Сяргей Балахонаў - Інфанта і аднарог стр 3.

Шрифт
Фон

– Ды косары яны! – з’едліва выгукнуў Майсюк, каторы гэтак жа, як і я, па выйсці з альма матэр ахвяраваў сябе Марсу.

– А з тваёй паралелі шмат хто паступіў? – згортваючы нялюбую мне вайсковую тэму, спытаў я.

– Ты, Эрнест, няправільна пытаеш, – уставіў свае тры срэбранікі фізік. – Пытай больш канкрэтна: «Цыпіна паступіла?».

Гэтым разам ён рэальна ўшчыкнуў мяне і майму арганізму давялося выклікаць аварыйныя службы, якія б спешна адпампавалі тую барву, што вось-вось мусіла цалкам запоўніць мой твар. Зрэшты, хваляванні былі марнымі, бо на счарнелым і спатнелым твары ніякую чырвань ніхто ніколі не разгледзеў бы. Дый ніхто, па вялікім рахунку, і не імкнуўся.

– Цыпіна? – з гагарынскай усмешачкай перапытаў Алесь і адразу ж адказаў. – Цыпіна паступіла. Ага. На матфак на бясплатнае. Пашэнціла, бо конкурс атэстатаў выцягнуў… – А ў атэстаце адзін толькі гісторыка-грамадазнаўчы цыкл балаў на трыццаць заважыў, – зноўку ўплішчыўся Майсюк са сваімі дрэсіраванымі шпількамі. – Прызнавайся, Эрнест, ты ж сваёй любімай выпускніцы ўсе дзясяткі паставіў?

– У мяне такіх любімых у кожным класе па тры штукі, – штучнай бравадай адбіваўся я.

– Ну, гэта ясна. Ты яшчэ вельмі сціплую лічбу назваў, – Ярык пацерабіў бараду, дзякуючы якой ён нагадваў маладога таліба. – Але ж Цыпіна для цябе нешта асаблівае… Ты, дарэчы, чаму на выпускным не быў?

– Ага, Эрнест Скіргайлавіч, чаму? – падтрымаў пытанне Альхімовіч.

Па нейкай наіўнасці я меркаваў, што ніхто не стане знітоўваць маю адсутнасць на выпускным вечары з асобаю Настассі Цыпінай, каторай я і сапраўды вывеў самыя выдатныя выніковыя адзнакі, якія толькі можна было вывесці згодна з рэфармаванай сістэмай ацэнкі ведаў навучэнцаў.

– Чым жа асаблівае? – пачынаў я караскацца на трамплін хлусні.

– Адносіны ў вас з ёй хіба не асаблівыя былі? – нібы тэлевізійны астролаг-аналітык, сустрэў Майсюк пачатак маёй хлусні дзеля збавення.

– Ды якія там, на сухі лес, асаблівыя адносіны! – уваходзячы ў стос, грымнуў я. – Як трэ’ былі адзнакі добрыя, дык хвастом за мной хадзіла ўся такая ласкавая і пяшчотная. Эрнест Скіргайлавіч, у-цю-цю, ля-ля-ля. Паштоўкі на святы. Усмешкі на кожным уроку. А як я журнал у канцы года згарнуў, дык адразу ўсю тую ласку, пяшчоту, кунегу, быццам бульдозерам зрэзала. Упс! І не шманае. Асаблівыя адносіны… Апошні званок памятаеце? Кветкі настаўнікам! Каму панесла? Мне? Не! Географу панесла, бо трэцім экзаменам геаграфію выбрала. Памяняла коніка пасля пераправы… – Нішто сабе, Эрнест Скіргайлавіч, – сумеўся Альхімовіч. – Мы і падумаць не маглі, што вы да Цыпінай так сур’ёзна ставіцеся.

