У полацкай магістрацкай кнізе за 1646 год захавалася яшчэ адно цікавае сведчанне рэлігійнае барацьбы скарга лянтвойта Есмана на кушняра Фёдара Алексяевіча, які сцвярджаў, што Унія спараджэнне дябла. Лянтвойт быў на гасціне ў бурмістра пана Крыштофа Старымовіча. Позняй парою ў той самы дом заявіўся, відаць, пад добраю чаркаю, згаданы кушнер і, як паведамляе скарга, «наступал на веру светлую униатскую, мовечы и повтараючы не раз, не десять, же то есть дьябельская и шатанская вера униатская и не от Бога, але от дьябла тая вера вышла шалберская».
Тым часам застоліца працягвалася. Лянтвойт, «видечи оного кушнера легкомысльность, почал того кушнера навпоминати, абы он, рачей не блюзнечы веру святую, скромнее седел». Не стрываўшы далейшага пянага блюзнерства, ён падняўся ад стала, «а пан бурмистр Старымович, яко господарь, его милости пана лянтвойта не пущал. А в том он Федор, кушнер, прыпадшы до его милости пана лянтвойта, шкленицою в палец руки правое его милости кроваве обронил и зранил».
Напэўна, і пазней знаходзіліся такія, як кушнер Фёдар, але праваслаўе няўхільна здавала пазіцыі. Яго духавенства ў большасці сваёй вылучалася кансерватызмам і неадукаванасцю. Яно амаль не ведала лацінскай і грэцкай моваў, было адарванае ад навуковых ды культурных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Перакладчык Евангелля Васіль Цяпінскі пісаў, што праваслаўныя папы часта не атрымлівалі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскае мовы, на якой маліліся. Разам з тым яны варожа ставіліся да мовы народа: не дапускалі яе ў храм, не дазвалялі друкаваць на ёй кнігі. Праваслаўная царква не дала ў XVII стагоддзі прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы, а часам наогул падтрымлівала захопнікаў. Таму палачане, як і жыхары іншых гарадоў нашае зямлі, пакідалі змаганне за праваслаўе (асабліва пасля жудаснай вайны з Масковіяй у 1654-1667 гадах) і мірна рабіліся грэка-католікамі.
Перакладчык Евангелля на беларускую мову, шляхціц Полацкага павета Васіль Цяпінскі.
Адметна, што супроць Уніі выступалі пераважна гараджане, а не вяскоўцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што хрысціянізацыя сельскага жыхарства па-ранейшаму заставалася досыць павярхоўнай. Яе паглыбленне адбудзецца ў 2-й палове XVII-XVIII стагоддзі, што супадзе з пашырэннем і перамогаю грэка-каталіцкай царквы.
Уніяты Рэчы Паспалітай мелі Полацка-Віцебскае арцыбіскупства і дзевяць біскупстваў. Полацкая грэка-каталіцкая дыяцэзія (акруга) саступала толькі кіеўскай і была на Літве-Беларусі найбуйнейшай. Яе межы абдымалі Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. У 1664 годзе ў ёй налічвалася болей за тысячу цэркваў. Полацкія грэка-каталіцкія ўладыкі афіцыйна называліся арцыбіскупамі полацкімі, біскупамі віцебскімі, мсціслаўскімі, аршанскімі, магілёўскімі. 3 полацкіх арцыбіскупаў звычайна выбіралі мітрапалітаў. Горад з яго кафедральным Сафійскім саборам, дзе захоўваліся мошчы Ясафата Кунцэвіча, зрабіўся сталіцаю грэка-католікаў і Меккаю ўсіх уніяцкіх паломнікаў.
Умацаванню Уніі спрыяў створаны ў 1617 годзе манаскі ордэн базылянаў. Яго назва паходзіць ад імя аднаго з айцоў царквы, змагара за адзінства хрысціянства святога Васіля Вялікага. Новы ордэн апавясціў, што прымае на сябе адказнасць за выхаванне моладзі. Базыляне друкавалі царкоўную літаратуру, адчынялі пры кляштарах школы і калегіі, дзе вучылі дзяцей і юнакоў на іх роднай мове. Яны былі вельмі адукаваныя людзі, і ў асвеце уніятаў маюць, бадай, не меншыя заслугі, чым езуіты ў католікаў. Кляштар манашак-базылянак у Полацку быў заснаваны Ясафатам Кунцэвічам. Пасля яго забойства ў горадзе зявіліся і браты-базыляне. Абодва уніяцкія кляштары мясціліся каля Сафійскага сабора.
У Полацку дзейнічалі таксама каталіцкія манаскія ордэны бернардзінаў (з 1498 г.), у якіх навучаўся лаціне малы Францішак Скарына, дамініканаў (з 1670 г.), францысканаў (з 1684 г.) і запрошаныя Сцяпанам Батурам у 1579-м езуіты. Часам можна прачытаць, што базыляне, і наогул уніяты, маўляў, цалкам прадаліся лацінству, паслухмяна скакалі пад езуіцкую дудку. Гэтую выдумку пусцілі царскія праваслаўныя гісторыкі. Дакументы сведчаць пра іншае.
Базыляне судзіліся з езуітамі за крыж святой Еўфрасінні і не аддалі святыню з Сафійскага сабора. Пісар полацкай магдэбургіі католік Міхал Другавіна ў 1764 годзе даваў пісьмовае перадшлюбнае абяцанне, што «будучую жонку сваю, дачку віцебскага ратмана Апалонію, уніятку, не толькі не будзе змушаць да лацінскае веры, а, наадварот, будзе ўмацоўваць яе ў Уніі». У 1802 годзе езуіты, якіх тады падтрымлівалі царскія ўлады, падалі ў суд скаргу на полацкіх і ўшацкіх базылянаў за тое, што уніяты «произносили неистовые слова против католической религии, что все католики суть погибшие и что религия римская не соглашается со святым Евангелием». У згаданай раней аповесці Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», магчыма, зусім небеспадстаўна сцвярджаецца, што базыляне ведалі, дзе схаваная полацкая бібліятэка, але, не хочучы, каб яна трапіла да езуітаў, два стагоддзі захоўвалі таямніцу.
Яшчэ ў 1636 годзе Віленская кангрэгацыя (зезд) грэкака-таліцкага духавенства ўзаконіла ва уніяцкіх цэрквах літоўскую-беларускую мову. Цяжка казаць пра гвалтоўную паланізацыю вернікаў уніяцкім духавенствам, калі Ясафат Кунцэвіч у сваім «Уставе прасвітарам» загадваў святарам карыстацца народнай мовай, а ў XVIII стагоддзі полацкія уніяцкія біскупы рассылалі па прыходах загады з патрабаваннем звяртацца да вернікаў «са словам Божым на зразумелай мове». Урэшце, перад намі жывы прыклад украінскай Галіччыны. «Кіеў сталіца Украіны, а Львоў сталіца ўкраінцаў», да нядаўняга часу казалі нашы суседзі. Чаму? Ды таму, што Унія, якая жывіла нацыянальны дух народа, на захадзе Украіны, у Галіччыне, захавалася да 1946 года (калі яе здратаваў, загнаўшы ў падполле, Сталін).