У цябе ж дзень нараджэння сёння, дык я дару табе шапку норкавую, у кошт заробку ўзяла. А то ўсё ў вязанай, як дзіцё, бегаеш. Праздраўляю! усміхнулася свякруха і паклала на край стала, ссунуўшы кубак, высокую, падобную на цэбар шапку. Кубак бразнуўся долу, разляцеўся на дробныя аскепкі. А разам з ім ляснулася ўся мая творчасць.
На шчасце, на шчасце! узрадавалася свякруха.
Аж млосна стала. Падзякаваўшы, я выбегла на двор. Трэба ж такому здарыцца: па вуліцы перлася цётка Ліля.
Паглянь на яе! Пісацелька знайшлася, разумніца засная! Дзяніска наш з сямі харошай, а сціплы, не вытыркаецца нідзе. А яна, галадранка, адзелася, аделася, волю пачула! Казала яму: «Не бяры ты гэтай галытвы, вазьмі Ганьку Макараву». Не паслухаў цётку
І тут я ўпершыню не стрывала звягі:
Маўчы, авечка тарапатая! Мяне з пад плота не падняў, на сваім хлебе была! Даўбешка ты, дзве ізвіліны, а ўсюды язык свой паганы ўткнеш, глядзі, адкусяць.
Цётка ад нечаканасці аж збялела. Нешта буркнуўшы пад нос, пашыбавала дахаты.
З таго часу жыццё маё пайшло па наезджанай каляіне. Адзін дзень на другі падобны. З мужыком памірылася. Па першым часе на просьбы напісаць нешта адказвала рашучай адмовай. Пасля адчапіліся. Радня задаволеная. Нават Ліля больш не вяжацца, пасля таго, як я ёй адлуп дала, прызнала за сваю. Ды я яе і не пільнуюся. Вось з Нінай Адамаўнай, нашым заўклубам, пасябравала. Тая ўсё скардзіцца, што бацькі дзяцей у гурткі не пускаюць, кажуць, няхай лепш у градах. А я думаю, то яно і правільна, вышэй галавы не скокнеш
Машыну новую купілі. Бычка на адкорм узялі. Дзеці здаровыя. Чаго Бога гнявіць цяперашняе маё існаванне не такое ўжо і кепскае. Толькі вось ніяк не вызначуся, што яно мне больш нагадвае: нішчымны сталоўскі боршч ці вечарыну ў цёткі Лілі, дзе ўсе вакол рагочуць, а я неапшчыцельная.
Жанчына і леапард
У аўтобусе смярдзела саляркаю, пад сядзеннем дрынчэла скрыня з нейкім жалеззем. За акном плылі ўчарнелыя ад восеньскіх дажджоў слівы, напаўпустыя вёскі; гарбузы на ганку хатаў, крытых шыферам ці чырвоным руберойдам, быльнёг у рост чалавека пад праваленымі стрэхамі з дранкі або гонты. Карэспандэнту раённай газеты «Працоўны шлях» Івану Гаўрыльчыку падавалася, што ў гэтую камандзіроўку ён едзе ўжо вельмі даўно. Як дванаццаць гадоў таму сеў у аўтобус «Панкратавічы Слабодка», так з яго і не выходзіў, настолькі аднастайнымі і звыклымі былі навакольны краявід, штодзённае жыццё і праца.
Сёння, па заданні рэдактара, ён мусіў браць інтэрвю ў перадавікоў колішняга філіяла завода гароднінных кансерваў, а цяпер ААТ «Добры гаспадар», стратнай вытворчасці, што ўжо больш як чвэрць стагоддзя вырабляе нязменную закуску «Бурачковая» і кабачковую ікру ў паўлітровых слоіках. Прадукцыя тая хаця і была добра вядомая айчынным і замежным спажыўцам, але попыту ў іх не знаходзіла. У выніку гады тры таму завод абвясцілі банкрутам, што, аднак, не перашкодзіла ягонаму кіраўніцтву будаваць сабе катэджы, набываць аўтамабілі, і, рэарганізаваўшы прадпрыемства ў акцыянернае таварыства, па-ранейшаму працягваць выпуск экалагічна чыстай кабачковай ікры ды закускі «Бурачковая».
