– Не трэба, – спыніла яго Даша. – У нас не бандыцкі Пецярбург і яшчэ светла. – Абула красоўкі. – Ну, пакуль і дзякуй за ўсё яшчэ раз.
Яна нават цмокнула Колю ў шчаку, пакінуўшы след ад губной памады, але сышла. Зачыніўшы за ёй дзверы, Пінокіа аб'ехаў па дзвярах уніз, на кукішкі. Пабеглі кропелькі слёз па шчаках. Карцела выць плачма, але хлопец прымусіў сябе супакоіцца. Ён знайшоў татаву заначку, схаваную ад мамы, непачаты пачак «Космасу» (мама не любіла тытунёвы дым, а тата сказаў ёй, што кінуў, хоць курыў па-ціхаму), уключыў на поўную «Группу крови» Цоя і закурыў, няўмела, адкашліваючыся. Коля скурыў такім чынам тры цыгарэты запар, але палёгка не прыйшла.
Эпізод 9
Дом культуры стаяў у самым цэнтры мястэчка, зрэшты, як і школа, у якой вучыліся Таня з Дашай. Толькі школа размяшчалася крыху ўбаку, бліжэй да жылых дамоў. Дом культуры ж атачалі адміністрацыйныя будынкі.
Таня прывіталася з вахцёрам, прайшла праз фае, паднялася на другі паверх, увайшла ў танцклас, дзе ўжо стаялі на расцяжцы ля станка Аля, Юля і Руслана.
– Прывітанне, – кінула Таня дзяўчатам, на хаду распранаючыся.
– Рана ты сёння, – заўважыла Аля.
– Ды нас класуха проста з раніцы са школы папёрла, – прызналася Таня і дадала: – Прыкіньце, дзеўкі, мы з Дашкай Белай у Пінокіа ўвесь дзень прадрыхлі.
– А хто такі Пінокіа? – зацікавілася, пра каго кажа Таня, Юля.
– Ды хлопчык з класа, – адказала тая.
– І як? – зацікавілася.
– Ды ніяк, – паціснула плечукамі Таня. – Там усё так запушчана…
– Зусім бесперспектыўны? – не адставала Юля.
– Не тое слова, – сказала Таня. – Табе там лавіць сапраўды няма чаго. Не абломіцца.
– Ну ты ўсё адно тэлефончык чаркані, – папрасіла Юля.
– Ты чо, сур'ёзна? – не магла паверыць Таня.
– Не, прыкалваюся. Дыктуй тэлефон, Паўлоўская, не жміся, – заявіла Юля.
– Ды на, – Таня адшукала нумар тэлефона Пінокіа ў сваім тэлефоне, дзе захоўвала нумары ўсіх аднакласнікаў і не толькі, на ўсялякі выпадак, – шкада, ці што? – прадыктавала. Юля набрала прадыктаваны нумар у сваім тэлефоне і захавала яго.
– Усё адно не разумею, – прамовіла Таня потым, – нафіг табе Пінокіа? Ты ж яго не бачыла ніколі?
– Вось і пазнаёмлюся, – парыравала Юля, – адвянь, Паўлоўская.
– А Белая як? – спытала Аля.
– Ды з-за яе класуха нас і выперла, – адказала Таня. – Ну, і з-за Пінокіа. Прыкіньце, ён на Хвалея палез, абараняў Дашку.
– Нездарма тэлефончык запісала, – выдала Юля.
– Хвалей, гэта адмарозак той, які на Мікалая Міхайлавіча скакаў? – удакладніла Руслана.
– Ну, так, – пацвердзіла Таня.
– Які малайчынка, – пахваліла Пінокіа Юля.
– Так а з Белай што? – Алі не цярпелася пачуць падрабязнасці.
– Яна прыйшла ў школу як эма, – працягвала Таня. – Класуха, пакуль ніхто не ўбачыў чорна-ружовую Дашку ў балетнай пачцы і Пінокіа з пабітай губой, папрасіла сысці. А паколькі Пінокіа паплахела, мы суправадзілі яго дахаты.
– Бедны хлопчык, – уставіла Юля.
– Ну і… – уважліва слухала Аля.
– Ну і я сышла, а Дашка заставалася яшчэ там, калі я сыходзіла, – скончыла Таня.
– А ён з ёй нічога не зробіць? – гэта Руслана пацікавілася асцярожна.
– За цэлы дзень нічога не зрабіў, – адказала Таня, – не зробіць і далей.
– Упэўнена? – уважліва паглядзела на яе Аля. – Вы былі ўдвух. Зараз яна адна. Кеміш?
– Я цябе ўмаляю! – запярэчыла Таня. – Пінокіа не маньяк. Ён нават не ў курсе з якога боку падысці да дзяўчыны.
– Ну-ну, – прамовіла Аля. – А Дашка ваша рэальна крутая, – раптам прамовіла. – Хоць адстой гэты разварушыць, сабе, праўда, у шкоду. Але я буду хварэць за яе.
Размова прыпынілася пры з'яўленні харэографа Сяргея Мялешкі – жанчынападобнага маладога чалавека аднаго ўзросту з Мікалаем Міхайлавічам. Яны не сябравалі, але па працы даводзілася сутыкацца. Між іншым, Сяргея дзяўчаты клікалі толькі па імені. Не таму, што менш паважалі, а таму, што ну смешна звяртацца да сяброўкі, як да Мікалая Міхайлавіча. Дзяўчаты ставіліся да свайго кіраўніка з любоўю, але не як да мужчыны. Сяргея гэта не хвалявала і ніяк не кранала. Ён ведаў і любіў сваю справу, а яго асабістае жыццё і асабістыя прыхільнасці нікога не павінны былі калыхаць.
