- Струмант гэты хоць i просты, але я навучу Юнака граць так, каб тутэйшыя людзi зачароўвалiся iгрою i прыходзiлi да свядомасцi, чаму так сталася, што яны не гаспадары ў сваёй хаце.
- А я дам яму "Гуслi", - сказаў Вадзянiк. - Няхай апявае былую славу свайго народа i закiдае ў сэрца яго iмкненне заняць пачэснае месца мiж славянамi.
Слухаў месячык гэтую размову. Яму таксама захацелася хоць чым дапамагчы Юнаку, i ён сказаў:
- А я пайду з iм "Шляхам жыцця" i буду асвятляць дарогу, каб яму лягчэй было прабiвацца. Ён убачыць "Раскiданае гняздо" свае айчыны i раскажа аб iм людзям. Калi ён прыстане ў дарозе, я палажу яго спаць на высокiм кургане i навею яму чароўны "Сон на кургане". У дарозе ж ён спаткаецца з мiлаю "Паўлiнкаю" i расказам аб ёй людзей падвяселiць.
Выступiў i пануры Ваўкалак.
- У мяне крэпкiя, гонкiя ногi. Я пiшу па зямлi сотнi, тысячы вёрст. Я занясу на край свету яго песнi i думкi. Я дам яму словы гневу i абурэння, каб молатам бiлi яны па струнах сэрца таго, хто прадае сваю айчыну.
- Я дам яму голас вечавога звона, - сказаў адзiн чараўнiк. - Грымотамi будзе ён гучаць па ўсiм краi i за яго межамi.
- А мы саўём вянкi яго песням з ранiшнiх рос i сямiколерных вясёлак, сказалi зоры.
- А я што дам яму? - узяў слова сам старшыня. - Я загадаю маiм пушчам-лясам расказаць яму пра свае адвечныя тайнасцi. Я авею яго песнi шумам бароў. Iх украсаю будзе мудрасць векавечных дубоў. Я дам яму гарт i цвёрдасць граба, каб да канца Юнак быў верным свайму народу. I ён пакiне народу вялiкую "Спадчыну". Давайце ж панясём яму свае падарункi.
Усе паднялiся, пайшлi да Юнака i пазносiлi яму шчодрыя дары.
А тым часам свiтаць пачынала. Пакiнулi зоры сваё купанне. Месяц за беражок зямлi закацiўся.
Узышло сонейка. Мiльёны яго радасных смехаў рассыпалiся па зямлi i задрыжалi ў росах. Зiрнула сонейка на бераг возера, дзе сход адбываўся, i так весела-весела ўсмiхнулася - даведалася сонейка, што тут рабiлася.
- Хвалю iх за тое, што яны так багата Юнака адарылi, - сказала сонейка. Я скажу сваiм хмаркам, каб не засланялi яны неба ў купальскую ноч: няхай гэтыя сходы пры ясным небе адбываюцца.