Я ўбачыў цябе і мяне прашывае нейкая такая бліскавіца, аднак я не парупіўся нічога зрабіць: я спісваю сваё захапленне табою на алкаголь, які я толькі што ўжыў у слановых дозах, ці на сваю творчую экзальтаваную натуру, пра якую пры любым няўдалым павароце майго жыцця заўсёды любяць нагадваць мае сябры. «Асобам творчага характару патрабуецца пэўнае кіраванне». Ты таксама пазіраеш на мяне і хочаш пазнаёміцца, але і сама не дужа ведаеш, што трэба сказаць мне, за што зачапіцца.
Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Мюнхене, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы.Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.
Я ўбачыў цябе і мяне прашывае нейкая такая бліскавіца, аднак я не парупіўся нічога зрабіць: я спісваю сваё захапленне табою на алкаголь, які я толькі што ўжыў у слановых дозах, ці на сваю творчую экзальтаваную натуру, пра якую пры любым няўдалым павароце майго жыцця заўсёды любяць нагадваць мае сябры. «Асобам творчага характару патрабуецца пэўнае кіраванне». Ты таксама пазіраеш на мяне і хочаш пазнаёміцца, але і сама не дужа ведаеш, што трэба сказаць мне, за што зачапіцца.
Ратунку няма. Сумота касманаўта ў захраслым на Месяцы міжпланетным тарантасе не падобная ні да чаго. І нават не будзем параўноўваць яе з усімі гэтымі фільмамі пра сапсаваныя падлодкі, дзе экіпаж цэлы фільм чакае ўратавання і на экране паказваюць, як праяўляюцца іх найлепшыя пачуцці: спагада, лагода, чуллівасць. У процівагу падводнікам касманаўт адзін душою, ды ніхто ж не збіраецца здымаць яго на кінастужку. Ён беспрытульна гойсае па адсеках, між чатырох сценаў, усё роўна як шукаючы іншых чальцоў экіпажа, у якіх ён змог бы паплакаць на плячы ці прынамсі паказаць фотку сямі. Усё астатняе таксама яўна не кажа на карысць параўнання захраслага на Месяцы карабля з загрузлай на дне акіяна падлодкай: ні табе рыбаў, якіх можна праз ілюмінатар убачыць, ні табе тарпеды, якую можна пусціць дзеля спагнання сляпой злосці. Раз-пораз касманаўт няўзнак блямкаецца лабацінай аб чыгунныя сценкі ракеты і разятрана пляжыць нагамі катамаранныя педалі ў кабіне пілота.
Адно добра радыё на Месяцы хоць і не вельмі, але працуе. Яго ж для чалавецтва вынаходзілі двойчы: расіец Папоў і італьянец Марконі, і таму прынамсі ў гэтым плане касманаўту пашэнціла. Касманаўт дасылае на Зямлю паведамленне: так і так, дастаўце, калі ласка, на Месяц паліва і скафандр...
Ці варта казаць, што адпраўшчыкі ракеты на Зямлі ў недалікатнай манеры, уласцівай гэтай недасканалай версіі быцця, адпраўляюць касманаўта яшчэ далей і прыпячатваюць, што другога касмічнага карабля няма і гадоў -наццаць не будзе, бо абсалютна ўсе сілы чалавецтва былі кінутыя на гэты першы. Больш за тое: ім абсалютна не ясна, як касманаўт увогуле дапяў да Месяца, бо праз недасканалыя дасягненні нашай цывілізацыі ад яго чакалі ну, максімум, пару віткоў вакол Зямлі і якога траўматычнага звароту напаследак. Што да скафандра як высвятляецца, яны ўвогуле не ў курсе, што значыць гэтае слова.
І не ведаем, ці варта дабіваць касманаўта звесткамі пра адсутнасць флікераў. У крыху горшым свеце апошнія хвіліны касманаўта будуць азмрочаныя ў простым сэнсе гэтага слова: ён будзе пазбаўлены нават гэтай дробнай асалоды у сваёй нікчэмнай бляшанцы-караблі любавацца адлюстраваным бляскам зорак.
І вось для мяне і цябе, якія ўчэпіста ўперыліся адно ў аднаго позіркамі на нью-ёркскай вуліцы, наспявае час размінуцца, як усякім міжсобку незнаёмым людзям. І ў самую гэтую хвілю старэчы голас з усходнееўрапейскім акцэнтам гучна прапануе нам купіць расаду для кактусаў. Я запавольваю крок: на хісткім століку вулічнага дзівака стракаціць усё-ўсялякае: тэлефонныя слухаўкі з уштукаванымі ў іх невялічкімі тэлевізійнымі экранамі, мініяцюрныя рускія печкі, што паляцца шчэпкамі і могуць змясціць усярэдзіне дробныя бутэрброды ці невялікую талерку катлетаў. Ты таксама падышла і пасміхаешся, гатовая рассмяяцца. Мы зноў побач. Я ліхаманкава шукаю вачыма, за што б зачапіцца на дзядоўскім стале, каб разгаварыцца, але нічога такога, пра што можна спытаць. «Божа, хоць што-небудзь!» прашу я ў думках. Але адзінае, што мне ўдаецца прыдумаць, гэта ўдавана гучным, разлічаным на публіку тонам спытацца:
«А, можа, у вас яшчэ, дзеду, і бензапіла для пазногцяў ёсць?» «Ну так, якраз на днях вынайшаў!» адказвае ўсходнееўрапейскі дзядок і да майго здзіўлення і радасці выграбае са свайго зборнага майна мініяцюрную скрыначку, якая чымсьці нагадвае гільяціну для пальцаў. Твае вочы шырока расплюшчваюцца, як у дзяўчынкі, якая толькі што ўбачыла фокус. Ты шчыра рагочаш і нават нечакана па-сяброўску ляпаеш мяне па плячы. Мы нарэшце пазіраем твар у твар, вочы ў вочы, а ты падаеш руку і сурёзна кажаш: «Воля».
Тым часам касманаўт пры поўным парадзе без скафандра, але ў блакітнай лётчыцкай пілотцы і трыко, з голым торсам і кансаровым нажом у кішэні робіць свой першы, яўна не самы дасканалы, крок па Месяцы.