Камандзір Саўл, не задавайце дурных недарэчных пытанняў.
Потым яшчэ выдаюць энзэ бляшанку свіной тушаніны з надпісам: «Кашэрна, з дазволу галоўнага рабіна ўсяя Беларусі, рэбе Менскага і Бабруйскага, Сруля Кузлачыка». Але я ўжо маўчу. Сруль Кузлачык гэта галава.
Сядзім, паелыя, у нягеглых хлапечых абдоймах трымаем «калашы». Чакаем дзьмухаўцовай навалы. Прыгадваю аднаго паўзнаёмага маляра, які не любіў зялёнага колеру. Чуючы, што нехта хоча пафарбаваць фасад або плот у зялёны, дужа злаваўся: «Замала вам зялёнага: лясы, трава?! Колькі, ваць машу, можна памнажаць тугу?».
Я не хачу паміраць, я такі малады і таленавіты, у мяне студэнты, навуковы працэс без мяне не пойдзе! раптам крык. Пазнаём голас прафесара, знаўцы слуцкіх паясоў Цімаці Шнайдэра.
Зможа, не баісь, цэдзіць у адказ знаўца беларускай літаратуры, прафесар Арнольд Макмілер.
Нашто я пайшоў да беларусістаў?.. Мяне ж запрашалі на зезд паланістаў ў Літавэл і літуаністаў ў Палангу...
Будзь мужыком, вазьмі «калаш» у рукі, злавесна шэпча знаўца белліту.
Але ў нас іншая зброя М-16, надзейная вінтоўка амерыканскай пяхоты... Я хачу М-16!..
Няма тут М-16, што тут незразумела?! Вось арэхавы прыклáд, вось баёк наладаваў, націснуў курок, наладаваў зноў. І калі трэба, памрэш, сабака, за беларускую літаратуру.
There is nothing to die for!
You told me!
На вэрхал, круцячы пагрозлівым вокам Сарумана (двума) завітвае дырэктарка харэаграфічнага каледжа:
Чаго, яўрэйская секцыя, усхадзіліся?!
Таварыш вярхоўны камандзір, ну, мы тут... дзелімся ўражаннямі... Бо што тут яшчэ рабіць?
Маліцца!
Я дурэю, колькі ў Вольфа ўсялякіх яўрэйскіх штучак, юдэйскага сувенірнага барахла: менора-адкрывалка, Сцяна Плачу-запальнічка, бюст Ягвэ, і вось калі ласка бел-чырвона-белая ярмолка. І, значыцца, Вольф, і атэіст я, і аўтар ідыш-беларускага слоўніка Алесь Астравух, які ўвогуле хрысціянін, пачынаем малітоўны напеў. І «Шма Ісраэль», малітва, якая ў мінулым ужо не выратавала не адну тысячу чалавек, зноў лунае на манер заспакаяльнай мантры: «шма ісраэль гаспод наш бог, гаспод адзін ёсць, дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш паверх, цяпер шукаюць наш пакой...»
Дырэктарка харэаграфічнага каледжа няспешна, з веданнем справы, выцягвае з-за пазухі імянны агнямёт.
Італійцы набываюць кватэры на Карла Маркса. Фарбуюць сцены ў белы колер.
Улетку выстаўляюць на падваконні
вазоны з кветкамі. Узімку садзяць на іх сваіх высачэзных каханак.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны дораць ёй пярсцёнак з дыяментам.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію адпачыць на моры. І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію знаёміцца з мамаю.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны бяруць з ёй шлюб.
А ўлетку італійцы сядаюць у свае машыны І едуць дарогамі Беларусі. Бясконцымі,
як стужкі Мёбіуса.
І нідзе яны не бачаць белага колеру.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны дораць ёй пярсцёнак з дыяментам.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію адпачыць на моры. І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію знаёміцца з мамаю.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны бяруць з ёй шлюб.
А ўлетку італійцы сядаюць у свае машыны І едуць дарогамі Беларусі. Бясконцымі,
як стужкі Мёбіуса.
І нідзе яны не бачаць белага колеру.
Толькі залатое жыта, толькі зялёная бульба
і толькі шэрыя помнікі Леніну.
Вось такую гісторыю распавёў мне будаўнік, Які фарбаваў сцены ў маім пакоі.
Ён хацеў пафарбаваць іх белым.
Таму і расказаў мне пра італійцаў2.
2 Урывак з верша Андрэя Адамовіча Італійцы
Мой франтавы таварыш Курт Вонегут
У дзяцінстве кожны вечар перад сном я марыў, як забіваю свайго найлепшага сябра. Во як. З цягам часу мае начныя ўявы запоўнілі аголеныя жанчыны, але ж ад васьмі да трынаццаці гадоў я, вечар пры вечары, метадычна і мэтаскіравана забіваў свайго найлепшага сябра Андрэя Кузьменку. Я забіваў яго стрэламі з пісталета, няспешна ды канчаткова, з кіслым смакам шкадобы ў роце, які напоўніцу кампенсаваўся слодыччу выкананага абавязку, што расцякалася недзе ў сярэдзіне жывата...
Трэцяя сусветная падгрэбла да свайго лагічнага завяршэння: мы іх сцёрлі ў кіслы яблык. У маіх думках усё збольшага выглядала, як тое прапаноўваў фільм «Тэрмінатар»: лазеры, бластэры, пакарабачаныя кібаргі і непераможаныя мы. Я ўжо паспеў добра паваяваць, і калі ўсе пераканаліся ў маёй адвазе, пасярэдзіне вайны мяне прызначылі быць контрвыведнікам. Мой жа найлепшы сябра пацёгся крывой дарожкай запраданца.
Чаму дзеля гэтай нехлямяжай ролі я абраў менавіта яго? Па-першае, я быў пэўны, што толькі мой найлепшы сябра, які ўсё разумее і амаль усё ўмее, дасць рады гэткай складанай ды пакручастай ролі.
Па-другое, мая падсвядомасць неяк так зветрыла, што гераічныя мары, здзяйснення якіх прагнула ўсё маё нутро, вымагалі годнай ахвяры, а чалавек, уганараваны меншым паводле значнасці тытулам, чым «Найлепшы сябра», іх мог задаволіць наўрад.
Фінальная сцэна разгортвалася на лётнішчы еўрапейскага аэрапорта. У маёй галаве старэнькая сядзібка «Менска-1» загрыміравалася пад штосьці васальна-малюпацкае, зласліва-варожае: пад галандскае або заходненямецкае прадмесце. Мой найлепшы сябра скраў стратэгічную мапу Гомельскай вобласці і цяпер мерыўся пераможна адымчаць яе ў Нью-Ёрк. Перад вылетам ён да такой ступені разняволіўся, што яшчэ ў салоне мерседэса апрануў скураны плашч цэрэушнага афіцэра. Здраднік горшы за ворага, таму са словамі: