- Мой маёнтак злучаецца падземным ходам з гэтым маёнткам, дарэчы, з рэшткамi так званага маёнтка Дарыны, якi знаходзiцца на маёй зямлi...
- Ну i капiталiст! - узлаваўся Анатоль. - Няўжо ж вы не дазволiце маiм хлопцам палазiць па падзямеллi, хiба што самi там скарб шукаеце?
- Гэта небяспечна, паўтараю! - строга адказаў Дуброўскi. - А скарбаў тут нiякiх няма. Будуецца дзiцячы санаторый, зямля добраўпарадкоўваецца для дзiцячых пляцовак, аднаўляецца храм, якi быў пабудаваны на сродкi маiх родзiчаў. Таму не пажадана, каб тут праводзiлiся нейкiя iншыя работы.
- Ваш санаторый толькi для адводу вачэй, - скрывiўся Анатоль, - а самi камерцыяй займаецеся! Не веру я ў вашу мiласэрнасць, кожны заднюю думку мае сябе хоча праславiць!
- Ды як ты можаш? - падхапiўся Антось. Ягоныя сiнiя вочы спахмурнелi, твар залiўся чырванню. - Па сабе раўняеш? Пустаслоў: "мацi шкадую, мацi шкадую", а як адпачынак атрымаў - у паход пайшоў! Галя яшчэ жонкай не стала, а яе ў вёску да сваёй мацi прэш, каб дапамагала, рабыню знайшоў! А ты, - ткнуў пальцам у дзяўчыну, - бегаеш за iм, як дурнiца!
Галя аж выпусцiла гурок з рукi. Дуброўскi падняўся, падзякаваў за абед. Аленка дагнала яго, запынiла сярод высокай няскошанай травы.
- Прабачце, калi ласка, маiм сябрам! - сказала з хваляваннем.
Да iх спяшалiся астатнiя, акрамя Анатоля. Дуброўскi, агледзеўшы ўсiх, усмiхнуўся:
- Я не крыўдую. Усю гiсторыю чалавецтва суправаджае зайздрасць. Дурнi зайздросцяць разумным, а гультаi - багатым.
- А што ж я табе параю, донечка? - з мяккай, прыветнай усмешкай адказала бабка Саша, гледзячы на Галю. - Адзiн цябе бярэ, другi не бярэ, але замуж не раiць... Можа, сам хоча цябе ўзяць?
Бабка сыпанула куранятам жменю проса. Цёмныя, загарэлыя ногi з пакручанымi пальцамi грэлiся ў жоўтым гарачым пяску. На каленях у бабкi ляжаў шэры каток. Галя нецярплiва церабiла падол спаднiцы.
- А мо паварожыце? - папыталася ў бабкi.
- Спалiла я свае карты, - адмахнулася тая. - Хто варожыць, той у пекла трапляе, - паправiла касынку. - А ты, Галечка, ужо з мацi работу справiла? Не пойдзеш у лес, там нешта капаюць хлопцы рыдлёўкамi?
- Няхай сабе капаюць! - надзьмула вусны Галя. - Вайдаш экскаватар забаранiў... А я з Анатолем пасварылася, бо той Вайдаша аблаяў. Аленка яму рубашкi ў палатку занясе, як сена ваша з Марусяй зграбуць...
- Дык Маруся ўжо дома, - паведамiла бабка, - спiць, бо вечарам, сказала, некуды пойдзе...
- Да Анатоля, куды ж яшчэ! - раззлавалася Галя i нервова сарвала зялёны сцеблiк травы. - Ну, не! Я таксама надвячоркам да палатак пайду, вось i сустрэнемся!
Галя яшчэ крышку пастаяла, а потым, сказаўшы бабцы "дабранач", выйшла на вулiцу. Ля варот Мiколавай хаты ўбачыла Аленку.
- Галя, пайшлi ў госцi да свёкра майго! - гарэзлiва паклiкала Аленка i адчынiла дзверцы.
Галя ўбегла следам.
- А якiя яблыкi ў свёкра! - смяялася Аленка. - А дзе ж ён сам?
На парог выйшаў гаспадар.
- Добры дзень, дзядзька! - павiталiся дзяўчаты.
- Добры, добры! - закiваў той галавою. - А я пазнаў вас, памятаю, як зiмою па яблыкi прыходзiлi квашаныя...
- А цяпер вось па свежыя прыйшлi! - засмяялася Аленка.
Дзядзька Адась запрасiў гасцей у хату. Паставiў на стол мiску з мёдам.
- Вось гэта смаката! - аблiзнулася Аленка, набiраючы поўную лыжку. - А дзе ж ваш Мiкола?
- От, дзеўкi! - матнуў галавою дзядзька, прысеў з iмi побач. - Ану прызнавайцеся, каторая ў майго Мiколу закахалася?
- Ды вось я! - трасянула валасамi Аленка. - Добрая буду нявестка? Давайце вам грады папалю, пагледзiце, цi спрытная!
- Ды я i так бачу, што спрытная, - адказаў дзядзька. - Лаўлю на слове! Ану пайшлi, цыбулю мне выпалеш!
Аленка ўсхапiлася, пацягнула за сабою Галю. Тая адмахнулася. Ужо на парозе Аленка пачула, як Галя шэпча дзядзьку Адасю:
- Няхай яна паполе, а я раскажу вам пра сваё гора. Вы ж чалавек мудры, парайце! Ёсць у мяне два хлопцы... Толькi не кажыце нiкому, Анатоль i Вайдаш...