Рэпетыцыя пачалася.
Для размінкі паўтарылі «Дзікія танцы» Русланы. Потым выканалі некалькі хіп-хопавых рэчаў, з якімі перамаглі на абласным конкурсе сучаснага танца. Пасля Сяргей паведаміў, што прыйшлі паперы з Міністэрства культуры аб правядзенні тэматычнага рэспубліканскага конкурсу «За квітнеючую Беларусь», які пройдзе ў сталіцы дзяржавы ў снежні. Іх калектыў запрошаны прыняць удзел. Значыць, трэба шукаць новую музыку і новыя вобразы. Усе пагадзіліся і, безумоўна, узрадаваліся. Пачнецца сапраўдная цікавая праца. Надакучыла ўжо паўгода адно і тое ж танчыць.
Выходзілі ажыўленыя і адухоўленыя будучымі пераменамі.
На ганку курыў Мікалай Міхайлавіч. Убачыўшы Таню, падклікаў, папрасіў затрымацца. Таня развіталася з дзяўчатамі, падышла да Мікалая Міхайлавіча.
– Ужо дамоў? – спытаў Мікалай Міхайлавіч.
Таня кіўнула.
– Бутэрброд хочаш? – пацікавіўся Мікалай Міхайлавіч.
– Хачу, – не адмовілася Таня. Яна страшэнна прагаладалася за цэлы дзень. Як толькі ногі не працягнула?…
Мікалай Міхайлавіч адкрыў партфель, які стаяў на падаконніку за спінай, вынуў папяровы скрутак, у які былі загорнутыя бутэрброды з каўбасой. Мяркуючы па ўсім, калі партфель з ім, Мікалай Міхайлавіч таксама вызваліўся і адмыслова чакаў Таню, чагосьці хацеў ад яе.
– Слухай, Паўлоўская, – пачаў Мікалай Міхайлавіч, працягваючы дзяўчыне бутэрброд, – я тут п’еску адну знайшоў. Хачу паставіць у нашай установе.
– Так стаўце, – прамовіла Таня, прымаючы бутэрброд, – я пры чым?
– Ды пры тым, – сказаў Мікалай Міхайлавіч, – што ты павінна ў ёй выканаць галоўную ролю.
– На жаль, не магу, – адразу адмовілася Таня, кусаючы бутэрброд.
– Гэта чаму яшчэ? – здзівіўся адмове Мікалай Міхайлавіч.
– У нас конкурс намячаецца, – жавала Таня.
– Танцулькі ці што? – зразумеў Мікалай Міхайлавіч.
– Не танцулькі, – паправіла Таня. – Вельмі важны танцавальны конкурс рэспубліканскага маштабу. Сярожа так сказаў.
– Калі справа толькі ў Сярожы, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, – я з ім пагавару.
– Не трэба, – запярэчыла Таня. – Я хачу танчыць.
– Так, добра, – падхапіў Мікалай Міхайлавіч партфель пад мышку, а Таню ўзяў за руку, – пойдзем, праводжу цябе, па дарозе пагаворым.
– Я так папярхнуся, – не паспявала за вялікімі крокамі Мікалая Міхайлавіча Таня. Прыйшлося яму падладжвацца пад хуткасць дзяўчыны. – Так значна лепш, – задаволена прагаварыла яна.
– Ты ж не чытала яшчэ п'есы! – стаяў на сваім Мікалай Міхайлавіч.
– Нафіг мне яе чытаць, калі граць у ёй не буду, Мікалай Міхайлавіч? – адбівалася Таня.
– Ты мне павінна, памятаеш? – нагадаў Мікалай Міхайлавіч.
– Ну памятаю, – пагадзілася Таня. – І чо? Вы мяне цяпер увесь час шантажаваць будзеце? Дзяўчат мала? Аглядзіцеся вакол! Толькі свісніце – з усіх кутоў збягуцца.
– Мне не патрэбныя ўсе, Паўлоўская, – настойваў Мікалай Міхайлавіч. – Патрэбна ты і патрэбна тая, Белая, здаецца…
– Чо? – спынілася і застыла, як скамянелая, Таня. – Мікалай Міхайлавіч, вы чо, запалі на Дашку? Не ведаеце, як падваліць да яе, дык выдумалі п'есу нейкую?
– Не мялі лухты! – нядобра бліснулі вочы Мікалая Міхайлавіча. Ён адкрыў партфель, дастаў жоўценькую кніжачку, зборнік п'ес Кацярыны Ткачовай, разгарнуў на патрэбнай старонцы. – П'еса называецца «Прывітанне, Маша!».
– Хутчэй «Прывітанне, Даша!», – адным вокам зазірнула Таня ў кніжку.
– У пьсе – дзве галоўныя ролі і дзве другарадныя, – прамовіў Мікалай Міхайлавіч, вочы яго зноў пацяплелі. – Ролі гэтыя нібы адмыслова для вас напісаны. Вазьмі кніжку і прачытай уважліва. Я думаю, да цябе дойдзе пасля чытання, што п'еса гэтая значна важнейшая за танцулькі твае.
– Ды добра, не крыўдзіцеся вы, – узяла кніжку Таня, – прачытаю я вашу «Прывітанне, Дашу!».
– Не рабі мне ласку, – папярэдзіў Мікалай Міхайлавіч. – Прачытай уважліва. П'еса кароткая, шмат часу не зойме.
– Праехалі ўжо, Мікалай Міхайлавіч, – пагладзіла яго па руцэ Таня. – Прачытаю абавязкова.