Празрыстасць і зразумеласць выкарыстання тэхналогій новых медыя захоўваюць у сабе яшчэ шмат няпростых даследчых задач, без вырашэння якіх грамадства не можа зразумець кірунак развіцця тэхналогій. Прадстаўленыя ніжэй тэсты неабходна разглядаць як спробу зразумець выклікі тэхналогій новых медыя ў кантэксце сучаснасці. І якім чынам гэтыя найноўшыя тэхналогіі дапамагаюць канструяваць і будаваць уласную культурную ідэнтычнасць.
Менавіта ідэнтычнасць як даследчыцкая праблема і можа быць той рамкай, якая дапаможа лепш зразумець сацыяльныя наступствы ад выкарыстання тэхналогій. Варта параўнаць падыходы, задэклараваныя ў гэтых эсэ, каб зразумець магчымыя вымярэнні для далейшых даследаванняў. Фактычна гэта можна разглядаць як аналіз наратыву прадстаўнікоў Z-пакалення пра інтэрнэт і новыя медыя.
Меметыка і мазаічная ідэнтычнасць з'яўляюцца спробай сабраць мазаіку ідэнтычнасці карыстальнікаў з асобных кавалачкаў (выказванняў, пастоў, мемаў). Гэты падыход магчыма ўпісаць у рамкі разумення працэсу сацыяльнага станаўлення, калі сацыяльны капітал напрацоўваецца крок за крокам, а не перадаецца ў спадчыну. Працэс станаўлення разглядаецца як засваенне норм і патрабаванняў, ці, іншымі словамі, з'яўляецца механізмам інкультурацыі.
Папулярнасць «Інстаграма» і яго ўплыў на праблему канструявання самарэпрезентацыі – гэта класічны псіхааналітычны пошук сябе паміж тым, як я сам бачу сябе, і як мяне бачаць іншыя (Іншыя). Таксама тут прысутнічае праблема множнасці ідэнтычнасцей, калі больш не існуе аднаго «дакладнага» адказу на пытанне пра ўласную ідэнтычнасць.
Паказная значнасць і дэманстратыўнае спажыванне ва ўмовах грамадства спажывання дапаўняюць гэтую канцэпцыю множнасці ідэнтычнасцей. Капіталізм сёння не проста метафара ці сацыяльна-культурная форма адносін у грамадстве – гэта ў тым ліку і форма арганізацыі сацыяльнай няроўнасці, якая ствараецца і спажываецца ў індустрыяльных маштабах. Гэта канвеерная вытворчасць ці тая самая індустрыя культуры, пра наступствы якой шмат спрачаліся яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
Адным з наступстваў падобнай індустрыяльнай вытворчасці ідэнтычнасці можа быць практыка сацыяльнай ізаляцыі праз камунікацыю. Гэта тое, што Ш. Туркле апісвала як «самотнасць разам» ці крызіс публічнай прасторы. Бо нават калі інтэрнэт-карыстальнікі збіраюцца разам, яны ўсё адно адасобленыя і татальна паглынутыя ўласнымі гаджэтамі. Месцы, якія раней былі адкрытыя для ўсіх ахвотных, цяпер прыватызаваныя і маюць абмежаваны час працы. Фармальна колькасць інтэракцый карыстальнікаў з дапамогай новых медыя імкліва павялічылася (лайкі, расшарванні, каментары), але рэальнае ўзаемадзеянне і практыкі салідарнасці сустракаюцца ўсё менш.
Часам гэта можна патлумачыць немагчымасцю знайсці паразуменне праз выкарыстанне розных знакавых сістэм. І гэта адкрывае новую старонку ў традыцыйнай праблеме двухмоўя, калі мова не проста інструмент для камунікацыі, а сродак для мыслення і канструявання сусвету. Цікава ўбачыць адметнасці новых медыя. Карыстальнікі друкарскіх машынак былі абмежаваныя не толькі ў «выбары» гарнітуры для друку, але і ў магчымасцях выкарыстання розных моў. Новыя медыя вырашылі гэтую праблему – колькасць усталяваных моў залежыць ад патрэб карыстальнікаў, але ці ёсць гэтыя патрэбы – вось у чым пытанне. Чалавек можа думаць на любой з моў, якія ведае, і для гэтага не патрэбна пераключаць раскладку клавіятуры, але яна спатрэбіцца, каб аформіць наша выказванне ў новых медыя.
Падобная тэхналагічная залежнасць можа быць заўважана і ў кантэкстнай рэкламе, якая ўлічвае моўныя наладкі карыстальнікаў. А натыўная відэарэклама, выкарыстоўваючы адпаведныя алгарытмы, будзе размаўляць з намі на адпаведнай мове. Прычым алгарытмы спажывання будуць здольныя апісаць карыстальнікаў лепей, чым бы яны самі гэта зрабілі.
Примечания
1
Manovich, L. The language of new media. – MIT press, 2001.
2
O’Reilly, T. What Is Web 2.0: Design Patterns and Business Models for the Next Generation of Software. // International Journal of Digital Economics – №. 65 (March 2007). – C. 17—37.
3
Жижек, С. Интерпассивность. Желание: влечение. Мультикультурализм. – Спб.: Алетейя, – 2005. – 156 с.
4
Lovink, G. Zero comments: Blogging and critical internet culture. – Routledge, – 2013. – C. 32—35.
5
Fairfield, J. The «internet of things’ is sending us back to the Middle Ages // The Conversation – 6.09.2017 – https://theconversation.com/the-internet-of-things-is-sending-us-back-to-the-middle-ages-81435.
6
Fuchs, Christian. Social media: A critical introduction. Sage, 2017.