– Так, хлопцы, спыніце гэты базар, – пасля працяглага маўчання ўрэшце азваўся Іскаліеў. – Рэч зусім не новая, і патэнт за яе вынаходку ты, Эрнесцік, трасцы атрымаеш. Можаш мяне дурня старога к чортавай матары адправіць, але я ўсё ж скажу табе сваё слова: кідай гэтае гіблае дзела. Я разумею ўсе твае спакусы. Але кідацца ў гэты вір з галавой вельмі небяспечная справа. Пакуль ты будзеш маладым, вочкі табе будуць строіць тысячы з іх. І ты халеры ўгадаеш, якая адна сапраўды жадае тваёй… кхе-кхе… ласкі, а не цудоўных гадавых адзнак. Пераключайся на каляжанак. Так будзе прасцей і бяспечней.

– Ды што вы такое прыдумляеце, Дзяніс Давыдавіч! – абурана выгукнуў я. – Я меў на ўвазе чыста чалавечыя адносіны, а не нейкія там спакусы.

Іскаліеў прамаўчаў. І фізік, і ўчорашні выпускнік таксама не выранілі ні слова. Павіслая пасля гучных рэплік цішыня дужа зацікавіла вісусаў са спортпляцоўкі. Алесь Альхімовіч зірнуў на іх і заспеў недаўменны погляд мацака-пераростка.

– Хімыч, што там? – звяртаючыся да Альхімовіча па мянушцы, на ўвесь школьны двор прашаптаў той.

– Разумееш, Лейка, калісьці даўным-даўно, гадоў так пяцьдзясят таму, калі школа толькі-толькі будавалася, адзін мужык замураваў у цагліне буйны брыльянт на 89 карат. Вось мы зараз шукаем, каб яго прадаць, а за атрыманыя грошы забамбіць у школе еўрарамонт, пабудаваць басейн з саўнай ды на сто год забяспечыць безлімітны доступ да звышхуткаснага інтэрнэту.

– А ты тут пры чым? – удакладніў Лейка і недаверліва плюснуў вачыма.

– А я ў долі, – зноў-ткі шэптам паведаміў Алесь. – Брулік жа вялікі… – Адломіш кавалак? – хцівасць пераростка ўзяла верх над недаверлівасцю.

– Хе, «адломіш»! Па-першае, за якія заслугі? А па-другое, так проста яго не адломіш. Патрэбны станок «Жылет» з плаваючай галоўкай… – Дык я, гэта самае, збегаю зараз. Куплю. На піве зэканомлю.

Мы ў чатырох пераглянуліся і, не стрымаўшыся, сталі трэскацца ад смеху.

– Але, Варонка, адразу бачна, як ты ў школе вучыўся, – заўважыў Майсюк, звяртаючыся да пераростка па прозвішчы.

– А што такое? – злёгку прыгаломшаны, круціў вачыма пацан.

– Ой, за ліхімі, за марозамі! Лейка, нават я ніколі не быўшы батаном, ведаю, што брыльянт ні «Жылетам», ні вось гэтым малатком не расколеш, – павучаў Альхімовіч. – А ты і павёўся на мой развод.

– Добрую варонку лейкай не назавуць, – нядбала кінуў я, прыгадваючы, колькі крыві мне ў свой час папіў гэты хлопец.

Варонка злосна зіркнуў на ўсіх нас, ненавідзячы за свой падарваны перад таварышамі-недалеткамі аўтарытэт. Яго погляд спыніўся на мне. Я не стаў адводзіць вачэй, колка свідруючы імі яго. Той намагаўся нешта сказаць, але ўрэшце толькі грэбліва махнуў рукой, буркнуў нешта сваім сябрукам і пасунуўся прэч. Тыя, быццам верныя янычары, пабрылі следам за ім.

– Ну, усё, хлопцы, трэба і меру ведаць. Досі ўжо працы, – урачыста аб’явіў Давыдавіч, і мы з ім пагадзіліся большасцю галасоў.

