Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 9.

Шрифт
Фон

З касцёла Карпа з дружынаю і маладою жонкаю паехаў на паклон да пана, а з маёнтка да хаты Агапчаных бацькоў. Вяселле было Бог ведае па-якому. Карпа з дзяцінства быў дворскі; звычаі нашы вясковыя яму ўжо здаваліся смешнымі і былі не даспадобы. Не пераязджаў ён на кані праз падпаленую салому, не гаварылі госці ніякіх арацый, не спявалі вясельных песень, не паклікалі нават дудара, і моладзь не патанцавала. Вяселле ў Гарасімавай хаце падобнае было да хаўтураў. І хутка маладая пара з гасцямі паехала адгэтуль да свае хаты, дзе ўжо Карпа кожным учынкам хваліўся сваім дворскім глянцам ды багаццем і хацеў, каб яго ўсе хвалілі.

Паклікаў дудара, кінуў яму, нібы чыноўнік які, колькі срэбранікаў і загадаў граць. Добра заплаціў таксама і кабетам, каб спявалі; з вымушанай ветлівасцю, нібы паніч які, прасіў хлопцаў і дзяўчат скакаць. Не было там шчырасці, а вось ежы і пітва аж занадта. Чаркі з гарэлкаю амаль без адпачынку пераходзілі з рук у рукі. Шум у хаце, музыка грае, моладзь скача; ён апавядае пра сваю дворскую службу, пра прыхільнасць, якую заслужыў у пана. Адна Агапка як забітая; было шкада нават на яе глянуць.

На панадворку хоць і цёмна, але ціха. На чыстым небе поўнач. Сітка[48] змяніла сваё становішча. Госці, захмялелыя ад моцных напояў, весяліліся. Нечакана нібыта маланка асвяціла хату і нейкі незвычайны шум пачуўся за сцяною. Пацямнела полымя свечак, усе заціхлі ды пазіралі адно на аднаго. Карпа быццам змяніўся з твару і, як непрытомны, гучна прамовіў: «Прыбыў мой госць» і адразу ж загаварыў да сваіх сяброў пра нешта іншае. Але пасля гэтага здарэння дзіўная была перамена ў той хаце; кожнага апанаваў нейкі неспакой, некаторыя з прысутных бачылі загадкавыя і страшныя праявы: то на дварэ, то ў цёмных кутках хаты. Аднаму падалося, што нейкае страшыдла, зарослае валасамі, з-за сцяны ўглядаецца ў вакно; другому здалося, што на печы сядзіць нейкі карузлік з велізарнай галавою, чорны, як вугаль; іншы бачыць нібыта таго чарнакніжніка, які вучыў пана штукам шатанскім і золата рабіць. Карпа, убачыўшы трывогу асобных гасцей, смяяўся, казаў, што гэта моцная гарэлка стварыла такія дзівы, загадваў дудару граць і спяваць песні. Сярод гаманы і тлуму забылі пра ўсё.

Адчыняюцца дзверы: уваходзіць чараўнік Парамон. З-пад густых броваў агністым вокам прабег ён па гасцях і, стоячы яшчэ ля парога, так абазваўся:

 Кланем[49] вам, шаноўная дружына! Няхай вашую вясёлую кампанію радасць не пакідае, а маладой пары зычу згоды, любасці, багацця і заўсёды так весела прымаць і частаваць суседзяў і добрых сяброў.

Карпа вітае яго і просіць, каб сядаў на лаве на покуць. Расступаюцца госці, Парамон сядае за стол, спінаю апіраецца аб сцяну і ганарліва разглядвае ўсіх, хто стаіць перад ім. Карпа падносіць яму гарэлкі і закуску.

 А дзе ж твая Гапуля, гаспадыня маладая? Ці яна так занятая, ці, можа, таксама мяне не пазнала? Я пастарэў, а яна маладая вельмі, і ёй яшчэ трэба вучыцца, як жыць на свеце.

Карпа падвёў Агапку. Парамон зірнуў на яе маркотны твар і кажа:

 Не смуткуй, пажывеш, пакахаеш, і добра будзе.

Акім, селянін гэтае самае воласці, падданы пана К. Г. , быў колісь з Парамонам у вялікай непрыязні. Будучы ў добрым гуморы, бо не любіў абмінаць чарку, успомніў нязгоды мінулых часоў, заклаў рукі за пояс, адставіў правую нагу і ў такой паставе, стоячы перад Парамонам і гледзячы яму ў вочы, так абазваўся:

 А! Кланем!

Няўчом[50] кошка хвост свой лізала,
Аж ёна цебе ў госьці чэкала.

Усе паглядзелі на Акіма. Не рады, што ён, захмялеўшы ад гарэлкі, асмеліўся жартаваць з Парамонам. Баяліся, каб не выйшла з гэтага якога няшчасця, бо ўсе і раней верылі ў сілу Парамонавых чараў; верылі, што ён не толькі можа наслаць на людзей розныя хваробы і шаленства, але, калі захоча, дык і цэлае вяселле аберне ў ваўкоў.

Парамон зірнуў на яго са зедлівай усмешкаю:

 А ты,  кажа здзекліва,  часам так падкрадаешся да панскае або суседскае спіжарні ці туды, дзе беляць палотны, што цябе не толькі вартаўнік не пачуе, але і сабака такога госця не знюхае.

 Га![51] Я добра памятаю, як вінавацілі мяне ў крадзяжы палатна,  адазваўся Акім,  ты варажыў на рэшаце, называючы імёны ўсіх сялян воласці. Рэшата павярнулася на маім імені і на імені Грышкі-дудара. Жонка аканома паверыла тваім чарам, і нас лупцавалі без міласэрнасці. А пасля адкрылася, што мы без віны прынялі тыя пакуты. Подлыя твае ўчынкі, і ў чарах тваіх няма ніякае справядлівасці.

Тут адгукнуўся і дудар Грышка:

 Га! Так, памятаю і я. Варта было б за твае хлуслівыя чары кіем падзякаваць, ды так, каб ты і з зямлі не ўстаў.

Парамон не мог вытрываць, што ману прыпісваюць ягоным чарам. Заіскрыліся вочы, пачырванеў ён увесь, усхапіўся з лавы. Усе перапалохаліся. Карпа хапае яго за плечы ды просіць, каб дараваў ім, бо пяныя, не памятаюць, што кажуць. Бачачы гэтае бязладдзе, прыбягае Агапка, хапае яго за руку, перапрошвае, што ў іх меў такую непрыемнасць, і просіць прабачыць. Таксама Акіму і Грышку кажа, каб яны забылі пра мінулае і памірыліся з Парамонам. Карпа ставіць на стол гарэлку і вельмі просіць, каб, выпіўшы па чарцы, яны забылі, што было даўней.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3