Відаць, скончыўся фальклёр на віцебскім Паазер'і. Як, бывае, сканчаецца інтэрнэт. Або бэнзін. Або кіно. У самы неспрыяльны момант на самым цікавым месцы – эратычным або там, дзе робіцца ясна, хто забойца. Нават павярхоўны стылістычны аналіз любога з тэкстаў гэтага «фальклёрнага» зборніка сьведчыць, што замест здаровай, аўтэнтычнай народна-карагоднай творчасьці чытачу падсоўваецца нейкі сурагат, сьпірт «Раяль». Той самы, які даводзілася некалі піваць у небясьпечных для жыцьця колькасьцях падчас этнаграфічнай практыкі. То бок прадукцыю мясцовых графаманаў, якую не надрукуе ніводзін часопіс – з радасьцю друкуе дзяржаўны унівэрсытэт. Апошні прытулак тых няшчасных геніяў, каго пакрыўдзілі праклятыя рэдактары. А можа, і ня з радасьцю друкуе?.. Можа, іх там прымушаюць? Іголкі пад пазногці заганяюць? Хацелася б верыць…
Культура, культурка… Чамусьці здавалася, што на фальклёр тое, што зь ёй, культуркай, адбываецца, пакуль не распаўсюдзілася. Сьвятая наіўнасьць. Калі ўжо культурка – тады і фальклёрчык: гэта непазьбежна. Прыгадваецца Зьезд народных сказіцеляў у 30-х гадах у Маскве, калі там сабраліся акыны, песьняры і кабзары з усяго Савецкага Саюзу. Хітрыя мужычкі і бабы, якія, ня ўмеючы пісаць і чытаць, тым ня менш хутка ўцямілі, па чым цяпер радок «народнае творчасьці», і пачалі гнаць сказы ды думы на злобу дня ў прамысловых колькасьцях: пра леніна ды сталіна, ды пра жалезных каней, ды пра цуда-лесьвіцы ў мэтро…
Вось было б усё гэта запісана як ёсьць – нармальнай беларускай трасянкаю. І адразу стала б на свае месцы. Добрыя былі б тэксты для якіх-небудзь беларускіх панкаў. «Нам тваіх ран не сашчытаць ў вяках твой подзьвіг праслаўляя…» І пра Чашнікі і марака цікава было б пачуць – але не па-расейску. Запісаная расейскаю ў амаль што навуковым зборніку, уся «народная творчасьць» імгненна робіцца нейкім адмысловым шавіністычным спэктаклем. Бо гэта ўжо падмена: нашага іхным, фальклёрнага – ідэалягічным, і насамрэч падмена гэтая робіцца на негалосную дзяржаўную замову.
Згодна з маёй Кнігай Кніг, на Віцебскім Паазер'і – свае тэмы. І свае ўлюбёныя часіны. І стылістыка нейкая ну такая ўжо фальклёрная:
Пэўне, так бабкі на Паазер'і пяюць. На сваіх віцебскіх гаворках… «Слоўна біблейская страка…» – выводзяць яны, забыўшыся, за каго галасавалі.
Наагул, віцебскі фальклёр, калі верыць кнізе, актуальны і сацыяльна-значных тэмаў не цураецца. Гэта вам не «Вось хто-та з горачкі спусьціўся». Гэта – народная беларуская песьня:
Паводле ўкладальнікаў зборніка, беларускі народ у сваіх сагах і паданьнях прытрымліваецца дзьвюхмоўя – строга ў адпаведнасьці зь дзейнай-бязьдзейнай канстытуцыяй. То бок калі і пяе песьні, дык такім паліті моўна-карэктным чынам, што не прыдзярэшся: дзесяць строфаў па-расейску, адна па-беларуску. Праўда, захаваць гэтую матэматычную роўнасьць атрымліваецца не заўсёды. Часам расейская бярэ верх. Але з народам не паспрачаешся. Ён сваё «так» сказаў, прыярытэты вызначыў і фальклярыстам засталося толькі прыняць да ведама новую, як для беларускай народнай творчасьці, сытуацыю.
І тут голая гераіня раптам успамінае, што яна і нармальным языком гаварыць можа – і праблема вырашаная сама сабою:
Беларуская мова займае ў кнізе месца роўна столькі, колькі заслугоўвае – на погляд віцебскіх вучоных. Не, ня трэба думаць, што крэолы Паазер'я далёкія ад патрыятызму. Зь ім якраз усё ў парадку. Абы з кім там, на Паазер'і, ня лягуць, а калі лягуць – дык не запяюць: