Уладзіміраў бацька ў жорсткасці не саступаў бабулі. Перамогшы ў адным з паходаў балгар, Святаслаў загадаў укрыжаваць або пасадзіць на палі (тонкія завостраныя бярвёны) дваццаць тысяч палонных. Далейшыя падзеі паказалі, што ў такіх справах Рагнедзін жаніх быў годным наступнікам сваіх продкаў.
Вернемся да прыезду ноўгарадскіх сватоў. Вось што апавядае Лаўрэнцьеўскі летапіс: «Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, Уладзімір быў яшчэ паганінам і жыў у Ноўгарадзе. I меў ён дзядзьку Дабрыню, храбрага ваяводу I паслаў той да Рагвалода людзей, і прасіў яго аддаць дачку за Уладзіміра. Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу».
«Не хачу разуці» тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла: жаніх сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба.
Далей летапісы кажуць пра гнеў Уладзіміра і яго дзядзькі, што набралі з ноўгарадцаў, пскавічоў, чудзі, весі і меры, а таксама са смаленскіх ды ізборскіх крывічоў вялізнае войска і рушылі на Полацк, дзе ўжо збіраліся выпраўляць Рагнеду ў Кіеў. 3 Уладзімірам ішла дружына варагаў. Князь паабяцаў ім усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара.
Трэба зазначыць, што летапісцы часта па свойму падавалі гістарычныя падзеі рабілі іх больш рамантычнымі, набліжаючы свой аповед да літаратурнага твора. Напраўду галоўная прычына нападу на Полацк не адмова сватам, а паход палачанаў на ноўгарадскія воласці з мэтаю забраць волакі.
Недзе на падыходзе да горада варожую раць сустрэла Рагвалодава дружына. Уладзімір напаў раптоўна, і полацкі валадар не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, князь вярнуўся ў Полацк, ды не здолеў ні ўратаваццаі сам, ні выратаваць сямю. «I паланілі Рагвалода, піша летапісец, і жонку яго, і дачку. I зневажаў Дабрыня яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабынічам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і мацерай. Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самую ўзяў за жонку. I назвалі Рагнеду Гарыславаю». Іншыя летапісы дадаюць, што на вачах у князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род.
Усё жыццё не магла Рагнеда забыць тое «вяселле»: папялішча на месцы крывіцкае сталіцы, целы бязлітасна выразаных мужчын і плач паланянак, якіх чакалі нявольніцкія рынкі. Можа, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў ці давераны чалавек самога князя Рагвалода закапаў у зямлю скарб, што ў 1972 годзе знойдуць на свежаўзараным полі хлапчукі з полацкай вёскі Казянкі, 7650 срэбных арабскіх манет (куфіцкіх дырхемаў) агульнай вагою дваццаць кілаграмаў. Напэўна, з тых далёкіх часоў Беларусь, а на беларускай зямлі Полаччына, і пачала па колькасці знойдзеных скарбаў трымаць ці не першае месца ў Еўропе. Самалюбства наша праз гэтае лідэрства, вядома, цешыцца, аднак прычына ў яго сумная: хаваць набытак змушалі бясконцыя войны, што тры наступныя стагоддзі вогненнымі віхурамі праносіліся па Полацкай зямлі праз кожныя шэсць-сем гадоў.
Вядомыя яшчэ некалькі полацкіх скарбаў X-XI стагоддзяў. Адзін, які складаўся з куфіцкіх дырхемаў, заходнееўрапейскіх дэнарыяў, зліткаў і рэзанага срэбра, быў адкрыты ў 1910 годзе на Верхнім замку. Другі 50 срэбных манет, бітых у часы Рагвалода ўладарамі Саманідскай дынастыі ў Самаркандзе і іншых сярэднеазіяцкіх гарадах, знайшлі ў 1888-м у прыгарадным маёнтку Струня, што належаў памешчыку Філіпчанку. Скарб адправілі на даследаванне ў імператарскую Археалагічную камісію, якая выбрала 10 манет для калекцыі Эрмітажа.
У горадзе і ў радыусе 25 кіламетраў вакол яго ўжо знойдзеныя каля 30 старажытных скарбаў і можна адно здагадвацца, колькі яшчэ тоіцца ў зямлі. Палачанка Марыя Краснова ў 1984 годзе падняла проста з-пад ног камяк зямлі, а ў ім аказаліся пяць залатых бранзалетаў і кавалак залатой грыўні.
Мужчынская лінія полацкіх князёў была высечаная Уладзімірам пад корань. Рагвалод прайграў, але назаўсёды застанецца ў кнізе нашага мінулага не толькі як першы полацкі князь, імя якога вядома з летапісаў. Можна спрачацца, прыйшоў полацкі валадар з-за мора, як сцвярджаюць летапісцы, або быў крывічом. Можна спрачацца, славянскія ці скандынаўскія імёны мелі князь і яго дачка. Важней тое, што, гаворачы словамі гісторыка Міколы Ермаловіча, Рагвалод «першы ўбачыў і па сапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі, як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам самога Кіева».
Драма на берагах Палаты адбылася каля 980 года, а праз колькі месяцаў Уладзімір Святаславіч ужо забіў Яраполка і зрабіўся князем кіеўскім. Знаную палачанку ён пасяліў водбліз сталіцы ў вёсачцы, якую пазней назавуць нібыта па імені Рагнедзінай дачкі Прадславіна.
Князь быў паганінам, а гэтая рэлігія дазваляла мнагажонства. Апрача полацкай князёўны, ён меў яшчэ сем ці шэсць жонак і трымаў восемсот наложніц. За неспатольную пажадлівасць Уладзімір заслужыў імя другога Саламона «в женолюбии»: біблійны герой, як вядома, выславіўся і розумам, і нястомнасцю ў плоцкіх уцехах.