– Блін, Пінокіа, – асела яна, – ты хоць дапамагай мне мала-мала, варушы поршнямі.
– Прабач, Даша, – прашаптаў Пінокіа, – галава закружылася.
– А жопа ў цябе не закружылася? – вырвалася ў дзяўчыны.
Таня падставіла сваё плячо. Ужо не так цяжка. Удваіх яны давалаклі Колю да жаночай прыбіральні на друхім паверсе. Далей цягнуць не было сіл.
– Давай заходзь, – адчыніла дзверы Таня. – Тут цябе ніхто не патурбуе.
– Ды не ламіся ты, – падпіхнула аднакласніка Даша. – Упіраецца яшчэ. – Увайшла следам за ім.
Таня адчыніла фортку, узлезла на падаконнік, Даша прысуседзілася побач. Пінокіа плёскаўся ў ракавіне. Таня закурыла. Даша папрасіла ў яе цыгарэту.
– А не самлееш? – перасцерагла тая сяброўку, нагадаўшы суботні інцыдэнт. – Важдайся потым з двума інвалідамі.
– Не жміся, – параіла Даша. – Горш не будзе.
– Ды мне не шкада, – працягнула Таня цыгарэту і запальнічку. – Калі чо, – папярэдзіла, – не ный потым.
– Блін, во мужык пайшоў! – закурыўшы і паціраючы плячо, сказала Даша. – Хліпкі, няўстойлівы.
– Не скажы, – паспяшалася запярэчыць сяброўка. – Мікалай Міхайлавіч цябе ўсю дарогу на руках нёс.
– Толькі я гэтага не памятаю, – уздыхнула Даша.
– Затое памятаю я, – запэўніла Таня. – Павер, гэта было.
Даша дастала з торбы пачак пракладак, вынула з пачака адну, працягнула Пінокіа.
– Разламі яе як-небудзь і ў рот зафігач, – сказала. – І не крывіся, кроў спыніш. І, – быццам нешта ўспомніўшы, дадала: – дзякуй табе.
– Завошта дзякуй? – спытаў Пінокіа, прымаючы пракладку.
– Слухай, не рабі з мяне ідыётку. І не прымушай усумніцца ў табе, а то я падумаю, што памылілася, – адказала Даша.
– Праехалі, – скончыў спрэчкі Пінокіа.
– Чо рабіць будзем? – дакурыўшы, спытала Таня ў прысутных.
– А чо рабіць? – паціснула плячыма Даша.
– Ну не ў сарціры ж сядзець, засмуродзімся, – заўважыла Таня.
Раптам адчыніліся дзверы і ў прыбіральню зайшла Марыя Пятроўна.
– Не зразумела?! – утаропілася яна на Пінокіа, які стаяў пасярод памяшкання з разарванай пракладкай у руцэ, і на дзяўчат ля акна, якія, хоць ужо і пакурылі, але дым да канца не выветрыўся, але больш на Пінокіа. – Што тут за пасядзелкі? Чаму не на ўроку? Што ты наогул робіш у жаночай прыбіральні? – накінулася яна на Колю.
– Не крычыце на яго, – уступілася за юнака Даша. – Ён ахвяра абставін.
– Гэта хто там такі разумны? – перакінуўся позірк Марыі Пятроўны, маленькай, кругленькай, як піражок, але звонкай жанчыны. – Белая, ты? Што за карнавал? Зараз жа змыць! Ты ў школу прыйшла ці куды? Будзь ласкава адпавядаць!
– А я адпавядаю, – сказала Даша. – Самой сабе.
– Так, – стрымліваючы гнеў, але раз'юшана раздзімаючы ноздры, прамовіла Марыя Пятроўна, – тут не месца і не час для спрэчак. Жыва ўсе трое выйшлі прэч адгэтуль, і каб я вас праз дзве хвіліны бачыла ў кабінеце рускай мовы і літаратуры!
– У нас хімія па раскладзе, – успомніла Таня.
– Я бачу, Таня, – заўважыла Марыя Пятроўна, – не сляпая, што ў вас хімія. Марш у клас! – раўнула так, што шкло ў вокнах задрыжала.
– У які? – удакладніў Пінокіа.
– Коля, не тупі, калі ласка.
– Выходзь, Пінокіа, – Таня падпіхнула аднакласніка да дзвярэй і шэптам дадала: – А то класуха пі-пі ў трусы наробіць.
– Зразумеў, – кіўнуў той, і аднакласнікі выбеглі ў калідор.
Кабінет рускай мовы і літаратуры, куды адправіла іх Марыя Пятроўна, быў пусты. Класуха рыхтавалася да свайго ўроку, другому па раскладзе. Яна магла б наогул не прыходзіць з самай раніцы. Аднак, мабыць, дома часу на праверку сшыткаў з сачыненнямі падапечнага класа бракавала. Таня першаю заўважыла сшыткі на стале, адзін разгорнуты.
– Зазірнём? – прапанавала Дашы і Пінокіа.
– Атас! – спыніў яе Коля, пачуўшы крокі, якія набліжаліся за дзвярыма.
– Хутка яна, – прамовіла Даша, сядаючы за першую парту ад акна. З ёю побач села Паўлоўская. Пінокіа заняў парту за імі.
– Гэта не яна хутка, – прагаварыла Таня, – а мы марудна.
Вучні дружна ўсталі, калі Марыя Пятроўна зайшла ў кабінет. Селі, калі настаўніца сесці дазволіла.
– Што з тварам, Кот? – гэта яна Пінокіа. Кот – яго прозвішча. Шчака ў хлопца раздулася, але, хутчэй за ўсё, ад пракладкі, няўмела ўсунутай у рот. На шчацэ следу ад Хвалеева кулака не застанецца, зачэпленая губа будзе некаторы час гаіцца, але там таксама амаль непрыкметна.
