.

«Таму, хто на самым версе. Ці таму, хто думае, што ён на самым версе».

«Я цябе не разумею, – сказала Сафія з жахам. – Патлумач, што ў цябе за дзікія ідэі».

«Сафійка, у гэтай краіне зьнікаюць людзі. Палітыкі, журналісты…»

«Праўда? – яна ўдала такое зьдзіўленьне, што на імгненьне ў вачох Данілы мільганула нянавісьць. – Я думала, Сіманенка адзін такі. Я чытала, у краіне трыста чалавек за год зьнікае. І дзьвесьце дзевяноста дзевяць знаходзяцца праз тры дні. У якойсьці блядзіны ў Шабанах. Палітыкі, журналісты… Дык Сіманенка не палітык, дзякуй табе божа, і не журналіст. Уяўляю сабе Сіманенку, які піша перадавіцу. Ці Сіманенку-дэпутата. Не, я б і ня выйшла за яго, калі б ён нейкім канцом да палітыкі быў прычэплены… Мне спакой трэба, Данілка. Мне ня трэба, каб лепш, чым у другіх. Мне трэба каб ня горш. Толькі так можа быць спакойна. А палітыка, журналісты… А якія гэта ў нас палітыкі-журналісты зьніклі? Я нешта прапусьціла».

«Падумай, – прамовіў Даніла, зірнуўшы на яе так пранізьліва, што яна адвярнулася, ужо ўпэўненая, што гэтае супольнае пражываньне ёй яшчэ вылезе бокам. – Можа стацца, што мой брат раней і праўда нічым такім не цікавіўся… А потым сал! бэн! рош! – і зацікавіўся. Людзі часам празраюць, ведаеш. Вочы адплюшчваюцца».

«Ды ён гэтых палітыкаў ненавідзеў! – сказала Сафія і пастаралася зірнуць яму ў вочы як мага глыбей. – Ён такі законапаслухмяны быў, ты сабе не ўяўляеш. Казаў: я б ім языкі паабсякаў, каб не бурылі тое, што самі не будавалі. Я зь яго нават зьдзекавалася часам: халуй ты, кажу, Сіманенка, натура ў цябе – як у слугі. А ён: так, я халуй, а ты жонка халуя, на халуях сьвет трымаецца… Што ты тут запярэчыш…»

Прыгадаўшы гэта, Сафія міжволі дала сябе апанаваць успамінам, у якіх Сіманенка з уласьцівым вечару панядзелка смакам еў смажаныя рэбры, глядзеў тэлевізар і жаваў слова халуй зь нейкай асалодай, як халву. Халва са смажанымі рэбрамі – вось і ўвесь Сіманенка. Гэта было перад гадавінай іхнага вясельля. Яны тады слаўна патрахаліся. У яго герпес быў на губе. А назаўтра, калі ён адвозіў яе да доктара, яны трапілі ў аварыю. У маленькую такую аварыю. Сіманенка адразу прызнаў сябе вінаватым, заплаціў. Вярнуўшыся ў машыну, выглядаў злым, але Сафія бачыла – ён быў рады спакою. І яна яго зразумела. Не наканавана Сіманенку было загінуць у месяц нісан ад вузкавокага нісана, а ад чаго наканавана – ведаюць толькі яго шэрыя тапкі.

«Слухай, а што гэта ты сказаў толькі што: салбэнрош? Гэта па-якому?»

«Я? Ня памятаю, – Даніла глядзеў напружана ў цёмны двор і піў вялікімі глыткамі віно. – Халуй. Калі сем пакаленьняў продкаў былі рабамі, прыгоннымі, слугамі ды лёкаямі, як гэта зь сябе адразу выціснуць? А калі і выціскаць ня хочацца? Уяві сабе Расею пасьля сямнаццатага году – уся старая сыстэма абвальваецца, і тыя, хто яшчэ ўчора быў слугамі, хто стагодзьдзямі быў слугамі, раптам абвяшчаюцца гаспадарамі. Усё перакручваецца, бы ў люстэрку…»

Яшчэ ня верачы свайму носу, Сафія раптам адчула, як у паветры кухні зьявіўся едкі пах страўнікавых газаў. Яна ня чула гуку – і тым ня менш пах быў. Свойскі, хатні, нібы яна купіла сёньня ў заакраме нейкую жывёлу і пасяліла яе тут, на кухні. Сіманенка рабіў гэтаксама – нячутна, нічым не выдаючы сябе, Сафія ніколі не прызнавалася, што нешта такое адчула, гэта быў пах жыцьця – непрыемны, але такі натуральны. Напэўна, так будзе зь дзецьмі. Яна не павінна была пра гэта ўсё думаць у такі момант – але ж вось думала, і чым больш думала, тым мацней засяроджвалася на гэтым паху, які падказваў ёй, што яна не адна, і што Сіманенка патрэбны ня толькі ёй, але й камусьці яшчэ, Сіманенка стаў знакам, якому нарэшце надалі значэньне, «Сіманенка» значыла яна сама плюс некалькі асобаў, заключаных у крэўныя, крывавыя дужкі, і, магчыма, мінус зьмяняў бы значэньне Сіманенкі, ягонае аблічча, ягоны вобраз; але той Сіманенка, якога яна ведала, існаваў толькі як сума пэўных складнікаў, адсутнасьць аднаго зь якіх непазьбежна азначала б ягоную гібель.

