Узімку рыхтуемся да вясны, каб было чым нагружаць стругі, як Дзвіна вызваліцца ад лёду.
То праўда, прамовіў ксёндз Буда. Дык, значыцца, закупіў ільну, бо ведаю, што найчасцей яго возіш у Рыгу. Не думаю, каб высокая была цана на гэты тавар. Чуў я ад ксяндза-пракуратара[116], што ў Альбрыхтове і ў іншых нашых маёнтках у Полацкім павеце лён вырас вельмі добры.
Дзякуй Богу. Мяркую, што ў гэтым годзе за такі тавар і плаціць будуць добра. Але от! Яшчэ мушу, ойча, паведаміць: шукаючы тавару, знайшоў і жонку. Купіў і тое і другое.
Віншую! Дык ты ўжо жанаты?
Не, дабрадзею. Толькі заручаны. Яна прыгонная, і я заплаціў грошы, каб выкупіць яе. Вельмі падабаецца мне гэтая дзяўчына, спакойны і лагодны характар мае.
Віншую, кажа ксёндз. Спакойны і лагодны характар гэта добрая якасць. А што была прыгонная, дык гэта ні ёй, ні табе аніякае ганьбы не робіць. Не высокае нараджэнне павялічвае дабрачыннасць чалавечую, а сумленнае і цнатлівае жыццё.
Мушу прызнацца, ойча, сказаў Плаксун, турбуюся я, што шмат у яе непрыяцеляў. Бог ведае чаму кажуць, нібыта яе маці чараўніца, і дачка таксама штораз болей са злым духам знаецца. Ці можна, ойча, верыць гэтай лухце? Я ў карчме ў яе маці, Праксэды, жыў цэлы тыдзень і нічога такога не заўважыў.
То праўда, сказаў ксёндз, што людзі грэшнікаў раяць забіваць камянямі, забываючы, што сказаў Хрыстос: «Няхай кіне камень той, хто без граху». Але нельга і людзям пярэчыць, што няма чараў на свеце. Аднак таму, хто просіць Бога, няма чаго баяцца. Памаліцеся з нарачонаю перад шлюбам і паспавядайцеся. Я цябе бласлаўляю і аддаю пад Божую апеку. Вось два абразкі Божае Маці; яны пасвянцоныя і маюць здольнасць адпускаць грахі. Адзін табе, другі тваёй будучай жонцы. Жывіце з Богам, і Бог вас не пакіне.
Плаксун, атрымаўшы блаславенне ад свайго спаведніка, загадаў пашыць ядвабную сукенку нарачонай, накупляў ёй дарагіх хустак і каснікоў, наняў гарадскіх музыкаў, запрасіў шмат сваіх знаёмых і сяброў і вось з багатымі дарункамі і дружынаю прыязджае да Варкі.
Бацькі, якіх пан вызваліў ад работы на дзень вяселля, і дачка сустрэлі яго з невыказнаю радасцю. Плаксун паднёс Варцы шыкоўныя падарункі і абразок, якім блаславіў яго ксёндз Буда. Прыняла дзяўчына ўсё гэта з удзячнасцю, бо шчыра ацаніла яго прыхільнасць.
Назаўтра маладыя перад шлюбам выканалі старанна ўсё, што ксёндз радзіў. Пачынаецца шумнае вяселле. Прыйшло колькі гаспадароў з суседніх вёсак, чэлядзь вызвалілі ад працы, і іншыя цікаўныя з блізкае ваколіцы сабраліся на бяседу. Усе задумліва пазіралі на Варку; багата ўбраная, прыгожы твар, а радзімы знак на вуснах зрабіўся такі маленькі, што ледзь яго ўбачыць можна.
Зайграла музыка, моладзь скача, пюць віно за здароўе маладых, зычачы ім багацця, шчасця і доўгага веку.
Не спынялася вясёлая забава да позняе пары. Ноч была спакойная, і на чыстым небе свяціліся ўсе зоркі. Апоўначы чуюць госці, як ляснуў моцна бізун. Глянулі ў вакно: спынілася каля карчмы карэта шэсць чорных коней, на козлах фурман, ззаду лёкаі ў багатых ліўрэях. Выбягаюць Плаксун і Праксэда з мужыком. Імгненна на вачах ва ўсяе грамады коні, карэта і лёкаі зніклі. Уражаныя вяртаюцца ў карчму Плаксун з цесцем, Праксэда ж неспакойная, бледная, як нябожчыца. І тут бачаць людзі, што ў вакно пазірае нейкая пачвара. Усіх гасцей агортвае жах. Дрыжыць бедная Варка, збялела, ледзь прытомная.
Супакойся, суцяшае яе мужык, Бог апякуецца намі. І просіць гасцей, каб весяліліся, не зважаючы на гэтыя цуды і страхі.
Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак.
Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла.
А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку. Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была Варка прыгожая, як анёл.
Але, паночку, гаворачы, і не заўважыла, як звечарэла. Познім часам мушу вяртацца дахаты.
Цяпер вечар ціхі і ясны. Няма чаго баяцца, сказаў Завальня. Ды і дахаты не будзе больш за вярсту.
Маю я просьбу. Пан людзям дапамагае, дык, мусіць, і мне сёння не адмовіць.
Блізкім сваім дапамагаць абавязак хрысціянскі.
Хутка Каляды, а так здарылася, што не маю цяпер ані каліва жыта. Будзь ласкавы, дай хоць колькі гарцаў[117]. Прыйдзе вясна спатрэбяцца гаспадарам лемяхі і іншыя жалезныя прылады: мой мужык зробіць, і заплацім пану. Або ў якой патрэбе адслужым.
Ахвотна. Твой мужык чалавек добры і старанны. Пані Мальгрэта, загадай даць Аўгіні чацвярык[118] жыта, гарнец ячных круп і гарнец гароху. Гэта вам на куццю.
Каваліха пакланілася дзядзьку і пайшла з паняй Мальгрэтай у спіжарню.