Павал Касцюкевіч - Зборная РБ па негалоўных відах спорту стр 10.

Шрифт
Фон

«Ты мне быў сябрам!» я смаляў Андрэю ў жывот, і той ляцеў носам у хмызы (адкуль яны там, на лётнішчы?). Мроячы гэта, я цалкам разумеў, што лепшага сябра ў мяне не будзе давеку, аднак я без ваганняў паўтараў забойства кожную наступную ноч.

Мае мроі забіць найлепшага сябра былі крышталёва чыстымі, як гаўняшкі немаўляці. Я забіваў сябра гэтак часта, што адшліфаваў уяву да звінячай дасканаласці: дастаткова было легчы і заплюшчыць вочы, як стужка майго фільма закручвалася самохаць і ва ўсіх ранейшых дэтальках пачынала наноў разыгрывацца ідэальна дапасаваная трагедыя. Я засынаў з усмешкай на твары.


***


Аднак забойства не было апафеозам маіх фільмамараў. Да таго ж гэта быў цэлы серыял. Вось ён я, на амерыканскай зямлі са сваёй баявой сяброўкай (відаць, прамацеркай усіх тых аголеных дяўчат, якія потым у падлеткаўстве напакуюцца ў мае мроі): нам па дваццаць аднаму, і мы, яшчэ нават не паспеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-ёркскай школе на бездакорнай ангельскай вучым амерыканскую дзятву расійскай мове. Дарэчы, у сваім школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым ангельскую якраз для ваенных і да іх падобных мэтаў інакш начорта ўсе гэтыя выдыганні з: «Pass me your money please! Саn I have your watch?» нашто нам словы, якія ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны не будуць гучаць у загадным рытме, якому, не раўнуючы як настаўніцкая ўказка, дапамагае калашнікавая руля?

Я лічыў, што выкладаць амерыканятам расійскую мову ў першыя пасля перамогі дні звышважна. Дзеці ж ні ў чым не вінаватыя і прагнуць сапраўдных ведаў: праўдзівай матэматыкі, праўдзівай біялогіі і такой сама хіміі. Праўда возьме сваё, нягледзячы на тое, што раней ім дзяўблі, што добрае гэта дрэннае і наадварот. Я думаў, што амерыканскім дзецям трэба адно як след усё патлумачыць, зрабіўшы гэта на самай правільнай мове свету расійскай. Пасля гэтай уявы мне таксама спалася соладка.

***


У 19601980-я гады ў СССР была такая завядзёнка: на святы школьнікі дасылалі паштоўку з віншавальнымі словамі якому-небудзь былому франтавіку з іншай рэспублікі. Майму дзеду, які прайшоў Сталінград, такую паштоўку даслаў адзін школьнік з Уфы. Віншаванне пачыналася словамі: «Вітаю цябе, мой франтавы таварыш!». Дзеда гэты зварот моцна развесяліў, і гісторыю з лістом башкірскага хлопчыка ён распавядаў потым шмат каму. Мяркуючы па частаце яе паўтарэнняў і па ягоным заўсёдным смеху, гэтая гісторыя апынулася сярод тых нямногіх ударных жартаў, якія цешаць і мацуюць чалавека праз усё жыццё, ды якіх за ўсё тое жыццё будзе штук дзесяцьдваццаць, не больш. У мяне самога назапашана колькі такіх хвацкіх показак, напрыклад, пра аднакласніка Юру Лібмана, які на загад фізрука прыйсці ў школу з лыжамі прывалок санкі, а стоячы з імі пры пастраенні, апраўдваўся, што папросту на лыжах не ўмее.


***


Тады, у дзяцінстве, я выдатна ведаў, што, калі б дых перацяла патрэба, дык я, не вагаючыся, аддаў бы жыццё за двух людзей: за свайго дзеда, а таксама за Леніна, калі б той быў жывы.


***


Дзед быў добрым дзедам і бацькам. А вось мужам ён быў горш не прыдумаеш: здрады з рознымі жанчынамі ды іншыя збытныя прыкрасці і непрыемнасці. Намучыўшыся, бабуля яшчэ ў маладосці развялася з ім, што ў тыя часы лічылася нечувалым скандальным учынкам. Дзед жа да глыбокай старасці ужо пабраўшыся другім шлюбам працягваў бурліва ліставацца са шматлікімі каханкамі, дасылаючы ім палкія прызнанні і сякіятакія грошы. Перад самай смерцю дзед сказаў маёй маці: «Алачка, ведаеш, старасць такое паскудства! І калі хто пачне цвердзіць, што яна, у параўнанні з маладосцю, мае свае плюсы, плюнь таму чалавеку ў твар!»


***


А вось ніжэйшае на адзін абзац выслоўе таксама прагучала незадоўга да смерці прамоўцы. Падчас Карыбскага ракетнага крызісу ўсё зямное людства, кажучы метафарычна, з уласнай ініцыятывы пашыхтавалася край Вялікага Каньёна і здранцвела слухала тлумачэнні сусветных лідэраў, якія, тыцкаючы пальцамі адзін у аднаго, навыперадкі палка выкрыквалі, з нядобрай ласкі каго з іх зараз усё людства разам павінна скочыць у бездань. Дык вось, тое выслоўе, якое прамовілася неўзабаве пасля той глабальнай мізансцэны:«Нашы праблемы створаны чалавекам, і, знакам тым, развязаць іх таксама зможа чалавек».

Аўтар Джон Кенедзі. Ён прамовіў гэтыя словы студэнтам Вашынгтонскага ўніверсітэта за шэсць месяцаў да ўласнай смерці. Ну, я губляюся ў здагадках, на якога чалавека намякаў у гэтым выказванні ананімны Кенедзевы спічрайтэр: можа быць, на самага вядомага ў свеце менчука Лі Харві Освальда?


***


Дзяцінства прамінула ў Менску, ля дзіцячай чыгункі, названай у гонар партызана-падрыўніка, работніка чыгуначнага дэпо Канстанціна Заслонава.

Не хаваю, катацца па чыгунцы, якая носіць імя чалавека, чыім заняткам сталася рамантаванне цягнікоў, а потым іх падрыванне, было трывожна. На той чыгунцы пад наглядам дарослых працавалі дзеці: дзеці-машыністы, дзеці-кандуктары, дзеці-праваднікі, а станцыю атачаў парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў такі сабе дзіцячы лес. Згэтуль я зрабіў выснову, што паміж хваінаў парку знойдуцца таксама дзеці-падрыўнікі, якім дарослыя прачыталі кароткі, але змястоўны курс бомбабудавання і рэйкаразбурэння.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3