Сяргей Балахонаў - Інфанта і аднарог стр 5.

Шрифт
Фон

3

Шыбуючы ўранні на працу, я застаў на школьным ганку Дзяніса Давыдавіча. Ён разгладжваў свае вусы і хітравата ўсміхаўся, нібы кагадзе прадаў на аўкцыёне «Сотбіс» шкуру ненамаляванага мядзведзя. Мне хацелася рыкнуць, але я павітаўся. – Віншую вас, Эрнест Скіргайлавіч, з новай пасадай.

– З якой? – абдумваючы імаверныя падставы яго гумару, спытаў я.

– Як жа ж? Класнае кіраўніцтва.

– Хто сказаў? – па сэрцы праехала танкавая дывізія Гудэрыяна.

– А ты вунь пачытай.

Іскаліеў паказаў рукой на вакно, да шкла якога знутры былі прымацаваныя розныя абвесткі для школьнікаў і іх бацькоў. Як ніндзя-чарапашка, я кінуўся туды. Сапраўды, там віселі спісы адзінаццатых класаў. У спісах 11 «А» і 11 «Б» не былі пазначаны прозвішчы класных. Я чмыхнуў: – Давыдавіч, з вашымі жарцікамі… – А ты не сюды глядзі, а вось сюды.

Ён тнуў пальцам у іншую паперку – «Графік выдачы падручнікаў». Ну дык што?

– А ты далей чытай. Хто «ашкам» выдае?

Вочы слізганулі па табліцы і спыніліся на адпаведным радку, дзе красавала, мала не падміргваючы: «Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі».

– Так што прашу вас, князь, прайдзіце ў апартаменты, – не тоячы незразумелай мне радасці, прамовіў Дзяніс Давыдавіч.

– Падумаеш кнігі! – выгукнуў я. – Гэта яшчэ нічога не значыць. Вунь «бэшкам» Аня Бялун выдае. А яна ў іх класнай не будзе.

Я памаршыраваў да Любартавай. Яна паясніла, што гэта з’явішча часовае, што дзеці павінны ўчасна атрымаць падручнікі, пакуль не закрылі вакансію класнага кіраўніка.

У бібліятэцы ўжо падрыхтавалі ўвесь належны выпускніку боекамплект. Разам з Ліяй Навумаўнай, якая паспела са мной памірыцца і нават паспачуваць небяспечнай верагоднасці атрымаць фатальную пасаду, мы пацягалі кніжкі ў кабінет гісторыі.

Неўзабаве то па адным, то групкамі сталі падыходзіць адзінаццацікласнікі з загадзя пашыранымі зрэнкамі. «А дзе Зульфія Захараўна?», «А вы ў нас класным будзеце?», «Мы так доўга гэтага чакалі, Эрнест Скіргайлавіч!»… Я глядзеў на іх і думаў: «Дзеці, як жа вы пасталелі». Мінула чатыры гады ад таго часу, калі я пазнаёміўся з бальшынёю іх. Нехта прыйшоў годам, двума, трыма пазней… Відавочны сантымент, нібы маладое віно, нечакана ўдарыў у галаву, і ў п’янкім захапленні хацелася бегчы да дырэктара, каб сказаць: «Так, я буду ў іх класным кіраўніком». Але ж не бег. Сядзеў у кабінеце, тлумачачы кожнаму новаму візітоўцу ўвесь тагачасны стан рэчаў, ажно набіў у роце аскоміну. Чакаў. Правяраў квітанцыі. Распавядаў. Выдаваў падручнікі.

У гэтым канвееры я раптоўна злавіў уласную думку пра тое, што вельмі хачу кагосьці пабачыць, але не мог скеміць, каго менавіта. Папраўдзе над усімі жаданнямі стаяла адно – зноў сустрэцца з Настассяй. Мне насамрэч не ставала проста аднаго яе позірку. Таго самага позірку, якім ён быў яшчэ колькі месяцаў таму. Пачуцці, нават пасля згаданага вышэй недарэчнага бачання ў школе, былі такімі шчырымі і моцнымі, што ім не заставалася нічога лепшага, як канвертавацца ў боль. Сапраўдны боль. Галава неўпрыкмет пачала расколвацца. Паветра ў класе гойдалася, быццам пустэльнае марыва. Магнаты Старой Беларусі праламляліся і наругліва пасмейваліся з мяне недарэкі.

Януш Радзівіл сказаў: «Я ведаю, што прыйдзе час, калі мы выкінем усе балячкі праз вокны. Але пакуль яны з намі». Пры гэтым пасля слова «вокны» паляцела рэха «windows». Ян Геранім Хадкевіч таксама не стаў маўчаць: «А што тычыцца нашых болесцяў, дык мы ў іх роўныя з любым іншым народам. Нават больш за некаторых». «Знайшоў, чым ганарыцца, пане!» – так і карцела выгукнуць мне, але Леў Сапега мяне перабіў. «Чалавеку пачціваму нічога не мае быць даражэйшага за болесць», – урачыста вымавіў ён, нібыта абвяшчаў пра стварэнне трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага.

