А ў апісанні Баркулабаўскім летапісам голаду 1602 года мы знойдзем такі вось зварот жабракоў да жанчыны: «Матухна, зязюлюхна, утухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, звёздухна, дай крошку хлеба».
Шмат каго, напэўна, цікавіць і тое, як продкі звярталіся адзін да аднаго ў побыце і ў афіцыйных дакументах. Пісьмовыя помнікі Княства сведчаць, што дыяпазон гэтых зваротаў быў досыць шырокі. Жыхароў нашай дзяржавы называлі па імені князь Іван, пан Ярош, шынкар Ждан. Хутка ішлі працэсы адаптацыі царкоўных імёнаў да нашай фанетыкі. У дакументах таго часу ўжо фігуруюць Апанасы, Якубы, Піліпы, Юстыны, Лявоны, Ганны, Кацярыны Нярэдка людзей называлі па мянушцы-прозвішчу: пан Баркулаб, пісар Гарнастай, карчмар Сухі. Больш шырока выкарыстоўваўся варыянт з імем і прозвішчам: Міхал Рагоза, Ігнат Губа. Калі гаворка ішла пра асоб знатных, магло дадавацца і імя па бацьку: князь Міхайла Іванавіч Мсціслаўскі. Што да жанчын, дык апрача іх уласнага імя было зазвычаена дадаваць імёны бацькі і мужа («земянки господарское повету менского пани Васильевое Данильевича пани Ганны Молоденовны») або проста падаваць мужавы імя, прозвішча і пасаду («пани Миколаевая, пани войтавая»).
У XVІ стагоддзі, калі культура Княства дасягнула свайго росквіту, а жыццё дзяржавы рэгламентавалася Статутамі, у якасці асноўнага канчаткова сцвердзіўся так званы двухкампанентны еўрапейскі ўзор называння: імя плюс прозвішча. Гэта засведчылі шматлікія акты велікакняжацкай канцылярыі (Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага), судовыя паперы, помнікі пісьменства іншых жанраў. Пад Статутам 1588 года стаяць подпісы: «Лев Сапега, подканцлерый Великого князьства Литовского, Кгабриель Война, писар». Гэтаксама называліся ўсе знаныя асобы: Мацей Война, Ян Кішка, Пётра Тышкевіч, Мікалай Пац, Януш Радзівіл Той жа формаю карысталіся і ў дачыненні да прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў. Без імя па бацьку падпісвалі свае творы нашы славутыя дзеячы культуры Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Лаўрэн і Стафан Зізаніі, Андрэй Рымша Не выходзілі за межы гэтага правіла і выпадкі з двума імёнамі ці з падвойнымі прозвішчамі: Андрэй Пачобут-Адляніцкі, Мікалай Крыштоф-Радзівіл.
Трэба сказаць, што і тады раз-пораз сустракаліся напісанні з імем па бацьку («пан Константин Константинович Острожский жаловал»), але зроблены ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук статыстычны аналіз пісьмовых помнікаў паказвае, што форма з імем і прозвішчам была фактычнай нормаю.
Напрыклад, у актавай кнізе Метрыкі Вялікага Княства за 1596 год у загалоўках дакументаў з 164 мужчынскіх найменняў імя па бацьку маюць усяго 16.
7 кастрычніка 1498 года вялікі князь Аляксандр даў месту Полацкаму прывілей на самакіраванне па магдэбургскім праве, паводле якога жылі еўрапейскія гарады і якога ніколі не было на ўсход ад Літвы-Беларусі. (Арыгінал полацкага прывілею цяпер можна ўбачыць у маскоўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў).
3 тае пары ў Полацку гаспадарыў магістрат. Ён чыніў суд, збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках У магістраце засядала гарадская рада з дваццаці чатырох радцаў на чале з чатырма бурмістрамі. Гандлёвыя справы разглядаў так званы радзецкі суд, крымінальныя лаўны. Вялікі князь прысылаў месту свайго прадстаўніка войта, але той мусіў прысягаць на крыжы, што будзе служыць Полацку.
Наводзячы парадак, полацкія ўлады не цырымоніліся з парушальнікамі. Мешчанін Марцін Какорка аднойчы ўзяў ды аблаяў бурмістра. Відаць, потым і дзесятаму заказаў бо гарадскі кат публічна адлічыў Марціну на рынку сорак бізуноў, а рада на цэлы год забараніла яму займацца рамяством.
Герб Полацка, зацверджаны пасля атрымання горадам магдэбургскага права.
Здараліся і выпадкі больш трагічныя. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Полацку жыў вясёлы чалавек Базыль Брыкун. Любіў пацвяліць суседзяў ды пасмяяцца з людскіх забабонаў. Пакрыўджаныя пусцілі пагалоску, што Базыль чараўнік: можа зрабіць жабраком, «растрэсці» сямю, рэжа позіркам сцены і ўвогуле здатны на любое ліхадзейства. «Чарадзея» пасадзілі ў вязніцу. Сорак чалавек сведчыла, што Брыкун здольны быў да прыкладу, «так заморщиць твар, на оболок гледзя», што перакідваў на тры сажні воз з дровамі. Адвакат лёгка абвергнуў усе абвінавачанні, аднак магістрат, дзе, мабыць, таксама хапала ахвяраў Базылёвага дасціпнага языка, прызнаў мешчаніна вінаватым. Каб пазбегнуць ганебнай і пакутлівай смерці на вогнішчы, Брыкун у хвіліну роспачы зарэзаўся.
Аднак такія падзеі былі не правілам, а выняткам з яго. Большасць звязаных з чарадзействам заяваў проста запісваліся ў магістрацкія «гродскія» кнігі і не разглядаліся. Калі ж справа даходзіла да судовага разбору, то маёмасць асуджаных не сканфіскоўвалася (як гэта рабілася ў Заходняй Еўропе), а іх сваякоў не пераследавалі. Прычым на абшары былога Полацкага княства прадстаўнікі царквы на падобных працэсах звычайна не прысутнічалі і ўчынкі чарадзеяў разглядаліся не як злачынствы супроць Бога (ерась), а з гледзішча канкрэтнай учыненай шкоды. Такога не было ні ў заходнееўрапейскіх краінах, дзе лютавала інквізіцыя, ні ў Масковіі, дзе ў XVI-XVII стагоддзях велізарнае пашырэнне атрымалі «ведаўскія справы».