Паходжанне
Стэфан Баторый нарадзіўся ў 1533 годзе, у горадзе са складанай назвай Шымлеу-Сільваней, якi інакш называюць Шом'ю або Шом'ё. Мясцовасць з не вельмі высокімі, зялёнымі ўзгоркамі, выразна нагадвае Гародню, і гэтым падабенствам часам тлумачаць любоў (цi тут нават дарэчы казаць каханне) Стэфана да горада над Нёманам.
Размяшчаўся радавы цэнтр Баторыяў, або як іх яшчэ называюць: Батары, на тэрыторыі Трансільваніі. Некалі яна была фармальна незалежнай краінай. Назва гэтай гістарычнай вобласці адметна тым, што дастаткова добра замацавана ў поп-культуры. Зразумела, адбылося гэта дзякуючы вялікай папулярнасці аднаго з персанажаў пісьменніка Брэма Стокера, а менавіта, графа Дракулы. Улад III Цепеш, рэальны прататып літаратурнага графа-вампіра, вёў шматлікія войны, а адным з яго надзейных баявых таварышаў быў Стэфан (Іштван) Баторый, праўда, не галоўны герой гэтага расповеду і валадар Польшчы і Літвы, а проста цезка караля і адзін са значных прадстаўнікоў роду, што жылі ў XV стагоддзі.
Род Баторыяў, як мяркуецца, iдзе каранямі ў нямецкія землі.
На гербе гэтых венгерскіх магнатаў ёсць клінаватыя элементы, так званыя «зубы цмока». Радавая легенда звязвае іх з міфічным цмокам, якога перамог продак караля і вялікага князя. Цікава, што вакол гербавага шчыта Баторыяў, нярэдка змяшчаўся цмок, з хвастом, закручаным да пашчы. Падобная выява была эмблемай Ордэна Цмока, членам якога акурат з'яўляўся бацька Улада Цепеша. Дзякуючы гэтаму факту Улад і атрымаў мянушку Дракул, гэта значыць, цмок. Дарэчы, у гэтае шаноўнае братэрства нiбыта ўваходзілі і ўладцы ВКЛ: Ягайла і Вітаўт.
Герб Стэфана Баторыя. Ян Матэйка, 1875 год.
Апроч чалавека, што злучае род з адным з самых вядомых герояў маскульту, Баторыі мелі ў сваіх шэрагах і сваю ўласную суперзорку сусветнай поп-культуры.
Лізавета Батары, вядомая таксама як Крывавая графіня, падобна Уладу Дракуле, змагла стаць персанажам фільмаў, кніг, кампутарных гульняў і мультфільмаў, хоць яе папулярнасць, вядома ж, вельмі моцна саступае папулярнасці самага знакамітага вампіра ўсіх часоў.
Лізавета, якая паводле сведчанняў, забіла сотні юных дзяўчын, даводзілася каралю і вялікаму князю Стэфану Баторыю пляменніцай.
Вось у такой цікавай сям'і і нарадзіўся будучы манарх Рэчы Паспалітай.
На вяршынях магутнасці
Стэфан Баторый быў добра адукаваным і таленавітым палітыкам. За трон роднай Трансільваніі яму давялося пазмагацца з Каспарам Бекешам, якога лёс у выніку прывядзе да сяброўства з манархам, і ён жа звяжа імя венгерскага двараніна з Гродна, у якім гэты, дастаткова здольны, чалавек, завершыць свой зямны шлях.
Прабіваючыся да трона Трансільваніі, Баторый эфектна лавіраваў паміж Габсбургамі і султанам Асманскай імперыі.
Але наперадзе яго чакала самае значнае кар'ернае дасягненне сярод усіх прадстаўнікоў яго роду. Гаворка, канешне, аб атрыманні ўлады над Рэччу Паспалітай.
Стэфан Баторый. Ксілаграфія невядомага аўтара, першакрыніца: В. Бродзскі, другая палова XIX стагоддзя. Нацыянальны музей Кракаў.
У канцы 1575 года, нягледзячы на канкурэнцыю з боку магутнага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, якога ўжо публічна назвалі польскім каралём, Стэфан Баторый здабыў галасы шляхты, у тым ліку і літоўскіх дваран, і быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Стэфан павінен быў стаць каралём, але з абавязковай умовай жаніцьбы на Ганне Ягелонцы апошняй прадстаўніцы сваёй дынастыі, акрамя таго, Ганна фармальна мела б манаршыя правы, хоць рэальную ўладу меркавалася аддаць Баторыю.
1 мая 1576 года Стэфан ажаніўся з Ганнай і быў каранаваны ў вавельскім саборы Кракава.
Цяпер венгерскі арыстакрат стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім, гэта значыць: валадаром вялізных тэрыторый. I нават подпіс новага манарха Літвы і Польшчы, паведамляў аб яго новым статусе «Стэфан Кароль».
Арыгінальны подпіс Баторыя на дакуменце: Stephanus Rex (Стэфан Кароль). Гродна, 1586 год. Бібліятэка Чартарыйскіх.
Гарадзенскае жыццё Стэфана Баторыя
Гісторыя Баторыя і яго любімага горада пачынаецца ў той момант, калі кароль прыбыў у Гродна, у 1579 годзе.
Выехаўшы з Варшавы на пачатку студзеня, Баторый патрацiў крыху больш тыдня, каб дабрацца да Гродна. Каля горада яго сустрэла дэлегацыя літоўскіх паноў. Пазней ён раіўся з імі наконт ваенных дзеяннях супраць Масквы.
Шмат звестак аб кіраванні Баторыя ёсць у кнізе польскага гісторыка італьянскага паходжання, які працаваў у XVIII XIX стагоддзях, Яна Альбертрандзі (Jan Albertrandy). Працы даследчыка апублікаваў іншы гісторык Зегота Анацэвіч, які, дарэчы, у свой час вучыўся ў Гродне. Гэтыя матэрыялы з'яўляюцца цікавымі дакументамі, якія сведчаць пра добрае развіццё гістарычнай навукі ў позняй Рэчы Паспалітай. Варта зірнуць на цытаты з гэтых прац.
«Год 1579. Мялецкага з Варшавы адправіўшы дадому, каб ён падрыхтаваўся, кароль сам выехаў у Гродна, не без турботы аб тым, што грошы ад падаткаў павольна паступалі ў казну, і нават калі б яны былі цалкам сабраны, здавалася, што гэтага недастаткова для такой вялікай вайны. Аднак кароль змагаўся як мог з гэтым недахопам, то беручы ў доўг, то аплачваючы грамадскія патрэбы з уласнай прыватнай казны. Па ўсёй Польшчы ён загадаў вербаваць салдат. Да Кшыштафа, свайго брата, трансільванскага князя, ён адправіў пасланца, абавязваючы яго паслаць яму пэўную колькасць вугорскай пяхоты, прыдатнай для вайны, і некалькі рот кавалерыі.