Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.
Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.
Дапусцім, я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну. Бо, бачыш, нават без цябе ў мяне яўна маглі быць сякія-такія варыянты. Яна амаль як ты, досыць нішто сабе такая. Нешта-нейкае ёсць жа. Яна, можа, не надта эфектная, але вельмі эфектыўная. І ўсе сябры, якія бачаць нас разам, пагаджаюцца: я зрабіў слушны выбар. Больш за тое: калі мы з ёй няспешна ідзем па вуліцы, дык на нас заўжды азіраюцца мы, можа, не самая прыгожая пара, але дужа гарманічная. Ці, хутчэй, азіраюцца на нашых дзетак. Так, я забыўся: у мяне нарадзіліся ад яе дзеці-анёлы, якія ўвогуле па-за паскудствамі дарослых разбораў.
Ды што тут дадаць: усё, усё ў норме я ж увогуле не ведаю, што ты існуеш. І ў нас не адбылося гэтага пякучага расставання, бо не было наагул уцешнай сустрэчы. Усё нармальна: я бадай ніколі не плбчу ад любасці, калі гляджу на спячую жонку.
Дапусцім, што касмічны карабель усё гэтае прадпрыемства з кансаровымі бляшанкамі і роварнымі насосамі для напампоўкі свежага паветра з грахом напапалам адарвалася ад зямнога прыцягнення і цяпер мае на мэце скарыць Месяц.
Усё шэрае, грувасткае. Тушаніна з кансароўкі вытрыбушылася і дурным метэарытам лунае ў бязважкасці, а тлушч бязлітасна пэцкае абабітыя вагонкай сценкі карабля, а таксама касманаўцкае трыко. Рухавік карабля люта дрыгаціць ажно ў зямляніна крыху спыняецца сэрца. Мёртвым ухопам учапіўшыся ў чорную абаранку руля, касманаўт умываецца потам і агаляе торс, бо карабель, пазбаўлены нявынайдзеных кандыцыянераў, напаліўся да беласці. Праз недасканаласць замкоў яны навясныя прабіліся сякія-такія шлюзы, і ў задніх адсеках плёхаецца адкрыты космас... Аднак, па вялікім рахунку, жыць, а дакладней ляцець, можна.
Дапусцім, ты на нейкім этапе таксама знаёмішся з іншым хлопцам: паўгоду вы сустракаецеся, яшчэ год жывяце разам і ўрэшце вы з ім жэніцеся. Увогуле ён станоўчы чалавек, у меру прыгожы, можа, і не да канца табе падабаецца, але ат, сыдзе, і не робіць табе ніякіх праблемаў. Табе з ім някепска, спакойна. Калі б я сустрэў яго на вуліцы, дык абавязкова забіў бы, ці, прынамсі, зламаў нос. Але я і думаць не думаю пра яго як, дарэчы, і пра цябе, бо, бачыш, мы ж адно аднаму чужыя людзі.
І вось на сваім недасканалым караблі касманаўт усё ж да Месяца дапяў. І ён ужо гатовы расчыніць нагою шлюз, каб выйсці на паверхню, як раптам яму прыходзіць да галавы, што здзейсніць гэта няма ў чым. Памятаеце, мы ж сказалі, што ў нашым караблі ўсё будзе трошачкі горш, на ўзровень ніжэй? Дык вось, у гэтай выдуманай рэальнасці, трохі горшай рэальнасці, адпраўшчыкі касмічнага карабля забыліся вынайсці скафандр. Ну, ясная рэч, у іх было столькі праблемаў: з тарфяным палівам ды з іншымі нягеглымі прыстасаваннямі. Тыя адпраўшчыкі, можа быць, нават паспрабавалі вынайсці які бартавы кампутар, але ў іх ні халеры не атрымалася. І за гэтымі ўвіханнямі і змарнаваным імпэтам яны дазвання забыліся на вынаходніцтва такога, па сутнасці, простага аксэсуара, як герметычны скафандр. Рукі не дашлі да рэчы, без якой, пагадзіцеся, скараць Месяц досыць нязручна і недарэчна.
У давяршэнне няшчасцяў у ббках скончылася тое звычайнае паліва, якога выдаткоўвалася ўдвая больш, чым калі б у іх залівалася тое, якое мог бы вынайсці Барыс Кіт. Далёт назад яўна адмяняецца.
Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Мюнхене, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы.Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.