Наш невідочны напарнік Вальдэмар Мікітавіч паспеў нябачна для нас задаць лататы роўна а першай гадзіне дня – у зафіксаваны час сканчэння працоўнага дня настаўнікаў у час летніх вакацыяў. «Добра, што хоць ён не чуў пра Цыпіну», – чамусьці падумалася мне, і смутны, нібы шэрая зязюля, я пайшоў мыцца.

2

Эпапея з цэглаю працягвалася яшчэ колькі дзён. Тэма настаўніцкіх спакусаў у нашых гутарках больш не ўздымалася. Хутчэй з меркаванняў прывіднай паліткарэктнасці, а не таму, што яна нікога больш не цікавіла. Нават Майсюк стрымліваў свой язык. Я ж, не зважаючы на ўласнае зацятае маўчанне, бадай што ні на хвілю не мог выкінуць Настассю з галавы. Мяне дапякала тое ж самае пытанне, з якім я, нібы з вернай сябровачкай, прабавіў цэлы адпачынак: чаму Цыпіна так не па-людску сышла? Колькі б я ні напінаў на сябе маску страшэннага цыніка, я не мог схлусіць самому сабе. Дый калегі наўрад ці паверылі ў маю абыякавасць да Насты.

Успамінаўся апошні школьны званок і нечуваныя парывы ветру, змяшанага з попелам, што выбіваў з маіх вачэй чырвоныя слёзы, і я мусіў хавацца ад усіх у пустой актавай зале. Успамінаўся дождж, што ліў падчас выпускнога вечара, на які я не пайшоў, бо ведаў – сэрца не вытрымае яе абыякавасці… Я нырцаваў у хвалях собскай маркоты па дзявочых вабнотах. Я ганіў сябе, яе і свет цэлы, улучна з новаадкрытай планетай Сэднай. І пры ўсім, пры тым недзе ў глыбіні душы, недзе ў Марыянскім жолабе маёй збалелай душы я цепліў надзею на тое, што зусім неўзабаве адбудуцца змены на лепшае і мы будзем з Настачкай разам. Ну, з кім жа ёй яшчэ быць!

Магчыма таму яе наступнае з’яўленне ў школе выклікала ў мяне змяшанае пачуццё – келіх спадзяванняў напалам з роспаччу, залітай па вострым лязе нажа. Я столькі гадаваў і кунежыў боль галавы бясплённым пытаннем: «Дзе яна?», і вось Наста пераступіла школьны парог. Прыйшла, праўда, не адна. Дакладней яе адмыслова прыканваявалі ў школу дзве сяброўкі-аднакласніцы – таксама мае былыя вучаніцы – Арына Зарыцкая і Міла Шчодрык. Абедзве дзяўчыны паступілі на гістарычны факультэт. Арына на чыстую гісторыю. Міла на гісторыю з ангельскай мовай. Мне неяк адразу стала ясна, што і адна, і другая, памятаючы пра мае любасныя няпрухі, намагаліся хоць як палепшыць справы. Яны ўважліва сачылі за маёй рэакцыяй на прыход Цыпінай. У той момант я мог ім нагадваць Азірыса, які ўваскрос, або хлопчыка Васю Вясёлкіна, якому мама купіла яго любімае марозіва за 20 капеек. А што ж Настачка? А яна, як у кепскіх раманах, спачатку папросту не заўважыла мяне. А калі потым мы ўсе перайшлі ў кабінет гісторыі і сталі размаўляць пра жыццё, Наста была самай маўклівай, нібы сапраўды не мела чаго сказаць, а мусіла бегчы на цэнтральны рынак, каб зрабіць тэрміновыя закупы. Калі ж Арына і Міла выйшлі з аўдыторыі, каб праведаць іншых настаўнікаў, а я застаўся з Цыпінай сам-насам, яна раптоўна падскочыла з месца і стала нервова хадзіць па класе, знарочыста разглядаючы стэнды з партрэтамі беларускіх магнатаў ды шафы з кнігамі, якія яе ніколі дагэтуль не цікавілі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3