Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 39.

Шрифт
Фон

- А шмат заплацiлi дзядзьку, га? Ну, дык мо ведаеце, колькi каштуюць куры на базары, раз з таго боку прыплылi? А то мяне ўсё падманваеце. Вы ж, як цыганы-валацугi, гэткiя...

- Колькi скажаце, столькi i дадзiм! - выцягнуў з кiшэнi грошы Антось, блакiтныя, з хмарынкай вочы хлопца лагодна глядзелi на старую.

- Ай, - сутулiлася тая, нервова прайшлася па двары, заўважыла, што Галя сарвала спелую вiшню, i падцiснула вусны. - Не прадам! Заўтра дачка прыедзе з Полацка, скажа кошт, вось заўтра i прыходзьце!

- Ды ну вас к чорту! - раззлавалася Галя, выплюнуўшы костачку ад вiшнi. Мы хадзiлi ў паход па Берасцейскай вобласцi, дык там нам малако i яйкi бясплатна давалi, частавалi! Во дзе людзi добрыя!

- Цьфу! - плюнула старая. - Галеча там - не хаты, а квадратныя каробкi! А ў нас хаты доўгiя, прыгожыя...

- I задам да людзей! - выкрыкнула Галя, успомнiўшы Мiколавы словы, i пабегла з двара.

Ля хмызняку яе схапiў за руку Антось.

- Ды не нервуйся ты! - ласкава сказаў ён. - Вось дзе не трэба, дык ты смелая, а як у кампанii, то замкнутая, цiхая. А як адкрыеш рот, то глупства змарозiш, аж думаецца тады: дурная ты цi прыкiдваешся?

Галя пакрыўджана адпiхнула яго i моўчкi пайшла па вузкай сцежцы да маленькай, схаванай за высокiм плотам з яблыневым садам хаткi.

- Не крыўдуй, прабач мне! - папрасiў Антось. - Я хачу табе дапамагчы! Ты тыповы меланхолiк, а каб перамагчы сваю скаванасць, трэба стаць у цэнтры ўвагi, напрыклад, прыйдзi ў турклуб з тортам, якi спякла сама, i скажы голасна, маўляў, усiх запрашаю, альбо давай цяпер паспрабуй, мы вернемся да палатак, а ты раскажаш што-небудзь цiкавае!

Галя недаверлiва глянула на хлопца.

- Не бойся, я цябе падтрымаю, - запэўнiў яе Антось, спагадлiва пазiраючы ў твар, - ты толькi памятай, што ты прыгожая, прывабная, мiлая, непасрэдная, як дзiцятка. Запомнi, ты - мiлая! Калi будзеш расказваць, глядзi на мяне, я буду трымаць рукi вось так i ўсмiхацца табе, каб ты не збiлася з панталыку, згода?

Галя засмяялася i сказала даверлiва:

- Ведаеш, у мяне з другiмi хлопцамi iнакш. З другiмi я смялейшая, упэўненая ў сябе, а з Анатолем, не ведаю, чаму такая нязграбная...

- Проста ён табе падабаецца. Вось калi перастане падабацца, станеш сама сабою. Табе трэба знайсцi сябра альбо закахацца ў другога.

- Навошта? - не зразумела Галя.

- Вы не падыходзiце адно аднаму. Анатолю патрэбна такая жанчына, з якою ён мог бы раiцца, у якой ёсць жыццёвы вопыт, а ты яшчэ дзiця. Яму трэба сталая жанчына. I табе - сталы чалавек, якi б мог дараваць тваю дзiцячую непасрэднасць. I пакахаць цябе за тваю чыстую душу.

Ён памаўчаў i дадаў:

- А наогул, не трэба табе нiякi замуж. Не псуй душы сваёй, iдзi лепш у манастыр.

Галя глянула на яго, як на вар'ята.

- Я хачу, каб у мяне была сям'я! - усклiкнула яна. - Хадзiць разам з дзеткамi ў паходы. Шчаслiвая спартовая сям'я, пра якiя паказваюць па тэлевiзары i якiя я часта бачу ў паходах.

- Гэта толькi звонку здаецца, што яны шчаслiвыя, а на самай справе рэўнасць, здрады...

- Адкуль ты такога набраўся? - раззлавалася Галя i пiхнула нагою дзверцы, каб увайсцi ў двор.

Гаспадыня хаты сядзела на драўлянай падлозе i вiла вяроўку. Ручкi яе былi маленькiя, як у дзiцяцi, галоўка таксама, а вочы юркiя, цьмяныя, недаверлiвыя.

- Мо малака прадасце, бабуля? - ветлiва спытаў, прывiтаўшыся, Антось.

- Не, - цвёрда адказала тая. - Карову сурочыце! У нас нiчога не даюць i не прадаюць, трэба ўжо ведаць! Кветак, трускалак на расаду не даюць, бо звядуцца, яек i малака не прадаюць, бо сапсуецца карова!

- У вас што, вядзьмарак шмат, што ўсяго баiцеся?

- Анягож! - затрэсла галавою старая. - Бацюшка хацеў крыж паставiць на могiлках, дык чорная сiла не дала, малiтва да Бога не прабiваецца. I не паставiлi! У нас, аж да Дзвiны, аж да Полацка самага поўна ведзьмакоў, а ўжо там, пад Полацак, ды пад Вiцебск, да Расеi блiжэй - няма нячысцiкаў. А тут захад, вось i чэрцi круцяцца.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги