Але фехтаваць ці пуляць з мушкета мне не давялося. Давялося рыхтавацца да ўрачыстае лінейкі як традыцыйны вядоўца і як новы класны кіраўнік. У гэты ж час новай настаўніцай закрылі вакансію і ў 11 «Б». Складаная вытворчая сітуацыя ў школе была вырашана, і пагрозу зрыву новага навучальнага году давялося зняць з парадку дня. Трохразовае ўра! Чапцы ўгару!
Назаўтра мы збіралі выпускныя класы ў сваіх кабінетах. Мяне працягвалі абдорваць віншаваннямі. Я дзякаваў і адразу ж пытаў, ці здольныя выпускнікі ўшанаваць школьныя традыцыі. Ніхто з 11 «А» не падняўся і не сказаў залатое шляхецкае veto, і ўжо да сярэдзіны дня мы былі гатовыя набываць усе пільна неабходныя атрыбуты свята першага званка – кветкі, балёнікі, падаруначкі для першакласнікаў. Я здзівіўся, што ўсё так проста атрымалася. У душу, быццам спрытны альпініст, ускараскаўся прывід надзеі: «Няўжо справа пойдзе?».
Адпусціўшы дзяцей, я ўзяў сцэнар і пайшоў у актаваю залу на рэпетыцыю. На тэхніцы сядзеў Ярык. Абмінуць яго высмешак не было ніякага шанцу.
– Ну, дзядзька, ты нарэшце пасталеў, – нейтральна пачаў ён і падаў мне руку. – Прымай кангратуляцыі. Цяпер ты паўнацэнны настаўнік. Педагог з вялікай літары «П».
– Дзякую, але давай без падкавырак. Цябе ж во не ўзнагародзілі такім свяшчэнным абавязкам.
– Ой, ну ты падумай, хто ж даверыць дзяцей такому растрындосу, як я?
– Але ж мне неяк даверылі… – Не, Эрнест Скіргайлавіч, ты чалавек разумны, адказны, любіш дзяцей і яны цябе любяць, як гэта брыдка не гучала б. А я? У мяне ж на лобе напісана «detonenavisnikus vulgatus».
– На экранчыку? – згадаў я ўласныя перайманні.
– Ды хоць на шыльдачцы! Так што шукай на новай прафесійнай дзялянцы пазітыў. Думаеш, не здабудзеш нічога станоўчага? Памыляешся. З тваім характарам абавязкова знойдзеш. Можа нават пачуцці бацькоўскія абудзяцца, ажаніцца захочаш… – З кім? – не стрымаўся я.
– Адкуль я ведаю. З Ліяй Навумаўнай, напрыклад. Чым табе не пара? Вы ж сябруеце… – Ай, гэта такое сяброўства… – Якое?
– Як футбол у адны вароты, дый яшчэ з тыльнага боку. Да таго ж Лія развядзёнка. І сын ёсць. Акурат у школу пойдзе.
– Табе, Эрнест, не дагодзіш. А што ты хочаш тады? Хочаш цнатлівую равесніцу знайсці? Дык трэба было гадоў чатырнаццаць таму пра гэта клапаціцца. А цяпер позна. Ваш браняпоезд сышоў, як сказаў бы Міколка-паравоз Анне Карэнінай… – Ды на халеру мне тая равесніца спатрэбілася!
– У-у-у-у-у, – шматзначна загуў Майсюк, і я скеміў, што той успомніў пра Цыпіну. Працягнуць дыялог нам не ўдалося, бо нарэшце прыйшла Алеся Сяргееўна Рыбанька – наша жнейка, швейка і на дудзе ігрэйка. Была бо і харэографам, і настаўніцай малявання, і яшчэ богвед кім у трыццаці трох іпастасях. Да ўсяго мне з ёй часцяком даводзілася весці разнастайныя школьныя імпрэзы. Яна ўсміхнулася нам абодвум і, не круцячы абакуламі, спытала: – Як вы, хлопчыкі? Ці не памянялі за лета свой халасцяцкі статус?
Ярык адразу ж пачаў блазнаваць: – Адзінае, што я змог у сваім жыцці ўдала памяняць, дык гэта сумленне на цукерачку «Кароўка». Але гэта было яшчэ за дзедам шведам.
– За кім? – фразеалагізм быў для Алесі невядомым.
– Гэта значыць вельмі даўно, – патлумачыў я.
– Бач, які Баластоўскі ў нас разумненькі, – тэатральна прамовіла суразмоўніца.
– Давай мо’ лепш па сцэнару пройдземся.
– А што ў ім асаблівага?! Усё як заўжды: кветкі – дзеткі, званок – урок, школа – у кола.
– Там нешта пра ўколы будзе? Як у нямецкіх фільмах? – працягваў блазнаваць Ярык.
– Я жартую. Якімі ж вы бякамі за лета парабіліся. Фу такімі быць. Выпраўляйцеся зараз жа. Жанчыны такіх не любяць.
– Калі любяць, дык не здаюць сабе справу ў тым, за што любяць, – загнуў я. – Могуць і такіх любіць. Не хвалюйся дужа. Давай лепш зоймемся тым, чым трэба.
– Чаго? – яе вочы акругліліся. – Чым зоймемся? Ты часам на каменяломнях сваіх не перагрэўся?
– Я пра сцэнар, калі што. А ты?
