Наталья Васильевна Бабина - Рыбін горад стр 13.

Шрифт
Фон

– І да цябе прыходзіў?

– Не, наш участак яму не патрэбны. Вось тут, на пагорку, каля крыніцаў ён хоча будавацца. Дом адпачынку, а на самай справе, гаварылі хлопцы на рабоце, будзе бардэль.

– Што-оо?

– Бардэль. Блядзюшнік.

Няма словаў, маўчанне.

– А што ж міліцыя, улады? – спытала я няўпэўнена.

Толік толькі паціснуў плячыма.

Лялька-маладая ўзяла з міскі кавалак шынкі.

– Ведаеш, – сказала Улянка, калі мы вярталіся дадому, – а вось у гэтага Івана быў матыў жадаць бабінай смерці. Магу сабе ўявіць іх размову з бабуляй. І, здаецца, ён з тых, каго сумненні і сумленні не мучаць.

– А сёння ў яго, як я разумею, з’явіўся матыў жадаць і нашай смерці. І гэта ўзаемна.

Узаемна? Я крывіла душой, праўды няма куды падзець.

На Іванавым твары адбіліся тайныя знакі. Ёсць твары пустыя. Ёсць твары, поўныя цяжкога насення. А ёсць твары, на якіх адбітыя тайныя знакі. Гэтыя – самыя прывабныя. Вось такі твар у Івана. Твар, пастава, непустыя вочы – я заўсёды рабіла выснову пра людзей з першага погляду. Мала хто з першага погляду спадабаўся мне так, як Іван. Канечне, мы не прадамо яму дом, але навошта Уляна гаварыла з ім так рэзка?

У чалавека з такім тварам можна закахацца, больш за тое, яго можна кахаць, – думала я, верная мужава жонка, моўчкі ідучы далінай побач з сястрой. Не веру ў тое, што пра яго плявузгаў Толік. Проста яму зайздросцяць.

Калі мы прыйшлі дадому, Улянін мабільнік, які яна забыла, надрываючыся, аж скакаў па кухні, а да плота падрульваў Ленчын бусік.

Улянка вярнулася ад тэлефона задуменная, патлумачыла:

– Мне трэба заўтра на адзін дзень у Менск, тэрмінова выклікаюць.

– Ну дык чаго ты кіснеш? З’ездзі, калі трэба.

– Нt хочацца тут вас пакідаць.

– А што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?

– Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.

– Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?

– Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.

– Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.

– Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.

– Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з Іванам Міітрічам.

– Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…

– Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?

– У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.

– Раскажы.

– Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.

– А Куля – гэта хто?

– Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.

– Дык ён як гэта, крыша?

– Менавіта.

– І цябе крышуе?

– Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…

Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, ці не быў, а зло віравала, танчыла, балявала, падбіраючыся да нашай зямлі, якую Кукаль назваў грунтамі. Я б і саступіла, але побач са мной, на шляху гэтага дзікага танца, на парозе гэтай бальнай залы, стаяла сястра, і я ведала, што яна якраз не адыдзе. Ну а калі так, то і я буду побач з ёй.

– Не, Кукаль не падсыпаў бы ў каву кардыёстым, – пахітала галавой Ленка, калі Улянка прапанавала ёй гэтую версію. – Нават калі лічыць, што ён на такое здольны. Ён папросту падаслаў бы каго са сваіх ахоўнікаў – а іх у яго досыць – з нажом ці пісталетам – і справе канец. Хутка і надзейна. Тут нехта знаёмы, нехта, хто ведаў асаблівасці стану вашага здароўя…

– Але навошта? На якую халеру?

– А гэта ўжо, дзеўкі, не ў мяне пытайцеся, а ў сябе.

– Чуеш, а чаго ён так учапіўся за Дабрацічы, гэты Кукаль? Чаму яму менавіта тут закарцела будавацца? – спытала Уляна.

– А я знаю? У багатых свае капрызы: вось заманулася, і ўсё. Месца ля мяжы, недалёка ад трасы – на кліентаў спадзяецца. Дальнабойшчыкі там розныя, турысты… А можа, радовішча тут адшукаў нейкае. Нафту. Дык хоча купіць зямлю, пакуль ніхто не дазнаўся, я ведаю?

То ніц!

У задуменні, нага за нагу, брыла я на гарод, маючы ў руках матычку і вілы, а ў галаве – цвёрды намер давесці да ладу граду з трускаўкамі – як даніну памяці бабулі; бо па мне – то хай згараць яны ад гэтай пякельнай сушы, гэтыя трускаўкі, чым хутчэй, тым лепей… Сёння раніцай Улянка паехала ў Менск. У гарачцы збораў, кармёжцы клятай свінні (халера, ну нашто мне яна? – я ж, ясная справа, нават не змагу ўзяць у рот адбіўныя з гэтых тлустых сцёгнаў, бо буду памятаць гэтыя кемлівыя вочы!) я на нейкі час забылася на пытанні, якія займалі мяне ў апошнія дні, а вось цяпер, у адносна вольную хвіліну, па дарозе на гарод, яны зноў выплылі на паверхню, як бурбалкі балотнага газу з чорных нетраў. Прааналізаваўшы яшчэ раз усё, што адбылося, я вырашыла, што час ужо спалохацца і прыняць нейкія захады дзеля абароны сябе.

Раптам зза куста вывернулася на дарогу жанчына.

Спалохацца я паспела. А прыняць захады – не.

– Аксанка?! Як ты мяне напалохала! – я хацела з палёгкай уздыхнуць, але ўздых засеў мне ў горле.

Твар у яе быў жахлівы. Маска белай смерці. Калі спачатку я ўздрыгнула проста ад нечаканасці, то, прыгледзеўшыся, застрашылася менавіта таго, што кіпела ў яе вачах. Апошні раз мы бачыліся на пахаванні бабы, і тады, паабяцаўшы адна адной сустрэцца найбліжэйшымі днямі, рассталіся зусім мірна. Але цяпер яна была раз’юшаная, быццам вось толькі што, за хвіліну да гэтага, я нясцерпна яе пакрыўдзіла, зрабіла нейкую неймаверную шкоду, здрадзіла, забіла яе дзіця… Поўныя вусны аж скруціла ад злосці, а вялікія вочы звузіліся да шчалюбінаў.

– Ах ты, гадзіна! – ускрыкнула яна і моцна пхнула мяне ў грудзі.

Я ўпала ніцма, выпусціўшы з рук свой сельскагаспадарчы інвентар.

Аксанка схапіла маю цяпку, замахнулася зза пляча і секанула па мне. Я ў гэты момант ужо паднімалася, але адхіліцца не паспела – вострае лязо ўрэзалася мне ў спіну, пад лапатку. Гэта была старая бабуліна матычка, вастрынёй яна не саступала нажу: зробленая на замову кавалём адразу па вайне, з лёгкім альховым, адлякаваным часам тронкам.

Ад шоку, болю, нечаканасці я зноў упала.

– Аксанка, ты што!?

– Заб’ю! – Аксанка схапіла вілы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3