Вось як парсючкоў кармiць, ведаеш? Каб сала было з праслойкаю?
Iрэна скрывiлася i ўздыхнула, падняўшы вочы ў неба.
- А ў вас на хутары ходзяць на вячоркi? - пацiкавiлася яна.
- А як жа! Суседка прыходзiць з таго хутара, буталь прыносiць, у карты рэжамся ўсю ноч...
- I ўсё? А гiсторыi розныя расказваеце? Ну, напрыклад, пра даўнiну цi пра што страшнае?
- Пра якую там даўнiну? Як даўней жылi, так i цяпер! А страшнае што? Вунь у Аўдоццi карова здохла, дык, бедная, высахла ўся, вось табе i страшнае, бо з трох кароў за малако мiльён мела, а цяпер толькi дзве засталiся...
Iрэна засяроджана глядзела ў твар хлопцу.
- Давай лепш цалавацца! - абняў яе Сцяпан.
- А ў цябе дзяўчына ёсць? - вырываючыся ад яго, спытала Iрэна.
- Вось ты i будзеш дзяўчынаю, - прашаптаў ён i павалiў яе на мокрую ад расы траву. - Паедзеш са мною на хутар жыць, згода?
Iрэна сцепанулася ад холаду i адказала:
- Згода, толькi дай мне падняцца, уся штармоўка мокрая! Паўгадзiны прайшло ўжо, пайшлi, а то Анатоль нервавацца будзе!
Яна паднялася i пайшла. Сцяпан застаўся сядзець у траве, засяроджана пазiраючы ёй услед.
Нёман зiхацеў блакiтнай стужкай на сонцы. Але падарожнiкi, не даходзячы да моста, скiравалi ўправа. Пайшлi да дзiвоснай брамы - увахода ў разбураны маёнтак. Сярод старых дрэў стаялi яшчэ ўцалелыя, скалечаныя часам i людзьмi сцены, высокая вежа будынка, на муры якой, зверху, расла зялёная трава i цягнулася да сонца маленькае дрэўца.
- Сядзiба Наркевiча-Ёдкi, - прамовiў Антось. - Славуты беларускi вучоны семнаццатага стагоддзя...
Мiкола прысеў пад раскiдзiстым дубам, скiнуў кеды, паставiў стомленыя ногi на халодную зялёную траву. Аленка дастала тэрмас, налiла ў блакiтную накрыўку гарбаты i падала хлопцу. Той узяў i, усмiхнуўшыся, пацалаваў ёй руку. Аленка ўспыхнула, твар яе засвяцiўся радасцю. Непадалёку ад iх стаяла легкавая машына белага колеру. Да яе падышоў сярэдняга росту мужчына ў белым касцюме i чорным гальштуку, якi быў заколаты прыгожаю, з белымi зiхоткiмi камянямi заколкаю. Валасы мужчыны зачасаныя ўгору, на скронях - сiвiзна.
- Ой, гэта ж Вайдаш дзеда Ўладыморыка! - узрадавалася Галя. - Мiкола, гэта ж Дуброўскi! Пайшлi да яго.
Анатоль строга цыкнуў на яе.
- Гэта з нашай вёскi чалавек, - сказаў Мiкола, - пайду павiтаюся.
I ён пайшоў. Праз некалькi хвiлiн паклiкаў сяброў да машыны.
- Ну што, разам паснедаем? - усмiхнуўся Дуброўскi, прапаноўваючы ўсiм залазiць у машыну. - Зараз я вас завязу на цудоўны поплаў. Спрадвек мiж лугавiн цяклi тут дзве рэчкi - Лоша i Уса, - зазначыў ён, заводзячы машыну, а потым злiлiся ў адну. I вось ужо няма, "нема" iх дзвюх, цячэ адна рэчка Нёман. Праўда, гэта падобна на каханне - злiццё дзвюх душ у адну?
- Ага! - заёрзала Галя на каленях у Анатоля, схiлiлася, перагнуўшыся з задняга сядзення на пярэдняе, да Дуброўскага. - А вы памятаеце мяне, Вайдаш? Як вы прыязджалi да дзеда, то я прыходзiла да вас, i мы з вамi пiлi малако з абаранкамi?
- Памятаю, - засмяяўся Дуброўскi, - i як ты казала, што я твой старэйшы брат. Табе так хацелася старэйшага брата!
- Вы i цяпер для мяне, як брат! Як прыедзеце, то мне так хочацца да вас прыбегцi, але ўжо сорамна, бо я дарослая, яшчэ што падумаюць!
Анатоль тузануў Галю за штармоўку: "Такiя размовы вядуцца сам-насам!" Галя адмахнулася ад яго, як ад мухi, i прадоўжыла:
- А памятаеце, як мы з вамi паехалi на рыбу? Сядзелi на беразе, размаўлялi, i раптам бабёр з вады вылез! А навокал - пшанiца каласiцца, а сярод яе валошкi i маленькi астравок, на якiм раслi хвоi! Сапраўды, як у таго мастака, у Шышкiна!
Дуброўскi закiваў галавою.
- Гэта было 25 лiпеня 1982 года, - павярнуўся ён да дзяўчыны з усмешкаю.
- Як вы гэта запомнiлi? - радасна здзiвiлася тая.
- Потым скажу, - засмяяўся Дуброўскi i затармазiў.
Падарожнiкi высыпалi на зялёны луг. Паздымалi штармоўкi, пачалi даставаць з заплечнiкаў ежу.