Павал Касцюкевіч - Зборная РБ па негалоўных відах спорту стр 20.

Шрифт
Фон

А ці не зрабіць нам прывал на Месяцы?

А ці не зрабіць нам прывал на Месяцы?

Кавалькада перагоншчыкаў збочыла ў бок неўрадлівай камлыгі беларускага спадарожніка. Мішаньчык, вядома, ужо меў планы:

Давай гэты джып, зноў пачулася ў радыё ягоная прапанова.

Перагоншчыкі развярнуліся і хапатліва прыпусцілі наўздагон адной з «Аўдзюшак».

Патрыманы джып стаў быў уцякаць, віхляючы і кружляючы. Яго намагаліся ўтаймаваць жэзлам даішніка і чырвонымі выблісковымі маячкамі, але на шматразовыя заўвагі джып не зважаў адно шалёным дзіком працягваў свае ўпірыстыя, але безнадзейныя ўцёкі. «Ну, сучына вымя!» чужым голасам зароў Толік, і, дастаўшы лазерны кольт, пачаў смаляць па колах. Джып перакуліўся, потым яшчэ раз, трохі загарэўся (выбухаюць іншамаркі толькі ў кіно) і, патухлы, спыніўся пасярод месяцовага плато. З капота паваліла пара.

Толік падляцеў першы атамнай нажоўкай адрэзаў кавалак ад дымлівых яшчэ шынаў. Чорная гума крыху апякала рот, і, па шчырасці, смак быў паскудны: з пылам, пяском, але ж гэтак смакавала ягоная паляўнічая перамога. Працягваючы жаваць, Толік запусціў руку ў кішкі джыпа і выняў адтуль яшчэ трапяткі прывадны пас. Перапэцкаўшыся ў счарнелую аліву, накруціў пас на палец на манер таго, як накручваюць спагеці на відэлец і таксама выправіў услед за кавалкам шыны. Гэтым разам было цалкам уежна.

Мішаньчык падскочыў неўзабаве, падстаўляючы рот пад мяшанку антыфрызу і кіпеню, што хвастала з днішча капота. Крыху апаліўшы тонкія вусны і смуглявыя шчокі, апянелы, алжырабеларус заплюшчыў вочы. На закуску лазерным мачэтэ вырубіў лапік абшыўкі з пярэдніх дзвярэй. Яшчэ дымлівы па краях ліст са скрыгатам знік у Мішаньчыкавай глотцы, выклікаўшы на твары ўсмешку праставатай задаволенасці. Мішаньчык зазначыў:

Не люблю новыя іншамаркі сала нагуляць не паспяваюць.

Але тут самы цымус не перабольшыць, заўважыў Толік, у якога на зубах хіжа храбусцелі заднія фары. Калі пачне ржавець корпус, дык трэба як хутчэй на зарэз. Бо паўгода марудзіш іржа змятае ўвесь каркас, і тады адзінае месца, куды можна затуліць іншамарку да ваўкавыскага мясакамбіната на аўтатушонку.

Ага, пускаць у ежу заржавелыя іншамаркі гэта ўсё адно, што з галадухі набіць лантух прычэпам «Зубраня», сказаў Мішаньчык і нястрымана зарагатаў.

Па-над імі, займаючы ледзьве не палову зорнага неба гіганцкай запаскай, навісала родная Беларусь. Толік прымружыўся, гатовы зуб даць, што амаль бачыць, як на яе пабітых меліярацыяй міжземнаморскіх прэрыях пры святле фараў гуртуюцца купкі такіх самых, як і яны, абцёрханых перагонамі і качавой жыткай, мужчын. У падзёртых скуранках, уцепленых клятчастых кашулях і залапленых джынсах каўбоі-перагоншчыкі самавіта служаць усяночную ля прыдарожных вогнішчаў. Вогнішчы шугаюць і кідаюць свае дагістарычныя блікі на мужчынскія твары, а на ражне, сцякаючы машынным тлушчам, накручвае кіламетраж асвежаваная туша «Фольксваген Гольфа».

Сука-крот


Нават дыктатар не можа нічога парабіць з кратом. Гэтая сука (у сэнсе, крот) проста чарнявая шэльма!

Насупраць пагорка, прыведзенага перад парадам у стан баявога кургана, на трыбуне туліцца гарант канстытуцыі, якога абляпілі: лампасы, народныя масы, паветраныя асы, фізкульт-папуасы. Усе як на шпільках нават ветрык перад праходам танкаў баіцца падзьмуць неяк не так.

І раптам ні стуль ні ссюль, пасярод акту нацыянальнага кучкавання хто гэта так выкшталцона вынырвае з-пад зямлі, лянотна выпускаючы фантанчык нашага неўрадлівага суглінку? Увесь такі ў чорнай шапачцы і ў блішчастым ныральным строі з натуральных матэрыялаў? Ну, вось той, што паблажліва аглядае свет сонечнымі акулярамі гузікаўвачэй? Як клічуць гэтага андэграунднага персанажа, што пакідае сярод дасканалага смарагду пафарбаванай травы на пагорку раз, два, пяць, сто чорных воспін непарадку і непрыхаванага выкліку? Хто, халера яго не возьме, гэты кайфаломшчык?

А свята тым часам ужо незваротна сапсаванае: народныя масы замест каб сузіраць парадную веліч захапляюцца карцінным краціным нырцаваннем у дзёран. Паветраныя асы, пралятаючы па-над курганам, бюцца аб заклад аб колькасці кучак на траве, і як вынік бюць на паваротах баявыя машыны. А здзеклівая жывёліна прыпускае далей адпальвае па-мастацку: піруэты, па, нават патройныя сальты. Занураецца, вынырвае, таньчыць брэйк-дэнс, спалучаючы сінхроннае плаванне з фігурным коўзаннем. Сука-крот!

Лампасы ліхаманкава аналізуюць усе краціныя рухі, па-за шырмаю непрадказальнага паказальнага выступу шукаюць схаваны сэнс. Можа, гэтымі чорнымі партызанскімі вогнішчамі сука-крот пазначае іншаземным дэсантнікам пасоўнае месца для прызямлення? Ці, пры дапамозе зашыфраванага малюнка кучак, злівае касмічным акупантам каардынаты нашай Зямелькі?

Сука-крот гэта табе не калабаранцкая мошка, памяркоўны каларадзец або бесхрыбетная тля. Яго не возьмеш голымі апыленнямі. Вынырвае там, дзе не чакалі, дае нырца туды, дзе не зловіш. Ведаеце што? Сука-крот нават горшы за суку-кляшча, бо вупыр шматгадовы.

І шырокапрофільны. Ссе ўсё запар: палеткі, працоўны час, нервы, спрадвечны гуманізм нашага народа.

Удых. І падземная цемра прыспаным космасам праносіцца абапал, пакідаючы галактыкі светлякоў далёка ззаду. У глыбіню: праз парваныя кабелі каранёў, цераз пакручастыя тунэлі і бясконцыя галерэі. Паўз спалоханыя позіркі іншых жыхароў падземя. І родзяцца мімохадзь дзёрзкія думкі, бліскавічныя пачуцці: нібыта гуляеш са смерцю на яе тэрыторыі і робішся навочным сведкам, як усё-ўсенькае па страваводзе матухны-Зямлі нясецца ўсё бліжэй да немінучай развязкі. А кіпцясцыя лапы не раўнуючы канцавіны птэрадактыля правяць гэты бліскучы і цмяны палёт. Нікога не асвятляць, не свяціцца самому, усё пры сабе, сам у сабе, воля.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3