У той самы момант, калі ад усяго гэтага стала выразна патыхаць белаю гарачкай, дзверы расчыніліся, і ў клас увайшла Аліса Селязнёва. Не-не, гэта не трызненне. Так сапраўды звалі маю вучаніцу. Дзяўчынцы проста пашчасціла нарадзіцца ў пік папулярнасці савецкага фантастычнага фільму «Госця з будучыні», якім захапляліся і дзеці, і дарослыя. Таму яе бацькі, маючы прозвішча Селязнёвы, нават і не задумваліся, як жа назваць нованароджаную дачушку.

Аліса павіталася і, не адрываючы погляду ад мяне, узялася выпытаць тое, што незадоўга перад гэтым выпытвалі яе аднакласнікі. Дзіўна, але пытанні мяне зусім не раздражнялі, я сакатаў, быццам гаварыў усё ў першы натхнёны раз, а боль галавы кудысь прападаў. Я сам навыбіраў ёй больш ахайных падручнікаў. Яна глядзела на маю мітусню з чароўным захапленнем.

– Ну, Эрнест Скіргайлавіч, я сама ўсё вазьму, – няпэўна пярэчыла дзяўчына, але рашуча не спыняла мяне. Калі пакунак быў наладаваны, я ўзважыў яго рукою.

– Ого, цяжкаваты. Ёсць памочнікі?

Пытанне не было дарэмным, бо я ведаў, што ў Алісы ёсць хлопчык. Па аналогіі з астатнімі адзінаццацікласніцамі – «ашкамі», «бэшкамі» і, асабліва, «вэшкамі», дзе былі амаль адны дзяўчаты – мне думалася, што хлопчык прыйдзе дапамагаць сваёй даме сэрца цягнуць гэтую патужную ношку.

– Ёсць, – сарамліва прамовіла Аліса.

– Кліч сюды. Чаго саромеешся?

– Але ж тата на вуліцы з машынай.

Такі адказ быў для мяне трохі нечаканым, але я прапанаваў: – Давай да машыны данясу.

– Ой, ну што вы, Эрнест Скіргайлавіч, не трэба. Я сама. Вы ўжо і так стаміліся, – дзяўчына не пераставала дзівіцца маёй паслужлівасці.

– Ну тады бывай, пабачымся, мабыць, ужо на лінейцы.

– Да пабачэння. Шкада, што вы не будзеце нашым класным кіраўніком.

Нешта глеўкае заныла ў маіх грудзях. Але я гнаў гэтае ныццё прочкі. Цыпіна über alles!

4

Так, я быў аж праз лад разважлівым. Не маючы нічога пэўнага з Настай, я страшыўся новых ускладненых любасных геаметрычных фігураў. Мне ўдосталь хапіла ранейшых трохкутнікаў, пасля апошняга з каторых я надоўга забыўся пра здольнасць кахаць. А калі ціхім каханнем пачаў разгарацца да Настассі, дык быў пэўным на сто вялікалітоўскіх беркаўцоў, што ў гэтай дамачкі кавалера няма. Дзесяцігоддзе ўзроставай розніцы між намі я перастаў улічваць, згубіўшы галаву пад трамвайнымі коламі кахання. «Ганна Чарнушка праліла алей», – нягегла жартаваў безгаловы я, мяркуючы, што толькі казачны асілак быў здатны збегаць у дзясятае царства, на дзясятае гаспадарства, каб знайсці чароўнай вады і прыжывіць маю буйную галованьку назад.

Чаму ж у гэтым безгалоўі я раптоўна падумаў пра красуню і разумнічку Алісу Селязнёву? Ці ж я хацеў ублытваць яе ў сваю бесталковую любасную геаметрыю? Не, не хацеў. Аліска вучылася ў нашай школе з восьмага класа. Чаго таіць, яна заўсёды мне падабалася. Я заўжды зайздросціў яе імавернаму выбранніку. Не больш.

Я сядзеў і думаў пра ўвесь вакольны гармідар, звязаны з няпэўнасцю майго прафесійнага і пачуццёвага становішча. Я думаў, амаль не разумеючы дзіўнага навароту тых дзён. Ад маіх думак нічога не залежала, акрамя майго штучна прыўзнятага настрою. На мой старэнькі, налева прашыты «Сімэнс» з невядомых нумароў прыляталі нечытэльныя sms’кі. Зусім верагодна, што самыя актыўныя школьныя добразычліўцы спяшаліся скласці мне свае мабільныя віншаванні. Але ўся іх шчырасць (ці хітрасць), давераная сотаваму ветру short message service, не вытрымаўшы сіта кадавання, ператвараліся ў пытальнікі. Я глядзеў на гэтыя сярпочкі з кропкамі, і прыўзняты настрой апускаўся ніжэй за плінтус. І даводзілася, як таму Трышчану слаўнаму рыцару, перабываць у жорсткім сэрцы. Але зусім ненадоўга, бо ірыгацыйная сістэма электроннае пошты несла ў палі маёй жорсткасэрнасці жыватворную вільгаць дасціпных каментараў на мае блогпасты ў «Жывым Журнале». Настрой сакалінай сям’ёй паднімаўся з нізін, і ніводнай звілінай свайго мозгу я не мог дапяць, што наступным днём без лішніх цырымоніяў мяне дэсантуюць у імглістых далінах за ракой Рубікон.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3