Твен Марк - Прыгоды Тома Соўэра стр 16.

Шрифт
Фон

Доктар паставіў ліхтар на беразе магілы, а сам сеў на зямлю, прысланіўшыся спіною да аднаго з вязаў.

Ён быў так блізка, што хлопчыкі маглі дакрануцца да яго.

Хутчэй, браткі! казаў ён ціха. Кожную хвіліну можа ўзыйсці месяц.

Яны нешта буркнулі ў адказ і дружна ўзяліся за рыдлёўкі. Некаторы час нічога не было чуваць, апрача шурхання зямлі. Гук гэты наводзіў сум сваёй аднастайнасцю. Нарэшце пачуўся глухі стук аб дрэва: рыдлёўка стукнулася аб дамавіну, і праз некалькі мінут яе выцягнулі наверх. Тымі-ж рыдлёўкамі паднялі крышку, выцягнулі мерцвяка і груба кінулі яго на зямлю. У гэты момант месяц выплыў з-за хмар і асвятліў сіні, страшны твар нябожчыка.

Яго палажылі на загадзя падрыхтаваныя насілкі, накрылі коўдрай і прывязалі вяроўкай. Потэр вынуў вялікі складаны нож, адрэзаў лішні канец вяроўкі і сказаў:

Ну, гатова ваша праклятая работа. Цяпер давайце яшчэ пяць залатых, а то мы яго так тут і кінем.

Разумныя словы прыемна слухаць, падтрымаў індзеец Джо.

Дазвольце! Гэта што азначае? засупярэчыў доктар. Вы-ж патрабавалі ўсе грошы наперад, і я заплаціў вам.

Так, і яшчэ нешта вы зрабілі, сказаў Джо, падышоўшы да доктара, які ўстаў на ногі. Пяць гадоў назад вы мяне выгналі з кухні вашага бацькі, куды я зайшоў папрасіць чаго-небудзь зесці. Вы сказалі, што я прышоў з нядобрай думкай. А калі я пакляўся адпомсціць вам за гэта хоць праз сто гадоў, ваш бацька пасадзіў мяне ў турму, як валацугу. Вы думалі, я пра гэта забыўся? Нездарма ў мяне індзейская кроў. Цяпер вы ў мяне ў руках, і мы з вамі палічымся, так і ведайце!

Ён пагражаў доктару кулаком у самы твар. Той раптам замахнуўся і адным ударам паваліў індзейца на зямлю. У Потэра ад здзіўлення вываліўся з рук нож, і ён крыкнуў:

Эй, вы! Гэта што такое? Я таварыша біць не дазволю!

І ён кінуўся на доктара. Яны сашчапіліся і пачалі борацца, напружваючы ўсе сілы, тапчучы траву і ўзрываючы нагамі мяккую зямлю. Індзеец Джо ўскочыў на ногі; вочы яго гарэлі нянавісцю. Ён падняў кінуты Потэрам нож і, крадучыся, як кошка, увесь выгнуты, пачаў кружыцца вакол барцоў, выглядаючы зручны момант.

Раптам доктар вызваліўся з абдымкаў праціўніка, схапіў цяжкую дошку з магілы Вільямса і зваліў ёю Потэра на зямлю. У той-жа момант метыс усадзіў увесь нож у грудзі маладога чалавека. Той захістаўся і паваліўся на Потэра, запэцкаўшы яго сваёй крывёю.

У гэтую мінуту насунуліся хмары і схавалі ад вачэй мімавольных гледачоў усю гэту жудасную сцэну; перапалоханыя хлопчыкі як мага кінуліся бегчы прэч.

Калі месяц зноў вынырнуў з-за хмар, індзеец Джо стаяў над двума распасцертымі на зямлі фігурамі. Доктар прамармытаў нешта незразумелае, разы са два ўздыхнуў і сціх.

Ну, чорт цябе дзяры! сказаў метыс. Цяпер мы з табой квіты.

Ён абадраў мерцвяка, потым улажыў няшчасны нож у правую руку Потэра і ўсеўся на перакуленую дамавіну. Прайшло тры, чатыры, пяць мінут... Потэр паварушыўся і застагнаў. Ён сціснуў у руцэ нож, паднёс яго к вачам, уздрыгануўся і выпусціў нож з рук. Потым падняўся і сеў, адапхнуў ад сябе мёртвае цела доктара, паглядзеў на яго, потым мутнымі вачыма агледзеўся навакол і сустрэў позірк метыса.

Што гэта? Як яно здарылася, Джо?

Справа дрэнная, сказаў той, не варухнуўшыся з месца. Навошта ты яго гэтак?

Я? І не думаў.

Гавары, каму хочаш! Гэтым справы не вернеш!

Потэр збялеў і ўвесь затросся:

Я думаў, у мяне хмель вышаў. Увечары-ж я не піў. Але ў мяне да гэтага часу шуміць у галаве горш нават, як ішлі мы сюды... Усё неяк пераблыталася, нічога не магу прыпомніць. Скажы мне, Джо, сумленна скажы, браце, няўжо-ж гэта я яго прыстукнуў? Я-ж яго не хацеў забіваць, у мяне і ў думках не было, клянуся душой і чэсцю. Джо! скажы мне, як гэта вышла? Ой, які жах! Ён быў такі малады і здольны...


Як вышла? Ну, вядома, вы пачалі біцца; ён стукнуў цябе дошкай па галаве; ты зваліўся; а потым устаў, хістаючыся і спатыкаючыся, выхапіў нож ды і ўсадзіў яму ў грудзі акурат у той момант, як ён зноў садануў цябе. Ну, пасля таго ўжо ты як паваліўся, так і ляжаў да гэтага часу, як калода.

Ох, я сам не ведаў, што раблю! Праваліцца мне на гэтым месцы, калі маню! Гэта ўсё ад гарэлкі, пяны я быў, ну і распаліўся на яго таксама з-за цябе... Я нават і нажом уладаць не ўмею. Біцца здаралася, яно так, але толькі без нажа, на кулачкі. Гэта ўсім вядома. Джо, родненькі, не выдавай! Дай слова, што не выдаш, Джо! Я заўсёды цябе любіў, заўсёды стаяў за цябе. Ты сам ведаеш... Ты нікому не скажаш, Джо?

I няшчасны Потэр апусціўся на калены парад подлым забойцам, з адчаем працягваючы да яго рукі.

Добра, Меф Потэр, ты заўсёды адносіўся да мяне сумленна, і я зраблю таксама. Будзь спакойны, маё слова пэўнае. Тут і гаварыць больш няма чаго.

Джо, ты ангел! Я буду благаслаўляць цябе да апошняй хвіліны.

І Потэр заплакаў.

Ну, годзе ўжо! Няма чаго кныхаць. Ідзі вунь той дарогай, ды жыва! А я пайду гэтай. Ды глядзі, слядоў за сабой не пакідай!

Потэр пусціўся трушком, потым наддаў ходу і пабег як мага. Метыс стаяў, глядзеў яму ўслед і мармытаў:

Калі ён сапраўды так здурэў ад удару і выпіўкі, як яно здаецца, то ён і не ўспомніць пра нож. А калі і ўспомніць, адбегшыся далёка, то пабаіцца вярнуцца сюды, курынае сэрца!

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке