Павал Касцюкевіч - Зборная РБ па негалоўных відах спорту стр 21.

Шрифт
Фон

Выдых. І чорная паласа заканцоўваецца, рассыпаецца ды ў непадрыхтаваныя зрэнкі джыгаюць тысячы сонцаў, што крышаць раёк і працінаюць мозг колючым болем. Аднак урэшце атрымліваеш тое, дзеля чаго ты і вяртаўся на паверхню, не мог не вярнуцца: нагбом выпітая шклянка чыстага паветра.

Няма чалавека, які любіць суку-крата. Нават баба Маня, святая кабета, бабуля з адукацыі і па нараджэнні, якая во і пеўняў літасціва забівае ўдушаючым прыёмам абгорнутага вакол галавы вышытага ручніка, нават яна, згледзеўшы на гародчыку чарнічную кірпу ў атачэнні земляных камякоў, хапае добра заіржэлы тамагаўк, жвава падскоквае да разрытай норкі, і абедзьвюма скурчанымі артрытам і шматвектарнасцю тутэйшай гісторыі рукамі пляжыць, пляжыць ўжо і так знявечаны дол. Сука, сука, сука!..

Ці забіла? Скулля!

У суботу-нядзелю, укленчыўшы, баба Маня засыпае просьбамі нябеснае адміралцейства, каб тое ўрэшце спісала на бераг суку-крата і суку-краціху з Ноевага авіяносца. У панядзелак яе малітвы пачутыя на калгасныя нівы прыязджаюць пажарныя машыны і сорак дзён ды сорак начэй МНСнікі ліюць воду ў гэтыя бяздонныя шахты, у галавакрутныя лабірынты, што спраектаваў злы марыярці айчыннага падполля на, на, на!

Вада сыходзіць, і на свет Божы выплываюць дзесяць трупікаў палёвак і пацукоў, парутройку Сямёнычаў і Францавічаў, нават адна жаба лопнула ад такога напору. І хоць бы адна су... Стоп-стоп, а што гэта чарнее на траве побач? Гэта нажаль толькі ягоная чорная шапачка і сонечныя акуляры. Такі пазбегнуў праведнай адплаты: растаў як цукар, сука-крот, сплыў, уцёк, змыўся на іншы ўзровень.


Што сядзіць у мазгу гэтага пякельнага выпаўзня:

якая мудрагелістая машына,

якая макабрычная агрэгаціна?

Хто кіруе гэтымі неўтаймаванымі нічым паводзінамі?

Хто грае на генным аргане гэнага арганізма гэтакія пачварныя гімны?

Ад усіх тых шматлікіх пытанняў і вольнадумных тлумачэнняў у дыктатара торгаецца шчака ды з напругі страляюць коркі генералісімускіх эпалетаў. А баба Маня па-простаму, па-рабоча-сялянску, трапляе з інсультам у рэанімацыю.


Карэспандэнт: А зараз дамо слова кіраўніку службы аховы і па сумяшчальніцтве ўнуку бабы Мані. Таварыш службіст-унук, як вам удалося схапіць падземную пачвару?

Кіраўнік службы аховы: На тры-пятнаццаць І што характэрна на допыце ўсіх запрадаў, сука: яўкі, паролі, рыбныя месцы. Нават родны хвост.

Кар.: Што інкрымінуецца гэтаму запраданцу?

КСА: Вынаходства геены вогненнай, разбурэнне Пампеі, канструяванне калодзежа і ківача, усе забойствы на вуліцы Морг. І яшчэ

запішыце: баскервільскі сабака закончыў сваю спрынтарскую кареру ў грымпенскай дрыгве дзякуючы зламысна спланаванаму дзеянню (ці бяздзеянню) гэтай сукі.

Кар.: Запішам. Дык, дарэчы, дзе цяпер гэты чорны капач, хай тройчы будзе праклятае ягонае імя? У кампетэнтных сутарэннях?

КСА: Не зусім там. Як бы гэта вам сказаць, каб нічога не сказаць... Ну, вы самі ўсё цудоўна разумееце... Ён на іншым узроўні... У іншых вымярэннях Божыя дарогі нязведныя і вядуць углыб. Чакры і мантры, усё ахутана цемраю і акультнымі паходнямі. І ў дадатак ніхто з нашых пацаноў, ну хоць страляй, не разумее па-крацінаму, разумееце?.. Адным словам, допыт мы яму рабілі так бы мовіць... э-э, невербальна... э-э, дыстанцыйна... Наўслеп ідучы па лабірынтах крацінага мозга... Дэдуктыўную фантазію і крыміналісцкі вымысел ставілі ў галаву следства. Адным словам, мы патушылі ў канторы святло, запалілі свечку, ўсёй аператыўнай групай селі ў кола, узяліся за рукі, сказалі модлы, і дапыталі ягоны дух.

Вось жа: падагнаўшы бабе Мані ў больніцу апельсіны, а дыктатару ў рэзідэнцыю невялічкае радовішча нафты, у жоўтай шапачцы лідара, у брыльянтавых sunglasses ад Армані, сука-крот няспешна сплаўляецца па Леце ў бок цэнтра зямлі. Без натугі той цэнтр мінае і вуньдзе ён: злавесным антыподам набліжаецца да Аўстраліі. Трохі запыняецца на зямной паверхні і расце. Сука-крот ўвышкі з ранча, шматпавярховік, сіднэйскую тэлевежу. Дамарослым кінг-конгам паглядае на ўсё гэта і на ўсіх нас чыста рэальна зверху ўніз. І толькі тады стартуе ў неба: як тузік грэлку рве зямное прыцягненне, прастае лапакрылы і самавітымі ўзмахамі кіруе да зор, каб прасвідраваць у космасе дасканалую чорную дзірку, якая ўсіх нас і ўрое.

Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту


Сёння лапта, заўтра кёрлінг. Там, у алімпійскім камітэце, палічылі, што трэніровачныя базы і спартоўцы па ўсіх відах немэтазгодна. Кракет, пола, даміно, гарадкі. Так, шчырая праўда: для начальнікаў краіны месца на педэстале не раўнуючы пераможны бліцкрыг супраць Малдовы, аднак як мудра пастанавіў камітэт, для ўсіх гэтых нязначных відаў адной каманды у самы раз.

Мы зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту. Адна каманда, адзін трэнер, адна халера: кракет ці чукбол. Выязная спортбрыгада. 2025 плячыстых на жывот і касцістых на язык барбудас, з фіналам еўрабачання замест эякуляцыі, гаражным сэксам з «аўдзюшкай» замест выходных. Звычайная васьмігадзінная піздзячка з працоўнай кніжкай і паўторкавымі запоямі. Спартовыя рознарабочыя, мы ніколі не ведаем, што будзе сёння.

Тэк, зборнічкі, разабралі па клюшцы і аквалангу і марш у аўтобус: сёння на Цнянцы чэмпіянат свету па падводным хакеі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3