Владимир Николаевич Кулик - Белорусский дневник  2022 стр 4.

Книгу можно купить на ЛитРес.
Всего за 5.99 руб. Купить полную версию
Шрифт
Фон

Дзяўчыне з далёкага юнацтва

Часу небагата  толькі вечар
Падарыла нам з табой зіма.
Прамільгнула знічкаю сустрэча 
І нічога ад яе няма.
Як нічога? Памяць не здаецца! 
Ёй той сцюжны вечар дарагі,
І таму не адпускае з сэрца,
Робіць, як у танцы, з ім кругі.
Ну навошта сам сабе я хлушу?!
Успамін аспрэчваю дарма! 
Калі шчыра, то прызнацца мушу:
Назірала, бачыла зіма,
Як глядзеў нясмела я ў бяздонне
Сініх азярын  вачэй тваіх,
І губамі грэў твае далоні,
Па-дзіцячы хукаючы ў іх.
                                             * * *

Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей,
Дзе вір падзей, святло надзей.
Душа не любіць адзіноты,
Самота час яе крадзе,
Нясе ёй жаласныя ноты.
Душа не любіць адзіноты,
Ёй больш утульна між людзей.

Дзіўна, што Пушкін вясну не любіў

Вясёлая пара  вачэй азеляненне,
Як грэе кроў твая вітальная краса!
Люблю прыроды трапяткое абуджэнне 
І водар пахкага зяленіва ў лясах,
Пяшчоту промняў сонца, свежае дыханне
Усёй ваколіцы, блакіт над галавой,
І покліч вечнага, сустрэчнага кахання,
Надзей загадкавых і светлых мар сувой!

Пяцігорская дуэль

Страляюць паэты ў паветра:
Не могуць у грудзі страляць.
На тое яны і паэты 
Ім сэрцы чужыя баляць.

Ім сорамна цэліцца ў сэрца,
Бо смерць  гэта ўжо небыццё.
Паверце паэту, паверце:
Ён цэніць чужое жыццё!

Не верце Мартынаву, людзі! 
Не варты ён кроплі таго:
Наўмысна ён цэліўся ў грудзі,
У самае сэрца яго.

А мог, як паэт, у паветра
Націснуць смяротны курок,
Зрабіўшы насустрач паэту
Без кулі спагадлівы крок.

Трагічная повязь абставін.
На помсце памешаны свет.
А праўда заўсёды святая 
Не мог быць інакшым паэт.

Ён словам свабодным не песціў
Ні ўладу, ні нават сяброў.
Дарэмна нікога не бэсціў
З багатых ці бедных двароў.

Ён збрыдзеў шукальнікаў славы,
Сляпой ганарыстасці хмель,
На смелую думку аблавы, 
Таму і пайшоў на дуэль.

Машук здрыгануўся ад болю,
Ад жаху, што ён не ўбярог
Паэта, які сам з сабою
Апошні тут вёў дыялог.

Счарнелі ад роспачы горы.
Абрынуўся лівень з нябёс.
І вецер вялікае гора
Народу Расіі панёс.

Нешта будзе

Колькі помню сябе ў гэтым свеце,
Продкі дня не жылі без надзеі.
«Нешта будзе»  казалі нам, дзецям,
Мы на іх са здзіўленнем глядзелі.

У гады з неўмалотам, няўродам,
З саладухаю ды з лебядою,
Чуўся голас спадзеўны з народа:
«Нешта будзе Не век жыць з бядою»

На вяселлях, куляючы чарку,
Маладым шчасця зычылі ўволю:
«Абрабляйце сваю гаспадарку!
Нешта будзе А можа, і болей»

У дні гора і страт непапраўных
Гналі з сэрца рой думак трывожных
І зацягвалі ўздыхамі раны:
«Нешта будзе Нам Бог дапаможа»

А калі зямны рай абвяшчалі
І трубілі аб ім, як аб цудзе,
З вуснаў продкаў зноў ціха гучалі
Словы мудрыя: «Нештачка будзе»

І цяпер, калі вірус кавідны
Ходзіць потайкам, рве жыцці людзям,
Чуем голас, надзеяй спавіты:
«Божа спыніць яго Нешта будзе»

Роздум

Не страціў даверу
да шэпту аеру
і золкага срэбра расы,
да шуму таполі
і жыта на полі 
да ўсёй навакольнай красы.

Не страчу ніколі
даверу да болю
нямых курапацкіх крыжоў,
званоў у Хатыні 
магільных святыняў,
дзе д'ябал пачварны прайшоў.

Няма і прычыны
не верыць жанчыне,
што поплеч са мною ідзе,
і шчырай сябрыне,
і боскай сцяжыне,
што ў вечнасць святую вядзе.

А страціў давер я
да розных паперак
і вестак з экранаў, газет,
да планаў маштабных
і лозунгаў штатных 
яны не палепшылі свет.

Не маю даверу
да гучных намераў,
што льюцца ракою з трыбун,
да льсцівых прамоўцаў,
дзе кожнае слоўца 
як рэха эпохі камун.

Удосталь той веры,
што Бог мне адмераў
і продкі мае збераглі,
каб шчасця агеньчык,
як сонца праменьчык,
гарэў і свяціў на зямлі.

                                             * * *

Як толькі душу працінае трывога
І белы дзень змрочную песню пяе,
Тады апаноўвае сэрца знямога,
Сум скоўвае думкі і мары мае.

Ад гэтай навалы я ў лес уцякаю 
У шэпце-дрымоце гаёў і бароў
Трывожны настрой неўзаметку знікае,
І я адчуваю: практычна здароў.

Пераклады з рускай паэзіі

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3