Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 10.

Шрифт
Фон

На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сямі, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.

На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў. Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў, што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.


Як і іншыя народы свету, нашы пра-пра-прадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў. 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая з усходам, чырвоная і чорная з поўднем і поўначчу. 4 гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.

Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).


Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна знічка.

У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнішча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў. Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора,  яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.

Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольнаплыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі сябе не рабамі ці слугамі божымі, а божымі родзічамі, Дажбогавымі ўнукамі. Адлёт душы (яе ўяўлялі маленькім двайніком чалавека) у вырай быў такі самы непазбежны, як сама смерць.

Можа, таму людзі ставіліся да скону без вялікага страху. Гэта адлюстравалася ў паэтычным параўнанні смерці з нявестаю. Як пяецца ў старадаўняй народнай песні, крывавая бітва вясельная бяседа, а непрабудны сон у магіле салодкая ноч на шлюбным ложы. Паміраючы ад ран, малады ваяр просіць перадаць родным, што пабраўся з другою жонкаю, а сасватаў іх востры меч ды калёная страла.

Разам з тым паміраць ніхто не спяшаўся, і кашчавую стараліся абыходзіць як найдалей. Яна ж нястомна пасылала да людзей сваіх спадарожнід і памочніц ліхаманак. Дванаццаць страхотных, худых і вечна галодных крылатых сясцёр-ліхаманак жылі ў прыцемных сырых сутарэннях. Халадэча, асабліва зімовая, выганяла іх на зямлю, і яны шукалі прытулку ды спажывы ў цёплых чалавечых хацінах. Гора таму, хто не меў надзейнага абярога, не пакрапіў прынесенай ад вешчуна вадою дзвярныя вершнікі. Непрадбачлівы чалавек трапляў у кіпцюры да бязлітасных ліхадзеек, кожная з якіх мела сваё імя і мучыла хворага на свой капыл: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, Лядзея змушала калаціцца ад холаду, Гняцея гняла і адбірала смак да едзіва, Грудзея ўскоквала на грудзі, прымушаючы чалавека хрыпець і керхаць, Глухея закладвала вушы, Ламея ламала косці і круціла сярэдзіну, Глядзея не давала заснуць, прыводзіла з сабою нячысцікаў што пазбаўлялі чалавека розуму Самая страшная найстарэйшая сястра Навея. Калі яна завалодае хворым, усялякая надзея на паратунак знікне, і чалавек хутка ператворыцца ў нябожчыка наўца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3