– Цьху, растуды тваю матніхай, – нязлым ціхім словам выбухнула Рыбанька і сумелася.
– Я так і думаў, што ты акурат пра гэта, – усміхнуўся я.
– У цябе дзяўчына ёсць? – адчуваючы сваё пераможанае становішча, хутка перавяла стрэлкі Алеся. Пытанне было нечаканым, нібы трыццаціградусная спёка на грэцкія каляды.
– Бадай што ёсць, – няпэўна адказаў я.
– Я цябе бадаць не збіраюся.
– Я цябе таксама.
– Дык ты па-людску скажы: дзяўчына ёсць?
– Няма, – адцяў я.
– Вот ліха, значыць, усё-ткі ёсць, – агучыла яна ўласныя скараспелыя высновы.
Ярык моўчкі сядзеў за гукавой апаратурай і ў наша вербальнае бязладдзе не тачыўся. На шчасце, у залу ўвайшла Марына Нарымунтаўна, і мая напарніца зараз жа перабудавала стыль паводзін, робячы выгляд, быццам тлумачыць мне сцэнарныя нюансы: – Вось глядзі, у гэты момант танцуюць нашы дзеткі, а потым ты адразу пачынаеш прадстаўляць нашых гасцей… – Леся, не пускай мне пыл у вочы, – сувора папярэдзіла Любартава. – Трэба хуценька адрэпетаваць пару разоў і адпусціць Эрнесціка дадому. У яго заўтра асаблівы дзень, трэба падрыхтавацца.
– Апошнім часам у мяне ўсе дні асаблівыя, – не прамінуў заўважыць я.
– А навошта было прызначаць вяселле на першага верасня? – недаўменна спытала Рыбанька.
– Што-о-хо-хо? – намесніца дырэктара захлынулася ад смеху. – Леся! Ну, якое вяселле?! Заўтра Эрнест Скіргайлавіч будзе не толькі вядучым, але яшчэ і класным кіраўніком.
– І не толькі заўтра, – змрочна ўдакладніў я.
– Але ж ты зразумеў, што я хацела сказаць, – апраўдвалася завуч. – Пачынаем рэпетыцыю!
Алеся Сяргееўна выглядала расчараванай.
6
Першага верасня я апрануў новы цёмны гарнітур, з ліку тых, што народныя дасціпнікі празвалі вясельна-пахавальным. Зрэшты, мала хто мог бы заўважыць, што ён насамрэч новы. Хаця і быў ён намнога лягчэйшым і свабаднейшым за стары, але крой меў рыхтык, як у таго, якім я паспеў намазоліць вочы калегам і вучням. Белая кашуля. Чырвоны гальштук. Чорныя вастраносыя чаравікі. Кароткая стрыжка. Няпрытарны парфюм. Усё, што трэба нестарому настаўніку-мужчыне, каб каляжанкі ўдавана хапаліся за сэрцы і крычалі навыперадкі: «Гэта мой сённяшні жаніх!». Заставалася толькі трапна жартаваць у адказ, нагадваючы кожнай любачцы пра яе раскаханага мужанёчка і крочыць далей. Як вельмі заняты чалавек. Як рыцар, што павінен, калі і не забіць дракона, дык прынамсі добра начысціць таму лыч. Але так ісці было заўсёды цяжка. Абыкрок усярэдзіне нешта надрывалася, спараджаючы страшэнныя сумневы, якія тычыліся ўсяго і нічога.
Гэтае ўсё і гэтае нічога сталі грызці мяне яшчэ па дарозе ў школу, калі я толькі спрабаваў ацаніць свае фінальныя ўяўленні пра ТОЕ, што вось-вось надыдзе халоднай рэальнасцю. У жываце нешляхетна вуркатала. Я трывожна глядзеў у дзверы дабітага «Ікаруса», які вёз мяне ў кірунку любімай працы. На «Універмагу» у салон зайшла зусім дарослая мажная дзяўчына з жанчынай, якая адразу ж здалася мне яе мамай. На здзіўленне, жанчына са мной павіталася і шапнула штось на вушка дачцэ. Тая павярнулася і з усмешкай сказала: «Добрай раніцы, Эрнест Скіргайлавіч. Гатовы прыняць у эксплуатацыю наш доблесны клас?». Толькі тады я пазнаў сваю вучаніцу, старосту былога 10 «А» класа Аксану Багуслаўскую. Адказаць можна было па-рознаму. Але ці то прысутнасць яе мамы, ці то барацьба ўсяго і нічога ў маім жываце змусілі мяне моўчкі састроіць дзелавенную міну. Было гэта зроблена няўдала, ажно здалося, што ёсць вялікая небяспека на той міне падарвацца. Аксаніна мама ўзялася мяне падбадзёрваць, а разам з тым зандаваць глебу, ці ласы я на кампліменты. На кампліменты я рэагаваў не тое, каб бурліва, але даваў зразумець, што лічу іх прамаўленне зусім беспадстаўным. Лізавета Адамаўна (так звалі маму) не зважала на мае пратэсты і працягвала свае захопленыя разважанні аж да самага школьнага ганку.
– Ой, ды ўсё ў вас атрымаецца. Вы ж такі малады цікавы мужчына, што дзеці міжволі павінны вас слухацца, а тым больш выпускнікі, з якімі вы ўжо так доўга і добра працуеце. Дабрыні ніхто не забывае.