Чараўнік крыху супакоены.
Добра, кажа, не турбуйцеся, я паміруся. Няма ў мяне не толькі ахвоты перапыніць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабіліся яшчэ весялейшыя. Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акім скача, і з хітраю ўсмешкай дадаў: Ну, ідзіце, запрашаюць нас гаспадар і маладая гаспадыня выпіць адзін да аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пеўні не спявалі: цяпер самы час павесяліцца.
Чараўнік крыху супакоены.
Добра, кажа, не турбуйцеся, я паміруся. Няма ў мяне не толькі ахвоты перапыніць забавы ў вашай хаце, але хачу, каб яны зрабіліся яшчэ весялейшыя. Няхай сабе Грышка весела грае на дудзе, а Акім скача, і з хітраю ўсмешкай дадаў: Ну, ідзіце, запрашаюць нас гаспадар і маладая гаспадыня выпіць адзін да аднаго па чарцы гарэлкі. Яшчэ пеўні не спявалі: цяпер самы час павесяліцца.
Карпа, Агапка і госці вельмі просяць Акіма і Грышку, каб селі за стол з Парамонам. Акім не адмовіўся ад гарэлкі; дык і Грышка па яго прыкладзе выпіў з Парамонавых рук па кілішку; пасля яшчэ раз паўтарылі.
Згода! Згода і мір паміж намі, крычаць госці. Сталы гнуцца ад пачастункаў, досыць і пітва, і закускі, давайце піць, гуляць, зычачы маладым багацця, здароўя і доўгіх гадоў.
Заспявалі песні. Грышка надзімае свой скураны мех, гучаць музыка і спевы. Моладзь скача. Парамон, задумліва і са здзеклівым тварам, пазірае то на дудара, то на Акіма. Кароткі час працягвалася дружная і вясёлая забава. Але раптам Грышка пачынае нейкага шалёнага казака[52], госці крычаць, просяць, каб іграў «Цярэшку»[53], спяваюць: «Цярэшкі біда стала, з кім яго жына спала». Ён не зважае на гэта, нікога не слухае, а ўсё грае ды грае сваё без усякага ладу. Тут Акім выбягае на сярэдзіну і пачынае, як шалёны, скакаць невядома што; дзівяцца ўсе, гледзячы і не разумеючы, што з ім зрабілася: вочы вырачыліся, твар змяніўся. Просяць аднаго і другога, каб адзін пакінуў граць, а другі скакаць. Нічога не дапамагае. Ніякіх просьбаў не чуюць. Зваряцелі абодва. Хацелі ўтрымаць мармыча нешта незразумелае, вырываецца, зноў скача, і дудар грае беспярэстанку. Парамон збоку глядзіць на гэта і гучна смяецца.
Не рушце іх, кажа, няхай павесяляцца. Другі раз не захочуць з кожным задзірацца.
Карпа просіць, каб дараваў ім і загадаў спыніцца.
Няхай яшчэ пагуляюць, адказаў Парамон. Гэта іх навучыць паважаць і шанаваць людзей, разумнейшых за сябе.
Доўга пакутавалі дудар і Акім ад гэтага шалу. Ужо і поўнач мінула, і другі раз певень праспяваў. Нарэшце Грышку пакідаюць сілы: ён выпускае з рук дуду і падае, самлелы, на дол. Акім хістаецца, увесь учарнеў, нібыта перад смерцю. Гэтак задаволіўшыся помстаю, Парамон нешта пашаптаў, даў ім вады і, калі яны супакоіліся, узяў шапку, пакланіўся гаспадарам і пайшоў дадому.
Гэты выпадак парушыў увесь лад. Госці адзін за адным дзякавалі гаспадарам за іх ветлівасць і, зычачы багацця і шчаслівых дзён, выходзілі за дзверы.
Тут пан Завальня перапыніў:
Кажуць, што некалі даўней, калі людзі больш дбалі аб славе Божай, такіх чараўнікоў палілі на агні або кідалі ў ваду. Чуеш, Янка, што робяць людзі, калі пабратаюцца з дяблам? На свеце трэба быць асцярожным, чуў я за сваё жыццё шмат пра каго з такіх шкодных чараўнікоў, як Парамон.
Можа, дзядзечка, рабіў ён гэта з дапамогаю нейкіх зёлак, можа, дудару і Акіму падліў у гарэлку блёкату ці іншае атруты, ад якой чалавек шалее.
Не зёлкі такое робяць, а моц шатанская. І шкада, што вучоныя людзі не надта ў гэта вераць. Сам я ведаў аднаго паніча, які пра ўсё так казаў, быццам ніколі не вучыў ні катэхізіса, ні дзесяці прыказанняў Божых. Але што ж далей?
Пасля свайго вяселля Карпа пачаў жыць не па-нашаму: хутка пабудаваў другі дом з вялікімі вокнамі, завёў сад, дзе цвілі вішні і яблыні, і жыллё яго больш было падобнае да шляхетскае сядзібы, чым да простае хаты. Так зафанабэрыўся, што пасадзіў пад вокнамі такія ж самыя кветкі, як і ў панскім садзе, з якіх аніякае карысці няма. Агапцы забараніў насіць шнуроўку і хустку, а загадаў апранацца ў такія паркалёвыя сукенкі, якія носяць шляхцянкі. Не хацела яна мяняць свайго ўбору. Ведала, што ўсе, бачачы яе ў дворскай вопратцы, будуць называць гультайкаю. Але ўсё ж мусіла пагадзіцца з ягонаю воляю і ў такім уборы палівала кветкі: Карпа меў шмат парабкаў было каму ісці з сярпом на жніво. Пан бываў у яго на гасцінах. Меў Карпа грошы, меў і павагу, але ці ж у гэтым шчасце?
Заўсёды ён быў неспакойны ў думках сваіх; ніводнаму парабку ніколі не сказаў ласкавага слова, і Агапка не магла яму дагадзіць. Яе рэдкая ўсмешка здавалася яму здзеклівай, яе ціхмянасць ён называў глупствам, яе сціпласць і пацеры, якім навучыла маці, былі яму быццам пакаранне. Аднойчы загадаў, каб ні з адным парабкам не размаўляла, і гневаўся, што яна неруплівая. Бог ведае чаго хацеў.
Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае.
Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома.