Начны разбой, здрада, забойства, рабунак усе гэтыя зявы адбываюцца ў рэальнасці і таму адлюстраваныя ў мове. Учынку ж прыгожай правадніцы нават не знаходзіцца назвы, бо гэты ўчынак горшы нават за Чыкацілавы. Прыгожая правадніца запрадала святы абшчак, стуканула на ўсю дзявочую арцель разам. Паказала мытнікам схованку на дзвесце бутэлечак кантрабанднага шампуню. А сама ж, сучка, у долю ўвайшоўшы была! «Там, там, таварыш капітан, далібог, на столі, за вентыляцыяй, за краткамі, толькі за якімі дык не скажу. Не я хавала».
І вось яны перад абліччам святой інквізіцыі стаяць: Марыечка, Даначка, Тарэсачка і Айка. На каторую ні глянь усе пагалоўна сумленне нацыі, а маўчанне іх глыбокае, як возера Шо. Мытнікі зганяюць пасажыраў з наседжаных месцаў і, пераможна сцяўшы зубы, адкручваюць вентыляцыйныя краткі. І ў гэтай цішыні, дзе чуваць, як аб задушлівае паветра вагона бюцца анёльскія крылы ашмянскіх цётак, здрадніцкі жывот Тарэсачкі зедліва буркоча: «А вось у Шчорсах украінскія мытнікі адкручваюць прадухі за восем секундаў».
Мытнік з адкруткай на верхняй паліцы перастае пачувацца бравым тэхнікам «Формулы-1», які пайшоў на рэкорд па хуткаснай змене шынаў. Яго толькі што прынізілі да статусу ідыёта-пераростка, што на вачах аднагодкаў-падлеткаў калупаецца пластмасавым шуфлікам у пясочніцы. Мытнік мае вочы зацкаванай панды, якой няма чаго страчваць. Ой, Тарэсачка, што ж ты нарабіла...
Пад рулямі казённых калаўротаў ашмянскія цёткі па ўсім вагоне самі адкручваюць вентыляцыйныя краты.
Бачу, бачу! крычыць з далёкага канца вагона Айка.
Шампунь?! радасна выгуквае мытнік.
Неба!
Злосны, як кракадзіл, мытнік сунецца ў той канец, каб пакараць словалюбную тарбэшніцу. Але паспявае пабачыць толькі яе азадак у палонцы вентыляцыйнай шахты. Ногі Айкі звіваюцца, як вадзяныя змеі. Тулава ж, падуладнае невядомай сіле, пакрысе ўвінчваецца ў адтуліну. Айка, бы тая з анекдота пчала, выгадаваная прагрэсіўнымі бээсэсэраўскімі пчалярамі да памераў слана, «у вулей пішчыць ды лезіць». Мытнік спахопліваецца, але не паспявае ўхапіць, і пяты Айкі спрытна знікаюць у вентыляцыйнай адтуліне.
І вось Айка па той бок акна: крамяная, мажная, у вэлюме цягніковага дыму. Смачна лунае ў паветры літоўскім цэпелінам. Яе ногі вясёла збіваюць вакзальнае паветра на казіны сыр. Айка праз шыбу круціць мытнікам дуліну, на поясе ў яе торба кантрабандных шампуняў.
Семафорны мост, яна ўчапілася за семафорны мост над вагонам! бурчыць няўрымслівы Тарэсаччын жывот.
Аднак тут па завэдзганым экране акна пралятае грымотны таварняк. Та-тах-тах-тах, татах-тах-тах сто сценабітных таранаў у кірунку брамы далёкай Брэсцкай крэпасці. Грукат аціхае. Ашмянскім цёткам і гудагайскім мытнікам засціць вочы жалобная ашаломленасць. Няма больш Айкі над каляінай лунае толькі сузоре мыльных бурбалак. У іх зіхцяць маленькія тварыкі Айкі, на якіх усмешкай чашырскага ката застыла кплівая грымаса. Вецер ненавязліва так зносіць бурбалкі ў бок літоўскай мяжы.
Яна паспела залезці на арматурыны маста! зноў заходзіцца жывот Тарэсачкі.
Седзячы на семафорным мосце, упараная ад міжвольнай гімнастыкі, Айка зноў усміхаецца сяброўкам і памежнікам і непаслухмянымі пальцамі зноў выкручвае дулю. У другой руцэ сутаргава сціскае адзіную ацалелую бутэлечку «Дароў Палесся». Густы як чыгун, зялёны як гуталін, шампунь вылузвае з бутэлечкі, і, не раўнуючы як матылёк з кокана, ператвараецца выхадзе ў бязважкія бурбалкі.
Яна паспела залезці на арматурыны маста! зноў заходзіцца жывот Тарэсачкі.
Седзячы на семафорным мосце, упараная ад міжвольнай гімнастыкі, Айка зноў усміхаецца сяброўкам і памежнікам і непаслухмянымі пальцамі зноў выкручвае дулю. У другой руцэ сутаргава сціскае адзіную ацалелую бутэлечку «Дароў Палесся». Густы як чыгун, зялёны як гуталін, шампунь вылузвае з бутэлечкі, і, не раўнуючы як матылёк з кокана, ператвараецца выхадзе ў бязважкія бурбалкі.
Адзін з мытнікаў траціць прытомнасць.
І тут з глыбіняў космасу прылятае вогненная камета запозненая рэакцыя Галактычнага Розуму, які ўсё ГЭТА і стварыў, а цяпер чыста па-чалавечы стаміўся. Бо як так можна столькі стагоддзяў з насельнікамі гэтай планеты было ўсё ў парадку усясветная туга, мукі душы, усё ў такой манеры. А тут бач ты: праз сценкі вагона людскога прашыліся ашмянскія цёткі і нахабна разгайдалі светабудову. Камета дашчэнту выпальвае Айку з цэлым кавалкам семафорнага моста. Уф, ну, нарэшце...
Развярнуўшыся ў Вільні, асірацелы без ашмянскіх цётак цягнік бяжыць ад літоўскай мяжы праз сібірскія снягі на ўсход, у сэрца нашай Радзімы, Магілёў. У вагоне ціха падае снег. Прыгожая правадніца рыдае каля тытану выбуховай хваляй камета выбіла шыбу ў яе купэ, і кантрабандны пітон, схаваны пад ложкам, спруцянеў на марозе. На месцах, указаных працаўнікамі саставу, сядзяць выключна ўнутрырэспубліканскія пасажыры. Пра існаванне замежных краінаў яны чулі адно з бяскроўных вуснаў тэлевядучай. Яны нічога не ведаюць пра вадаспады і фантаны віленскіх гіпермаркетаў, пра мегатруфелі вышынёй з піраміду Хеопса, пра тое, што ёсць на грэшнай зямлі такія Даначка, Марыечка і Тарэсачка і што была такая Айка.