Ян Баршчэўскі - Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях стр 73.

Шрифт
Фон

 Цяпер вялікі пост, калі зловіш што-небудзь, не забывай на мяне.

Падарожныя

Як было ўжо зусім цёмна, усхадзіўся і шумеў за сцяною моцны вецер; падаў мокры снег.

 Нешчаслівы той падарожны,  сказаў дзядзька,  якога заспела гэтая завейная ноч пасярод возера. Дарога цяпер цяжкая, ды і яе можна згубіць, блукаючы ў такой цямрэчы.

Прамовіўшы гэта, ён паставіў запаленую свечку на падваконні, але ўбачыўшы, што мокры снег наліп на шыбы і ўсё вакно белае, быццам замураванае, паклікаў да сябе парабка і загадаў:

 Запалі свечку ў ліхтары, прымацуй яго да доўгае жэрдкі і добра, каб не сарваў вецер, прывяжы да брамы; выходзь часцей з хаты і, як пачуеш галасы падарожных, адразу паведамі мне: ноч цёмная і завейная лёгка можа спаткаць няшчасце.

Калі парабак прымацоўваў ліхтар, Завальня надзеў футра і сам выйшаў з дому прасачыць, каб усё было зроблена хутка і як мае быць.

Праз гадзіну на панадворку пачалі скуголіць сабакі, і хоць выў вецер ды шумелі густыя дрэвы вакол дома, можна было, аднак, пачуць галасы падарожных на самым беразе возера, і доўга на адным месцы паўтараліся крыкі, як быццам людзей там нешта трымала. Дзядзька паслаў парабкаў на дапамогу. Вада падмыла багністы бераг возера, і першы конь з цяжкім возам, збіўшыся з дарогі, трапіў на тое месца і ўваліўся ў ваду. Ды так, што яго ледзь выцягнулі ўсе разам на бераг. Пасля гэтага заязджае на падворак некалькі белых ад снегу вазоў. Выпраглі коней; падарожныя зайшлі ў хату. Дзядзька, каб іх сагрэць і падмацаваць, кожнаму наліў ёмісты кілішак гарэлкі і загадаў даць вячэру, з умоваю, каб кожны з іх расказаў байку або гісторыю са свайго жыцця.

Пасля вячэры дзядзька прыладзіўся на ложку, я каля яго, парабкі паселі на лаве. Адзін з тых падарожных ужо ў вяку, з бледным тварам, але ў моцнай і стройнай постаці відаць была фізічная і маральная моц пачаў сваё апавяданне.

Апавяданне дванаццатае. Стогадовы стары і чорны госць

У маладосці я ведаў старога, які жыў па суседству з намі; зваўся ён Гараська, быў сапраўды старасвецкі чалавек. (Цяпер такіх людзей няма ўжо ў нашым краі.) Прамінула гадоў дваццаць, як ён памёр, але жыццё і смерць яго былі такія дзіўныя і так запалі ў маю памяць, што, здаецца, нібыта ўчора ўсё гэта бачыў.

Жонка і ўся яго сямя даўно ўжо выбраліся на той свет, адзін толькі ўнук быў яму памочнік у штодзённай працы на полі, а нанятая кабета гатавала есці і даглядала адзіную карову, якой досыць было травы вакол самотнага дома, што стаяў на пагорку і быў цераз за поле вярсту ад нашае вёскі.

Гараська добра памятаў сваю маладосць. У святы або ўвечары, калі вернуцца з поля аратыя і касцы, ён прыходзіў да нас і, седзячы на прызбе, апавядаў, як жылі даўней нашыя продкі, проста, без прыдумак і ўсялякіх пышных аздобаў; палеткі і авечыя чароды задавальнялі ўсе іхнія жаданні; не зайздросцілі яны жыхарам далёкіх краін, не ішлі да іх набываць багацце, бо не мелі ў тым патрэбы, без таго былі шчаслівыя і спакойныя.

У восемдзесят гадоў ён быў яшчэ не змардаваны працаю,  з сошкаю на полі і з касою на сенажаці апярэджваў маладых. Сілу меў нечалавечую. Калі не было добрага ўлову, складваў нерат ў човен і, несучы яго на плячах, пераходзіў з усімі сваімі прычындаламі на другое возера. У такой сіле і заўсёды з добрым здароўем прычакаў соты год жыцця і быў яшчэ моцны, як вячысты зялёны дуб. Прыйшла маркотная восень. Доўгімі і цёмнымі вечарамі ўся наша сямя, сабраўшыся пры лучыне, рабіла тое, што адпавядае гэтай пары года. Мой бацька плёў нерат, кабеты пралі, а я гнуў абручы да розных дзежак. У часе работы пачалася гаворка пра старога Гараську.

 Чаму гэта,  сказаў мой бацька,  Гараська так даўно не быў у нас? Добры стары, калі з ім размаўляю, час ляціць хутка і прыемна. О! Як бы я хацеў, каб ён прыйшоў да нас барзджэй мінуўся б гэты восеньскі вечар.

Ледзь сказаў так бачым дзіва дзіўнае: дзверы не адчыняліся, а Гараська стаіць пасярод хаты. Са страхам глядзім на яго. Ён стаіць моўчкі нерухома, твар яго смутны і выказвае штосьці незразумелае, уся постаць лёгкая і, здаецца, вышэйшая, чым зазвычай. З кожнаю хвілінаю ён робіцца ўвачавідкі лягчэйшы ды танчэйшы і растае ў паветры. Ува ўсіх нас апусціліся рукі, дрыготка прабегла па целе, пазіраем адно на аднаго, не разумеючы, што ўсё гэта значыць. Нарэшце мой бацька перапыніў маўчанне:

 Трэба будзе заўтра даведацца, што дзеецца ў Гараськавай хаце, ці здаровы ён? Гэтая здань прадказвае нешта благое.

Толькі сказаў гэта мой бацька,  заходзіць у хату сусед, хата якога стаяла на другім баку вуліцы, і такую апавядае гісторыю.

Таго вечара былі ў яго госці. Пасеўшы на лавах, госці і гаспадары гаманілі пра сёе ды тое Нарэшце пачалася гаворка пра некаторыя апавяданні Гараські, як ён згадваў сваю маладосць, даўнейшых паноў і даўнейшае жыццё. Раптам адчыніліся дзверы, нібыта разнасцежыў іх моцны вецер, суседаў сын падбег да парога і толькі хацеў зачыніць зайшоў Гараська, нікому не пакланіўся, ціха, як цень, падышоў да стала і зноў вярнуўся ў сенцы. Насупраць, у другую палову хаты, таксама адчыніліся дзверы, і ён зайшоў туды. Дзівіліся ўсе, не ведаючы, што гэта такое; узялі запаленую лучыну, каб пасвяціць, бо цёмна было, але не знайшлі там аніводнае жывое душы. Устрывожыліся ўсе, дзеці і жанчыны баяліся выйсці за дзверы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Похожие книги