Заўчора ў ААТ «Добры гаспадар» адбылося традыцыйнае ўшанаванне ўдарнікаў працы, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчага комплексу, а тут якраз у газеце на другую паласу не было чаго ставіць, вось і давялося Гаўрыльчыку перціся ў Слабодку.
Божухна! Колькі ж інтэрвю даярак, механізатараў, замалёвак, прысвечаных работнікам гандлю і лясніцтва, рэпартажаў са святаў ураджаю напісаў ён за пятнаццаць гадоў сваёй працы! Спачатку, як толькі прыйшоў пасля заканчэння інстытута ў рэдакцыю раёнкі, спрабаваў нават рабіць такія матэрыялы цікавымі. Тады былі іншыя часы, нават не верыцца ўжо. На старонках «Працоўнага шляху» знаходзілася месца і праблемным артыкулам, і нарысам мясцовых краязнаўцаў аб гісторыі вёсак, трагічных лёсах землякоў, знявечаных рэпрэсіямі, і вершам беларускамоўных паэтаў з тутэйшага літабяднання.
Але хутка ўсё змянілася і часы, і галоўны рэдактар. З усяго шматаблічча і шматгалосся засталіся толькі звесткі з палёў, старанна спісаныя з райвыканкамаўскага інфармацыйнага стэнда, дурнавата-бадзёрыя рэпартажы з пасяджэнняў ды мерапрыемстваў, абавязковыя віншаванні-памінанні з нагоды юбілеяў або ўзнагароджанняў якою граматай мясцовых кіраўнікоў. Фотаздымак з пратакольным выразам твару, нуднае апісанне жыццёвага і працоўнага шляху, якое наўрад ці хто чытаў апроч самога юбіляра. Паміналаўка так найчасцей клікалі газету яе прымусовыя падпісчыкі. Афіцыйная ж назва дашчэнту сцерлася з народнай памяці, і толькі прынцыповая пазіцыя выканкама не давала органу друку канчаткова спыніць сваё існаванне.
У раёне далжна быць свая печаць! А каму не наравіцца, няхай у другі раён едзець! гучала нязменнае на ўсіх сходах, днях інфармавання з кіраўнічае трыбуны.
Дык мы не супраць, каб жа нармальная газета была, бурчалі бюджэтнікі, супрацоўніцы калгасных кантор, паштаркі, падпісваючыся на «Працоўны шлях» узамен на прэмію ці адгул.
«Шчырыя» споведзі «простых» людзей засталіся таксама і асабліва множыліся напярэдадні прафесійных святаў. Пісаў іх звычайна Іван Гаўрыльчык. Цяперака ўжо сталы журналіст, ён без лішніх мудрагельстваў мяняў месцамі сказы, падстаўляў патрэбныя імёны. Ды і самі простыя людзі імкнуліся выглядаць як мага прасцейшымі у сваіх расповедах баяліся ляпнуць языком лішняе. У выніку артыкулы, у якіх праслаўляўся чалавек працы, выходзілі падобнымі адзін да аднаго, бы меладрамы на тэлеканале «Расія», і пачыналіся прыкладна так: «Нарадзіўся ў сялянскай сямі. Пасля заканчэння школы (варыянты: службы ў войску, вучобы ў сельгастэхнікуме) застаўся працаваць у роднай гаспадарцы». Калі ж герой інтэрвю ці нарыса быў не з мясцовых, а з наезжых, што апошнім часам здаралася ўсё часцей, дык з яго вуснаў чулася наступнае: «Родом я с Рязанщины (Казахстана, Молдавии, мать из Вологды, отца не помню). Вербовался на целину, служил на Дальнем Востоке, с первой семьёй на Сахалине жили, в Монголию по контракту ездил, в восьмидесятых снова на родимой Рязанщине очутился, потом судьба сюда закинула. Да, побросала меня жизнь». Больш падрабязна, хаваючы татуіроўку крыжык на руцэ, знаёміць з акалічнасцямі свайго лёсу грамадзянін свету не спяшаўся.