– Упаў, – падняўся Пінокіа. – Спатыкнуўся і ўпаў, – дадаў.
– Каго выгароджваеш, Коля? – не паверыла Марыя Пятроўна.
– Хіба я ўпасці не магу? – задаў Пінокіа пытанне настаўніцы.
– Чаму ж, можаш, – пагадзілася Марыя Пятроўна. – Аб чый кулак спатыкнуўся? – раптам стрэліла словамі ў лоб. Коля аж разгубіўся.
– Чаго вы яго зневажаеце? – зноў уступілася за юнака Даша з месца. – Ён, можа, як рыцар паступіў? Ці вы думаеце, што кволыя акулярыкі не здольныя на рашучыя дзеянні? Патураеце розным Хвалеям… у якіх… адна звіліна ў мазгу, і тая крывая.
– Белая, не трэба нервавацца, – асекла дзяўчыну Марыя Пятроўна. – З табой што? Паглядзі на сябе. На смерць падобная з фільмаў жахаў. Як цябе бацькі з дому выпусцілі ў такім выглядзе?
– Прывыкайце, – заявіла Даша. – Цяпер смерць будзе прыходзіць у школу кожны дзень, акрамя выходных.
– Што ты нясеш, Белая? – фальшыва ўсміхнулася Марыя Пятроўна, хібна прыняўшы вучаніцу за псіхічна-нездаровую, магчыма, часова. Трэба пачакаць да заўтра, а затым рабіць канчатковыя і рашучыя высновы. – Так, – рашылася на нейкія меры, – мне надакучыў гэты балаган. Вас хто-небудзь бачыў з настаўнікаў? – спытала.
– Дзядзька Пеця бачыў, – адказала Таня.
– Ну, дзядзька Пеця не ўлічваецца, – адмахнулася Марыя Пятроўна. – Вось што, ідзіце-ка вы па хатах. Я вас адпускаю. Заўтра спадзяюся ўбачыць вас ранейшымі і здаровымі.
Дзяцей як вецер знёс. Калі такое было, каб Марыя Пятроўна кагосьці адпускала з урокаў?! Яны не марудзілі ні секунды. Раптам раздумаецца. Да таго ж з урокаў па панядзелках – адно фуфло. Фізра, хімія, русліт, алгебра, фізіка, факультатыў па фізіцы.
Але што рабіць? Куды падацца? Такая рань яшчэ. Да Паўлоўской не сунешся: там бабуля – зацятая кансерва. Яна нават музыку, якая ўнучцы падабалася, не дазваляла слухаць, абзывала яе, гэта значыць музыку, казліным бляяннем і какафанічным вэрхалам. А яшчэ паздзірала постары з Мэрлінам Мэнсанам, Ларсам Ульрыхам і Цоем са сцен над Таніным ложкам. Сказала, што рана ёй на мужыкоў заглядацца, ды яшчэ замежных, ды яшчэ страшных такіх. Вось павесіла б партрэты Талкуновай, Ганны Герман, Марыны Капура, Лешчанкі, Ратару. І песні ў іх выкананні б слухала, а не бязглуздзіцу варожую. Для яе ўсё замежнае і ўсе замежнікі – ворагі. Асабліва немцы. Ну гэта зразумела. Аднак яна адмаўляла і ўсе астатнія нацыі, акрамя рускай. Па тэлевізары глядзела толькі расійскія серыялы і толькі расійскія навіны, беларускія навіны на рускай мове. Прэзідэнта Беларусі падтрымлівала і галасавала за яго заўсёды. З-за прэзідэнта гэтага яна пасварылася з роднай дачкой. Ну а тая, абраўшы шлях апазіцыянеркі да існуючай улады, збагрыла матулі сваю дачку і знікла ў невядомым кірунку. Можа, яе і ў жывых даўно не было, а можа, жыла дзе-небудзь у Амерыцы. Так, Таніна бабуля не ўзрадуецца ўнучкіным гасцям. Ды і як бы яе ўдар не хапіў пры выглядзе Дашы. Адпадае.
Дашын тата дома, па-любасу. І хоць ён не перашкода, Даша сказала, што да яе нельга. Не хацела яна ісці дадому.
Заставаўся Пінокіа – адзіны сын бацькоў-інтэлігентаў. Яго мама працавала загадчыцай дзіцячай бібліятэкі, а тата – вядучым фотакарэспандэнтам у раёнцы. Натуральна, дома іх не было. А Колю ўсё адно трэба было дамоў. Без акуляраў ён бачыў, але слаба, і пачуваўся не ў сваёй талерцы. Усё расплывалася і здавалася несапраўдным. Ён нават сам сабе здаваўся несапраўдным, калі глядзеўся ў люстэрка. Растапырка нейкі, а не Коля Кот.
– Ну чо, Мікалай, – узяла Таня яго за локаць, – запросіш прыгожых і самотных дзяўчын на агеньчык?…
– Хадзем, вядома, – узрадаваўся Пінокіа, заўсміхаўся.
– Ды выкінь ты ўжо гэтыя свае тампоны! – параіла Даша. – Кроў ужо даўно спынілася.
Дом, у якім жыў Пінокіа, стаяў на вуліцы паралельна вуліцы, на якой стаяў дом, дзе жыла Даша, толькі справа. Спачатку ішло паштовае аддзяленне, потым невялікі кірмашык, галоўным чынам тэхнічных тавараў і аўтазапчастак, потым дом Пінокіа, з паліклінікай на першым паверсе, далей – рэдакцыя раёнкі, паркавая зона, за ёй грыбамі прыватныя двары.