Дуброўскi разаслаў на траве белы папяровы абрус, паклаў на яго некалькi пакетаў з ежай.
- Пойдзем разам да рэчкi, - прапанавала яму Галя, - рукi памыем.
- Пайшлi, - згадзiўся Дуброўскi, прыхапiўшы з сабою ручнiк.
Запытальна глянуў на Аленку, але тая прытулiлася да Мiколы i нiкога не заўважала побач. Мiкола настройваў гiтару. Антось дзелавiта "накрываў на стол", раскладваючы лыжкi i мiскi. Сцяпан рэзаў хлеб. А Анатоль уважлiва разглядваў iншамарку Дуброўскага, стукаў нагою па колах. Толькi Iрэна засмучаным позiркам глядзела ўслед Дуброўскаму - для яе ён быў прынцам з казкi, чароўным i недасягальным. Яна не разумела, як гэта можна вось так, проста, па-свойску, размаўляць з iм. Калi яна ўпершыню ўбачыла яго ў бары Дома фота, ён часта снiўся ёй. Яна ўяўляла яго з сабою ў тэатры, у фiлармонii. А тут вось гэтая недарэка Галя, "будучая жонка" Анатоля прыцягнула ўвагу яе прынца, яе мару. Аказваецца, яны з Галяй з адной вёскi. Не, ён не вясковы! Ён гарадскi, ён - толькi для яе! I яна зробiць усё, каб застацца з iм назаўсёды!..
Кроплi вады зiхацелi на плячах Вайдаша. Ён сядзеў на беразе рэчкi, адкiнуўшы ўбок ручнiк. Галя падышла да яго, абняла, прытулiлася вуснамi да ягонага твару.
- Памятаеш, я рабiла так, як была яшчэ школьнiцай? - прашаптала яна. Тады мне не было сорамна, а цяпер...
- Што цяпер? - пагладзiў яе па валасах Дуброўскi.
- Я кахаю цябе! - заглянула яна яму ў твар. - Я казала пра гэта табе заўсёды, калi была малая, але цяпер я кахаю цябе па-iншаму...
- I за iншага выходзiш замуж.
- А хiба ты прапаноўваў мне? - здзiвiлася тая. - Скажы, ты кахаеш каго-небудзь? - трымала яго за руку Галя.
Дуброўскi ўздыхнуў, усмiхнуўся, гледзячы на тоненькую, быццам бярозка, маленькую, дапытлiвую i непасрэдную Галю, i адказаў:
- Пакуль не...
- Я прашу цябе, не кахай нiкога, дай мне дарасцi да цябе! - з запалам папрасiла дзяўчына.
- Я наогул нiкога не кахаю...
- I мяне? - наiўна папыталася Галя.
- I цябе. Я ж ужо гаварыў пра гэта...
Ён павярнуўся, каб пайсцi.
- Пачакай! - у вачах у Галi застылi слёзы. - Ты ж казаў, што любiў мяне, як сястру... А цяпер што, нiчога нават ад гэтага не засталося?
Дуброўскi маўчаў.
- На што мне тады спадзявацца? - упарта дапытвалася Галя. - Вучыцца, рабiць кар'еру, каб у трыццаць гадоў мне сказаў: "Не!"
- Галя, - разважлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся Дуброўскi, - трыццаць - гэта яшчэ не старасць. А што далей будзе, адзiн Бог ведае. Я i сам не ведаю, што я скажу табе, калi ўзрост твой дасягне трыццацi...
- Ты гаворыш, як дыпламат. Дыпламат нiколi не скажа "не", ён скажа "можа быць"!
I яна ў слязах пабегла ў бок хмызняку.
* * *
- На правым беразе Нёмана ўзнiкла паселiшча Наднёман, - гаварыў Антось, прытулiўшыся спiною да абабiтай цаглянай сцяны сядзiбы. Языкi агню мiтусiлiся, узносiлi iскры ўгару, i твары падарожнiкаў здавалiся таемнымi. Воддаль ад сядзiбы стаялi дзве палаткi, крыху далей - машына Дуброўскага. Цяпер на iм быў сiнi спартовы касцюм i красоўкi, сядзеў ля вогнiшча i падкiдваў дровы. Галя прымасцiлася побач з Анатолем, якi з суровым тварам аглядаў наваколле. Пачало змяркацца, i хутка кусты хмызняку здавалiся ўжо цёмнай сцяною, толькi вогнiшча асвятляла сяброў, i цiхi, прыглушаны голас Антося распавядаў пра мiнулае.
- Паселiшча належала князю Радзiвiлу, потым яго купiў шляхцiц Антон Наркевiч-Ёдка. Ён быў жанаты з Анэляй Эстка i праз яе стаў сваяком роду Касцюшкаў. У Анэлi з Антонам нарадзiўся хлопчык Якуб, у 1847 годзе. Ён быў прыгожы, дапытлiвы, здольны да навук. Скончыў Менскую губернскую гiмназiю. Быў добрым кампазiтарам, вiртуозам-пiянiстам. Працаваў у Маскве, падарожнiчаў па Эўропе. За мяжою вывучаў фiзiку, прыродазнаўства i медыцыну. Вярнуўся ў Наднёман i ў падвальнай частцы сядзiбы абсталяваў электралабараторыю, ставiў доследы. У 1888-м пабудаваў метэастанцыю...
Антось паказаў рукою на высокую вежу насупраць таго месца, дзе стаяў сам.