Святлана Пажарава: Перакрыжаванне сусветаў
Тое, што называюць нацыянальным адраджэннем пачатку 1990-х, з іншага боку барыкады ўспрымалася як снег на галаву. «Адчапіцеся! Якая беларушчына! Тут невядома, як жыць далей, а гэтыя бажаволкі з сваёй беларушчынай!»
Часамі здаецца, што ў Беларусі існуюць два сусветы. Маленькі сусвет зацятых беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў чарговых «тутэйшых». На дзіва і на жаль, гэтыя сусветы амаль не перасякаюцца. Беларускамоўныя сябруюць з беларускамоўнымі і наадварот
Перакрыжаванні гэтых сусветаў здараюцца рэдка, адно з іх было ў 2006 годзе на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкая). Менавіта там я пабачыла, што такое быць беларусам, менавіта там я палюбіла бел-чырвона-белы сцяг, менавіта там я стала беларускай. У гэтыя некалькі дзён на плошчы і за кратамі адбылася рэвалюцыя ў маёй душы. Прыйшла на Плошчу за праўдай, а знайшла тут сваю нацыянальнасць.
Праз чатыры месяцы, калі я ўжо навучалася па праграме Каліноўскага, шмат хто здзіўляўся з маіх словаў, што яшчэ ў сакавіку я не ўмела размаўляць па-беларуску. Мову ўзгадаць не так ужо і складана было б жаданне.
«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Я не разумела гэтых радкоў, пакуль не выехала за мяжу. Як сціскаецца сэрца, калі бачыш пагардлівае стаўленне іншаземцаў да Беларусі. Як крыўдна заўважаць, што Беларусь знікае з свядомасці нашых суседзяў. Яе не пералічваюць палітыкі, калі кажуць аб інтарэсах на ўсходзе, яе не згадваюць выкладчыкі ва ўніверсітэтах, калі прыводзяць прыклады аб краінах былога СССР, а аднакурснікі-палякі ўжо тры гады пытаюцца ў мяне: «Як там справы ў вас ва Украіне?», хаця я ўжо трэці год ім тлумачу: «Я з БЕ-ЛА-РУ-СІ!»
Мы ператварыліся ў краіну-прывід, у народ-прывід. І нідзе гэта так не кідаецца ў вочы, як за мяжой. Трэба, каб кожны беларус пабачыў гэта на свае вочы.
І апошняе. Мяне, бывае, пытаюцца: што трэба, каб мы сталі беларусамі? Цяпер я адказваю, зыходзячы з уласнага досведу: трэба, каб часцей здараліся перакрыжаванні двух беларускіх сусветаў.
Таццяна Печанко: Неабыякавасць
Усё адбывалася вельмі паступова, але паслядоўна. Мне заўсёды ў школе падабалася беларуская мова і літаратура, хаця чытаць я вучылася, як і большасць тагачасных дзяцей, па альфабэце са словамі на першай старонцы: «Ленін жыў, Ленін жывы» і так далей па тэксту. Людзі майго ўзросту і старэйшыя, думаю, памятаюць гэтыя радкі.
Таму не было нічога дзіўнага ў тым, што ў першыя свае школьныя гады я чытала апавяданні пра Леніна і шчыра верыла: які гэта харошы дзядзечка, як ён любіў дзяцей Аднак праз некаторы час усё змянілася.
Памятаю, як мой бацька адзін з першых у нашым невялікім Белаазёрску здаў свой партбілет. Нарэшце ўголас загаварылі пра незалежнасць. На той момант мне было зусім мала гадоў і шмат чаго я не разумела, аднак усё, што адбывалася вакол, аказвала свой уплыў.
Памятаю, як я зайздросціла малодшай сястры, якой пашчасціла патрапіць у хвалю беларусізацыі, і яна да 8-га класа вучылася па-беларуску. Хоць нашы бацькі і не размаўляюць на беларускай мове, аднак яны яе любяць і вельмі добра разумеюць, што, жывучы ў Беларусі, натуральна думаць і размаўляць па-беларуску, таму і аддалі сястру ў беларускамоўны клас.
Яшчэ ўзгадваю момант, калі, нягледзячы на ўсе ўгаворы, а пасля і пагрозы, увесь мой клас адмовіўся ўступаць у БРСМ. Наш дырэктар тады назваў нас «асіным гняздом», але зрабіць нічога не змог, так і сышоў ні з чым. Як ні дзіўна можа прагучаць, на той момант гэты агульны пратэст быў для нас праявай любові да сваёй краіны і праявай беларускасці.
Калі я прыйшла вучыцца ва ўніверсітэт, мне пашчасціла сустрэць беларускамоўных сяброў. І я сама стала гаварыць па-беларуску. Гэта не было для мяне цяжка. Усё атрымалася вельмі натуральна, бо да гэтага моманту ў маёй галаве ўжо склаліся ўсе элементы пазла. Бадай нават можна сказаць, што мая беларускасць расла разам са мной.
Мне падаецца, што на сённяшні дзень быць беларусам гэта калі табе не ўсё роўна.
Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне.
Калі ты гатовы штосьці рабіць для таго, каб у Беларусі жыць было лепей, каб твае дзеці не праходзілі свой «крыжовы» шлях да беларускасці, а ад самага нараджэння раслі ў беларускім асяроддзі.
Калі, адпачываючы на самым прыгожым пляжы ў свеце ля самага сіняга мора, праз некалькі дзён ты ўсё адно схочаш дадому, у Беларусь.
Валерыя Чарномская: Да Бога лагічна звяртацца па-беларуску
Некалі яшчэ ў школе мы з сяброўкай размаўлялі па-беларуску, хаваючыся, як ціхія алкаголікі. У нас быў настаўнік гісторыі, які проста ненавідзеў беларускую мову і не лічыў беларусаў за нацыю. Я з ім увесь час спрачалася, і гэта прымусіла мяне грунтоўна вывучыць гісторыю Беларусі. Бывала, на нашыя спрэчкі сыходзіў цэлы ўрок
Мяне пахрысцілі ў 11 гадоў. Чамусьці да Бога было лагічна звяртацца па-беларуску, нягледзячы на тое, што размаўляла на расейскай.
У 1993 годзе, у 15 гадоў, я была на першым мітынгу. Мы ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі ад плошчы Незалежнасці па праспекце Францыска Скарыны, спяваючы беларускія песні. Гэта вельмі моцна натхніла мяне. Пасля я ўсіх віншавала з 75-годдзем БНР. Праўда, некаторыя не разумелі і думалі, што гэта іх віншуюць з 75-годдзем. Я якраз заканчвала школу, калі адбываліся вялізныя мітынгі, пераварочвалі машыны. Я там прысутнічала. Перайшла на беларускую мову ўжо ва ўніверсітэце. На другім курсе пачала пісаць расейскія лекцыі па-беларуску.