Ярыла «полю жыта радзіў людзям дзеці пладзіў». Ён меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юре адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў. У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі на пашу скаціну, а гаспадар выпраўляўся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мноства звязаных з Юрем народных прыкмет.
Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэднічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры найчасцей птушак. «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныя в водах потопляемы суть», паведамляе старажытны рукапіс.
Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэднічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры найчасцей птушак. «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныя в водах потопляемы суть», паведамляе старажытны рукапіс.
Прыгожых дзяўчат абвівалі зялёнымі галінкамі і аблівалі вадой, выклікаючы дождж.
Каля вёскі Свяціда на беразе полацкага возера Янова вам і сёння пакажуць пагорак Валатоўку. Разам з урочышчам Камяні, што паблізу вёскі Бікульнічы на тым самым возеры, Валатоўка ўваходзіла ў комплекс тыпу Стоўнхендж[1], дзе ў паганскія часы тутэйшыя жыхары святкавалі ўлетку сонцастаянне. Тут, за дваццаць кіламетраў на поўдзень ад Полацка, велізарныя валуны складаюць геаметрычную фігуру, якая дакладна арыентаваная па напрамках свету і сваімі контурамі нагадвае літару «П».
Аўтар кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мінск. 1992) беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які даследаваў культавыя камяні, вызначыў: валуны ў гэтай мясціне размешчаныя такім чынам, што, стоячы ў цэнтры фігуры, старажытны астраном толькі раз на год мог убачыць, як сонца сядае дакладна за Валатоўкаю. Гэта значыла, што ноч будзе найкарацейшаю, а наступны дзень найдаўжэйшым.
3 нагоды сонцастаяння продкі запальвалі на Валатоўцы вогнішча ў гонар Купалы.
Пазней да купальскіх ігрышчаў хрысціянскія місіянеры прымяркуюць свята нараджэння Яна Хрысціцеля, або Янаў дзень, што святкуецца паводле грыгарыянскага календара 24 чэрвеня. Адсюль цалкам лагічна будзе вывесці паходжанне назвы возера, над якім у купальскую ноч і ў наш час загараюцца вогнішчы.
Яшчэ адну старажытную «абсерваторыю» палачан сёння можна пабачыць на возеры Дрысвяты за колькі кіламетраў ад аднайменнай вёскі, ва ўрочышчы Другая Камяніца. На паверхні цэнтральнага, амаль трохметровага ружавата-шэрага валуна захавалася паглыбленне ахвярнік. Вакол з поўдня і захаду паўколам ляжаць меньшыя камяні-арыенціры, з дапамогаю якіх продкі вызначалі паганскія святы і дні, спрыяльныя для пачатку сельскагаспадарчых работ.
За маёй памяццю на поплаве водбліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях і андараках. Сёння падрабязна пісаць пра гэтае спрадвечнае свята не мае сэнсу, бо яно вярнулася ў наша жыццё і зыркімі агнямі, што люструюцца ў спакойных водах Дзвіны і Палаты, і непаўторнымі чарадзейнымі абрадамі, гульнямі і песнямі. Скажу адно, што ў паганскай старажытнасці скласці купальскае вогнішча даручалі жанчыне «Маладая маладзіца, раскладзі купальніцу!» і нельга было, як цяпер, прыходзіць на свята ў любым адзенні. Перавагу аддавалі беламу колеру, асабліва важнымі лічыліся жаночыя галаўныя ўборы: апрача вянкоў з кветак і зеляніны дзяўчаты надзявалі блакітна-нябесныя наміткі. Маліліся Купалу, як і ўсім іншым паганскім багам, не толькі з чыстым духам, але і з чыстым целам.
Продкі лічылі купальскую ноч самым прыдатным часам шукаць скарб. Паблізу таго месца, дзе ён закапаны, зяўляўся блакітны агеньчык. Але нават калі і пашанцуе знайсці падземнае багацце, завалодаць ім нялёгка, бо скарб звычайна загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей ён хаваецца, а можа і зусім праваліцца ў бездань, адкуль зарагочуць страшнымі галасамі нячысцікі.
Існавала таксама павере, што ў гэтую чароўную ноч зямля разыходзіцца, каб скарбы прасохлі. Не здабыў багацця, дык, можа, хоць пабачыш, як у глыбачэзных правалах вісяць на ланцугах велізарныя катлы з золатам, срэбрам ды каштоўнымі камянямі.
Самае змрочнае і трагічнае свята Рода і Перуна прыпадала прыкладна на 20 ліпеня. Тут не было ні песняў, ні карагодаў. Бог вымагаў крывавых ахвярапрынашэнняў быкоў а часам і людзей (найверагодней, палонных ворагаў). Выбар ахвяраў быў вельмі адказным клопатам, яму прысвячаўся ўвесь папярэдні тыдзень. Якраз пачыналася жніво, і ў бога прасілі пагодлівых дзён. Каб засцерагчыся ад смяротных Перуновых стрэлаў, ставілі на будынках грамавы знак круг з шасцю радыусамі. Адтуль, пэўна, і пайшоў у беларусаў звычай усцягваць на хату пад буслянку кола.