Яўген Аснарэўскі - Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI  XVIII стагоддзяў стр 14.

Шрифт
Фон

Патронам, дарэчы, магла быць і жанчына магнатка, і аб пратэкцыі «вяльможнай панны дабрадзейкi» прасілі не менш лісліва, чым аб пратэкцыі магната мужчыны.

Пасады

Кар'ера шляхціца не абмяжоўвалася атрыманнем статусу пасла на сейм ці дэпутата-суддзі ў судовым органе. Доўгі пералік дзяржаўных пасад вабіў дваран сваімі перспектывамі. Пасты шляхцічу маглі даць яго таварышы на сейміку, або манарх. Назвы пасад і фармальныя абавязкі гэтых чыноўнікаў XVI  XVIII стагоддзяў, безумоўна, могуць быць вельмі цікавымi.

У гарадзенскім павеце шляхціц мог заняць наступныя пасады ці, інакш кажучы, урады:

Войскі  прыглядаў за парадкам у павеце. Пасада была па-свойму ўнікальнай, бо такi чалавек павінен быў забяспечваць жыццё сем'яў шляхты, што пайшла на вайну. Такім чынам, выконваючы абавязкі войскага шляхціц заставаўся ў адноснай бяспецы, пакуль яго таварышы па зброі ваявалі. Зразумела, на падобную «амаль сінякуру» лагічна было ставіць пажылых мужчын з добрай рэпутацыяй, аднак на практыцы часта атрымлівалася інакш.

Гараднічы  павінен быў прыглядаць за гарадамі і замкамі, захоўваў ключы ад важных дзвярэй горада.

Земскі суддзя  з'яўляўся кіраўніком земскага суда.

Лоўчы  першапачаткова чалавек, які займаўся арганізацыяй манаршага палявання.

Маршалак земскі або павятовы маршалак  кіраўнік мясцовых сеймікаў, які меў і некаторыя іншыя важныя паўнамоцтвы. Адзін з найважнейшых чыноўнікаў павета.


Гарадзенскі маршалак упаў з каня. Фрагмент роспісу лаў у Кангрэгацкай капліцы фарнага касцёла Гродна. Фота М. Супрон.


Мечнік  асоба, якая наглядае за ўзбраеннем уладцы.

Пісар земскі  той, хто клапаціўся пра кнігі земскіх судоў, займаўся напісаннем судовых пратаколаў.

Падкаморы  галоўны суддзя ў падкаморскім судзе.

Падстараста  намеснік старасты.

Падстолій  першапачаткова намеснік стольніка, які нават нёс перад ім ягонае жазло.

Падсудак  намеснік земскага суддзі.

Падчашы  ураднік, які першапачаткова займаўся каралеўскім кубкам, клапоцячыся аб тым, каб патрэбны напой заўсёды быў даступны для манарха.

Стараста градовы  адміністратар староства і старшыня гродскага суда.

Стольнік  першапачаткова падобная пасада быў звязана з клопатам пра стол манарха.

Харунжы  тытулярны сцяганосец, які аб'яўляў ваенны збор мясцовай шляхты і камандаваў ёй, часам з дапамогай памочнікаў  ротмістраў.

Чашнік  яшчэ адзін «алкагольны» пост. Абавязкі чашніка паходзілі на абавязкі падчашага, які першапачаткова быў яго памагатым.

Акрамя вышэй пералічаных існавала яшчэ мноства пасад-тытулаў, да прыкладу: мастаўнiчы, ляснічы, дзераўнiчы, крайчы, будаўнічы, неваднічы, піўнічы.

Большасць урадаў паступова сталі толькi ганаровымі пасадамі.

Жанчыны не займалі пасад, але выкарыстоўвалі тытул мужа ці бацькі. Напрыклад, жонка ваяводы  гэта ваяводзіна, а дачка  ваяводзянка. Чытачы могуць самастойна, у рамках практыкума, утварыць жаночыя формы тытула дзераўнiчы. А чытачкі, акрамя таго, спытаць сябе: хацелі б яны быць дачкой дзераўнiчага і насіць адпаведны тытул ці ўсё ж такі не.

У канцы існавання Рэчы Паспалітай, Гародня нарэшце атрымала сваё ваяводства, і ў іерархіі гродзенскай шляхты з'явіліся значныя пасады ваяводы і кашталяна.

Канешне, прадстаўнікі мясцовых родаў далёка не заўсёды абмяжоўваліся ўнутранай кар'ерай, і часам даходзілі да агульнадзяржаўных пасад. Некаторым удалося атрымаць нават найважнейшыя свецкія, ваенныя і духоўныя пасады ВКЛ, то бок, заняць урады маршалка вялікага, канцлера, вялікага гетмана і віленскага біскупа.

Паўсядзённае жыццё

Рэлігійны светапогляд і вучоба

Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI  XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.

Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.

Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.

Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.

Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.

Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.

Паляванне і рыбалка

Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.


Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.


Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3