«Ой, мароз, мароз, не марозь міня» Праўда, на сярэдзіне песні змаўкае, так і не патрапіла да канца яе вывучыць. «Во, ізноў Лілька раве», пасміхаюцца суседзі. «Наша Ліля малайчына што выпіць, што пагуляць!» падхвальваюць сваякі. «Канечне, бо нашто такая жызня! рагоча Лілька, піхаючы мяне ў бок: А ты чаго такая неапшчыцельная?» Маўчу, каб радню не ўгнявіць. Мне ж яе «апшчыцельнасць» бы стрэмка ў пяце.
А ў астатнім усё няблага ішло. У дзевяноста восьмым пасля дэкрэтнага ў школу вярнулася. Працы па спецыяльнасці мне не знайшлося. Давялося ісці педагогам-арганізатарам і выхавацелем групы падоўжанага дня. Пасады тлумныя, малааплатныя. Спраўлялася, бо выйсця не было. Муж бурчэў: «У цябе то канцэрты, то вечары ў клубе. Хіба іншых настаўнікаў няма?»
Тут раптам высветлілася здольнасці мае літаратурныя нідзе не падзеліся, а якраз тут і спатрэбіліся. Сцэнарыі святаў ствараліся на адным дыху. І падбіла ж мяне ліха напісаць тое першае сваё апавяданне, шчэ ў газету даслаць яго! А пачалося ўсё з перадачы абласнога радыё на тэму каляднай абраднасці. Я ўзяла ды ўзгадала, як на маёй памяці каляды святкавалі. Пра бясконцыя чароды калядоўшчыкаў, каторыя па двойчы ў адну хату ідуць, пра казу, якая ўпала, каб далі сала, але колькі ні давалі сала, падняцца так і не здолела. Спірту перабрала, на руках з хаты вынеслі. Ведама, нашыя пяніцы два разы тупнуць, а ты нясі ім і выпіўку, і закуску! Шмат хто ў шчодры вечар вокны чорным занавешвае, каб святла відаць не было, каб не перліся калядоўшчыкі. Даслала апавяданне «Калядны вечар» у раёнку. Надрукавалі, рэдактар патэлефанаваў у школу, пахваліў, запрасіў да супрацоўніцтва, да ўдзелу ў літаратурных вечарынах. І павыступала я ў сваёй школе, у суседніх вёсках, у раённым ДК, нават на радыё мясцовым. На працы мною ганарыліся: «Трэба ж так пісаць, слова не выкінеш!» А вось радні маёй было не ў нос. Асабліва шчыравала цётка Ліля, нават падбухторвала свякроўку звазіць мяне да бабкі пашаптаць, маўляў, здурнела дзеўка, сурочылі яе. Ды я ў галаву не брала, для цёткі Лілі ўсё за межамі мужавага гастрыту і салення агуркоў варяцтва. Астатнія маўчалі, пакуль што. Прычыны наракаць не было. Заробак маю, у хаце спарадкавана. Так цягнулася ажно да запрашэння на двухдзённую сустрэчу для маладых літаратараў нашай вобласці. Я вагалася: ехаць ці не, але рэдактар угаварыў, а дырэктарка школы нават дарогу ў абодва бакі аплаціла, папрасіла кніжак для школы прывезці. І я рызыкнула за гаспадаркаю пагадзілася прыгледзець свякруха.
Імпрэзу зладзілі будзь здароў! Абласное тэлебачанне здымала! Прысутнічалі і знаныя літаратары, багата творчай моладзі. У асноўным усе з універсітэта цікавыя разняволеныя людзі. Я напачатку пачувала сябе скавана. Але як пачала свае творы чытаць, куды тая сцішанасць падзелася! Два апавяданні ўзяў для друку адзін дужа паважаны часопіс. Параілі не спыняцца, пісаць далей.
Выканаўшы даручэнне дырэктаркі, з гарадскімі гасцінцамі для дзяцей у адваротны шлях ляцела бы на крылах. Непадалёк ад аўтобуснага прыпынку пераняла мяне вучаніца і выгукнула: «Вольга Іванаўна! А я вас учора па тэлевізары бачыла». Родная хата сустрэла мяне напружаным маўчаннем. Дзяніс, не вітаючыся, патэпаў у сенцы пры маім зяўленні. Зацішша перад бурай. Ад дачушкі ўдалося дазнацца, што ж такога непапраўнага здарылася за два дні: здохла двое трусянятак, бабу паклікалі на працу, дык тата мусіў двойчы сам сабе гатаваць вячэру і сняданак. І тут Дзяніса нібы прарвала:
Мне тваё пісанне да ср Мне трэба, каб дзеці ды гаспадарка дагледжаныя былі! Для гэтага жонка ў хаце. А не для таго, каб у горад ездзіць, хвастом круціць ды купляць кніжкі вазамі! Карысці з іх! Цётка Ліля праўду казала
Святочны настрой знік імгненна.
Святочны настрой знік імгненна.
Трусы для цябе, канечне, галаўней. А мае жаданні ў разлік не ідуць, толькі і прамовіла я ў адказ. Даводзіць сваю невінаватасць у трусінай смерці не мела сэнсу. Блізкія людзі? Пэўна, каб загуляла на два дні на якой бяседзе, гэта было б ім лягчэй зразумець і перанесці.
Не размаўлялі два дні. Блізіўся мой дваццаць сёмы дзень нараджэння. І святкаваць яго не было ніякага жадання.
Раніцаю ў хату завітала свякруха з віншаваннямі ды вялізнай торбай:
Паслухай мяне, Волечка, памірыцеся вы. Ды не лётай нікуды больш. Мужыка і дзяцей глядзі. Дзяніска во як усердзіўся! Ты ж ведаеш баб нашых умомант мужыку галаву закруцяць. За яго любая пойдзе. Кіне сямю, а каму патрэбна ты і твае дзеці будуць? Нашто табе тое пісанне? Абы сляпіцца. Ты ж ужо матка дваіх дзяцей, а не школьніца якая. Лепш паляжы, адпачні, паглядзі тэлевізар
Аднекуль са сховаў маёй памяці выплыў азызлы твар дзядзі Віці, гнілая матчына хата. Нібы на яве пачуліся галасы пляткарак:
Я ж вам казала, толку не будзе! Матка семярых памяняла, і дачка з мужыком не ўжылася.
Мурзатае дзяўчо ў падраных калготках, аказваецца, нікуды не падзелася, да скону ўва мне будзе. Міжволі падумалася: «Насамрэч, дзе ж я падзенуся? У мяне ж нічога свайго няма і заробак малы». На хвіліну ўявіла, як мае дзеці ўсё дзяцінства і маладосць будуць выбівацца з галечы і апантана даказваць сваю «нармальнасць». На мары, здольнасці, свабоду выбару сілаў ужо не застанецца. Зачараванае кола. Не бывае пісьменнікаў з бедных сялянскіх семяў.