Яўген Аснарэўскі - Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI  XVIII стагоддзяў стр 4.

Шрифт
Фон

Баторый быў у Гродне, у красавіку 1581 года, а потым паехаў у Вільню. Наступныя ваенныя дзеянні былі менш удалымі: Баторыю не ўдалося ўзяць традыцыйна няўступлівы Пскоў.


Ян Замойскі  паплечнік Баторыя. К. Аляксандравіч, XVIII стагоддзе. Нацыянальная галерэя, Кракаў.


Умовы падпісанага неўзабаве Ям-Запольскага міру былі, аднак, нядрэннымі для Рэчы Паспалітай.

У ліпені 1582 года Баторый прыехаў у Гродна і зноў прымаў важныя рашэнні, напрыклад, займаўся пытаннем бяспекі інфлянцкіх межаў.

У канцы 1583 года Баторый у чарговы раз наведаў горад над Нёманам. Альбертрандзі паведамляе, што:

«У канцы верасня кароль выехаў з Кракава, па дарозе крыху затрымаўся ў Корчыне і Любліне, і прыкладна з першымi днямi лістапада спыніўся ў Гродне. Туды прыехаў да яго Фарэнсбах, якому падчас апошняй вайны прыйшлося шмат нягод вытрываць, і тут ён атрымаў заслужаную ўзнагароду».

Каляды гэтага года і пачатак новага 1584 Баторый правёў у Гродне.

У лютым кароль паслаў з Гродна яшчэ маладога і не надта ўплывовага Льва Сапегу паслом у Маскву.

Альбертрандзі апісвае і іншыя падзеі, якія адбыліся з каралём, у яго любімым горадзе, у лютым 1584 года:

«У гэтым годзе ў лютым прыбылі Ян Лінде, Конрад Ленка з гданьскага магістрата, і Генрых Лемпка, гарадскі ўраднік (sendyk miasta) да караля ў Гродна, а ён іх паслаў да канцлера Замойскага ў Кнышын, i з пасрэдніцтвам яго пытанне было вырашанае.

Якраз у той час, калі гданьскія паслы прыбылі, пасол Герберт ад англійскай каралевы прыехаў, каб закласці з каралём гандлёвае месца для англійскага гандлю і правілы для такога гандлю. Гандаль быў перанесены ў Эльблонг з Гданьска, і гданчане гублялі немалыя сродкі з-за гэтага, і імкнуліся вярнуць да сябе ангельскі гандаль. Тады ж узніклі некаторыя спрэчкі з прускім князем. Наконт правільнага календара некалькі разоў кароль папярэджваў яго, што, прытрымліваючыся прыкладу Кароны, членам якой ён быў, каляндар таксама прымаць павінен. Князь упіраў на розніцу веры і свае вольныя правы, але яму было даказана, што каляндар не мае нічога агульнага з верай, таму што каляндар быў створаны не па волі Хрыста ці яго вучняў, а ідзе ад Юлія Цэзара, які не меў ніякага дачынення да хрысціянства. Усё гэта, аднак, не пераканала князя, які цвёрда трымаўся сваёй думкі».

Такім чынам, у Гродне кароль вырашаў шэраг значных пытанняў, а менавіта: вёў перамовы з заўзятымі прадстаўнікамі Гданьска, наконт партовых, падаткавых збораў, прымаў пасла англійскай каралевы Лізаветы I, якая планавала актыўна развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з дзяржавамі Усходняй Еўропы  Рэччу Паспалітай і Масковіяй, і прамаваў у Прусіі сваё ж новаўвядзенне  Грэгарыянскі каляндар, праўда, без асаблівага поспеху.

Акрамя таго, далей аўтар піша аб прускіх шляхціцах, якія скардзіліся на свайго князя і аб лiсце Баторыя, які нагадаў уладару аб шляхетных вольнасцях, але пры гэтым і запэўніў князя ў яго аўтаноміі і паабяцаў падтрымаць у выпадку сепаратызму ў ягоным краі. Князь выклікаў да сябе незадаволеных, але тыя, баючыся арышту, кінуліся «пераследаваць караля ў Кракаве, Вільні і Гародні» закідваючы яго просьбамі абаранiць iх ад князя.

У красавіку Баторый быў у Вільні і даведаўся там пра смерць Івана Грознага.


Выява Стэфана Баторыя ў фарным касцёле Гродна.


У маі гэтага года Баторый жыў у Гродне, і тут ён раіўся з літоўскімі вяльможамі наконт новых палітычных магчымасцяў, якія, без усялякага сумнення, адкрывала смерць рускага цара.

На пачатку восені 1584 года, Баторый надоўга акапаўся ў Гродне, палюючы ў гродзенскіх лясах і разглядаючы палітычныя справы да самага 1585 года.

Пасля новага года Баторый адправіўся ў Варшаву, дзе вырашыў шэраг важных пытанняў, у прыватнасці: дамогся канфіскацыі маёнткаў свайго суперніка Кшыштафа Збароўскага і адмовіўся ад планаў стварэння пірацкага флота.


Джон Дi (злева) і Эдвард Кэлі. Калаж аўтара. Арыгіналы ў Музеі Ашмолу і Лонданскім універсітэце.


У 1585 годзе здароўе караля значна пагоршылася. Тады уладар, які тады кватараваў на польскай тэрыторыі, прыняў пару ангельскіх містыкаў, знакамітых Джона Ді і Эдварда Кэлі. Ангельцы паказвалі Баторыю сеанс з крыштальным шарам, у які засяроджана ўглядваўся Кэлі. Цікава, што некаторыя словы Кэлі можна трактаваць як указанне на рэальныя акалічнасці жыцця манарха, а менавіта, язву на назе, якая шмат гадоў мучыла караля. Ці было гэта чымсцi рэальна містычным і навукова невытлумачальным, ці нечым іншым Хто ведае. Аднак Баторый быў, мабыць, не надта ўражаны, і ніякіх асаблівых ушанаванняў ангельцы не атрымалі, хоць кароль расплаціўся з імі за сеанс грашыма.

У будучыні чарадзеяў чакала яшчэ шмат чаго цікавага. Напрыклад, праз пару гадоў пасля сустрэчы з Баторыем, Кэлі раптам адкрыў Ді, што анёлы сказалі яму падзяліцца з таварышам сваёй жонкай, а ён, у сваю чаргу, павінен зрабіць тое ж самае. Ді не асмеліўся праігнараваць анёлаў, і абмен адбыўся. Такім чынам, парачка містыкаў з Альбіёна займалася свінгам задоўга да закладкi першага свiнг-клубу.

Яркія біяграфіі ангельцаў дапамаглі ім стаць папулярнымі персанажамі заходняй поп-культуры. Розныя згадкі пра гэтых чараўнікоў прысутнічаюць у вядомых мастацкіх творах, у тым ліку культавых галівудскіх фільмах: «Ведзьма з Блэр» і «Сэрца анёла».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3