- Кулак, - цiха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзiўшыся.
А рыжы загаварыў:
- Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распiлуеце мне заўтра дзве плашкi напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пiлоўкi ў мяне многа, а за начлег - я ж кажу, распiлуеце мне дзве плашкi заўтра.
"Ну i скупы ж", - падумалi пiльшчыкi пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:
- Даўней я тут карчму трымаў, вялiкая дарога тут праходзiць, вунь слупы з акна вiдаць. А цяпер - так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. I няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпiўкi - палавiна даходу паменшала, лiха яму. А даўней, старымi часамi, якая любата была - усе суседнiя вёскi ў мяне пiлi, грошы, як з мяшка, сыпалiся.
- Ды што гаварыць, - сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: "От гад, лiха яму, праўдзiвы воўк, нядарам i барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памiлуе".
А рыжы гаварыў далей:
- Тым часам i цяпер многа падарожных бывае. Камiсары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...
Як бы падкрэслiваючы яго словы, заскрыпелi на двары вароты, у двор уехаў вялiкi, параконны воз, i хутка ў хату ўвайшлi двое.
Адзiн - саўсiм малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамi i белым каўняром. Другi - старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокi. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсiм стаў тонкiм.
- Добры вечар у хату, - сказаў ён, усмiхаючыся.
А малодшы быстра пераскочыў цераз парог i загукаў весела:
- Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..
Рыжы зразу прыняў шутлiвы выгляд i лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруцiў яго леваю рукою па хаце.
- Здарова, рыжы чорт, - крычаў хлапец, схвацiўшы таго за бараду.
А старэйшы - чорны, з выглядам пастаяннага начлежнiка, цягнуў ужо ў чысты бакавы пакойчык крыты шэрым палатном чамадан, клунак i тоўсты партфель.
- Давай чым грэцца, - крыкнуў хлапец i, зразу прыняўшы сталы выгляд, пайшоў у пакой i зачынiў дзверы.
- Што гэта за яны? - запытаў цiха Кузьма.
- Ого, брат, - адказаў рыжы з нейкай гордасцю ў голасе ад такога кароткага знаёмства з гэтымi людзьмi, - ого, гэта вялiкая начальства - гэта, брат, з павятовага iспалкома.
- Пайшоў ты!..
- Я табе кажу.
- Дык жа гэты зусiм яшчэ дзiцё.
- Мала што, ён - камсамолец.
- А той?
- Той - камунiст.
I, хiтра падмаргнуўшы, рыжы прыбавiў:
- Яны тут па павету ездзяць i часта ка мне заязджаюць начаваць.
Рыжы зноў маргнуў адным вокам, i нейкi хiтры, жадны i непрыемны бляск з'явiўся ў яго вачах.
"Ну i халера, ну i гад рыжы", - падумалi пiльшчыкi.
Увайшоў фурман, i ён быў малады i вясёлы. Ён зразу скiнуў кажух i захадзiў па хаце, высвiстваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь i стала завiхацца з ёю каля печы.
- Здароў, Мiкiтка! - сказала яна фурману.
Мiкiтка весела падмаргнуў ёй.
- У вас заўсёды начуе многа людзей? - запытаў Улас.
- Многа... Як калi, - адказала гаспадыня.
Пiльшчыкi дасталi хлеб i сталi есцi.
За душы змарлых,
Ахвяравалiся б акрысы...
пачуўся пад акном скрыплы i гугнiвы голас старца. Рыжы стаў слухаць.
- Вынесi яму чаго-небудзь, - сказала гаспадыня.
- Добры iнтарэс, - адказаў рыжы, - толькi што пачаў спяваць, а ты ўжо нясi яму. Нiдзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады i вынесу.
- А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, - зарагатаў Мiкiтка, - ая-ай... От табе будзе карысцi з яго песнi!..
- Пайшоў ты к чорту, - агрызнуўся рыжы, - не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысцi не будзе, але ж яму вельмi будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта вiдана, каб каму самахоць давалi без дай прычыны...