«Раб, які атрымаў свабоду, ніколі ня зможа выхаваць сваіх дзяцей вольнымі людзьмі – у найлепшым разе рабамі, якія атрымалі свабоду, – сказаў Даніла, наліваючы ёй яшчэ віна. – Разумееш? Мы ўсе – унукі слуг, праўнукі рабоў… Я ўцёк ад халуйства – але ці перастаў быць халуём? Кожны дзень я ратую ў сабе халуя, ратую, спрабуючы забіць… Душу яго – і ў апошні момант ратую. Бо калі забіць халуя ў сабе – ці шмат застанецца? Ці дастаткова шмат, каб жыць далей?»

«У цябе жывот баліць?» – спытала Сафія. Ёй стала непрыемна, што такі нешматслоўны Даніла гаварыў цяпер амаль без супыну.

«Не, не, – заматляў галавой брат Сіманенкі. – Распавядзі мне, што ён быў за чалавек? Мы рэдка бачыліся».

«Ён быў вялікі, недалёкі і добры».

«Як харчовы рынак», – засьмяяўся змрочна Даніла.

«Ведаеш, я думаю, ён кахаў мяне».

«Не сумняваюся, – сказаў Даніла. Бутэлька перад ім ужо была пустая. – Але што яму было даспадобы? Чым ён цікавіўся? Чым дыхаў?»

«Пажэрці любіў, – сказала Сафія і ўтульна паставіла ногі на крэсла, утаропілася ў акно, пастукваючы па калене пустым келіхам. – Дыхаў… Чым давалі, тым і дыхаў. Непераборлівы быў, ведаеш. Да пэўнай ступені. Такое адчуваньне, што сам зьдзіўляўся, як гэта ён мае ўсё, што… што мае. Мяне часам зьдзіўляла, што ён… Як гэта сказаць… Ведаеш: кажу, Сіманенка, хадзем у тэатар. О, кажа, хадзем, няма праблем. Пасьля спэктаклю пытаюся: спадабалася? Вельмі, кажа. Можа, кажу, не спадабалася? Не, кажа, файна. Можа, кажу, у кіно. Выдатна, у кіно. Пытаюся: ну як фільм. Файна. А што табе, Сіманенка, больш спадабалася: спэктакль ці фільм? А ён глядзіць на мяне так… Не магу апісаць. Не разумее, што я ад яго хачу. І пры гэтым радасны такі, напраўду. То бок на выставу котак – клясна, на народныя зімбабвійскія танцы – цудоўна, на баі бяз правіл – файна, так бы ён сказаў, я ўпэўненая. І пры гэтым: гатовы спрачацца з-за лухты, з-за мяса, з-за адной літары, з-за таго, на чым ехаць да сьвякрухі – на машыне, на мэтро, на таксі ці на аўтобусе…»

«Ясна. Ну, гэта нам мала што дае, – сказаў Даніла. – Цяпер мне здаецца, што ён быў такі заўсёды. Заўсёды…»

«А ты зьмяніўся, Даніла».

«Я? У які гэта бок? – ён непрыемна засьмяяўся. – Спадзяюся, у лепшы?»

Зімна было ў кухні, накурана, брудна, смуродна і зімна. Нібыта Сафія з Данілам прабіраліся ўвесь дзень праз завалы, руіны і трупы, бязладна фатаграфуючы канец сьвету, а потым вырашылі пераначаваць у нейкім закінутым доме.

* * *

Як ні старалася Сафія падняцца раней за Данілу, нічога ў яе ня выйшла. На кухні яе чакаў сьняданак – настолькі ж кранальны, наколькі агідны, Сафія не любіла сьнедаць, зьядала звычайна ёгурт і выпівала кубак кавы, а тут – нейкія астылыя перасмажаныя тосты, тлустая шынка, салодкае масла, вадзяністы джэм, мокры агурок, яйка, шкарлупіньне якога здымалася разам з усім зьмесьцівам, так што ў выніку ў руках заставаліся толькі крышкі зеленаватага бялку. «Я думаў, ты раней прачнешся», – сказаў Даніла, які пахнуў таннай кавай, і вінавата аблізаў ліпкія пальцы.

«Я з табой растаўсьцею, зьяжджай хутчэй».

Даніла папярхнуўся. Сафія ўсьміхнулася ўбок, упіхнула ў сябе тост і пайшла ў душ. У ваньне яна адразу заўважыла чорныя, кучаравыя мужчынскія валасы, размашыста прыліплыя да сьценак, нібыта нехта пакінуў на белым аркушы ванны аўтограф. «Госьці ўжо тут, Сіманенка, – прашаптала Сафія, стоячы пад прахалодным душам. – Ты хутка?» У ванным пакоі было так нязвычна душна, нібыта нехта стаяў тут і наўмысна з усяе моцы дыхаў, дыхаў, дыхаў. Пахла мужчынскім дэзадарантам, не Сіманенкавым, такім востра чужым, якім бывае пах з адчыненых дзьвярэй чужой кватэры, міма якіх праходзіш, спускаючыся ў двор. Яна адсунула фіранку. Ванны пакой, які дагэтуль быццам бы ехаў кудысьці, зараз спыніўся. Сафія выйшла – адна ў незнаёмым месцы, бяз пляну, бяз грошай, бязь вернага сябра, толькі мінакі і паліцэйскія вакол; ці можна на іх спадзявацца?

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3