Адамович Лидия - Кветки самотнай князёыны (на белорусском языке) стр 37.

Шрифт
Фон

Толькi аднекуль здалёку, бы пранiзлiвы боль, паўстаюць перад вачыма Аленкi прыгожы твар, абцалаваны сонцам у летнiм паходзе, белазубая гарэзлiвая ўсмешка, шырокiя плечы, дужыя рукi, зменлiвы позiрк, сакавiты голас таго, каго нельга вырваць з сэрца.

- Мiкола! - шэпча Аленка.

Але яго засланяе другi - стары, чарнявы, з сiвiзною ў валасах, з позiркам, поўным годнасцi i пяшчоты.

- Я еду ў Гданьск, - гаворыць ён. - Патанцуем на развiтанне?

I знiкае. А на яго месцы стаiць незнаёмы мужчына ў даспехах сярэднявечча i працягвае Аленцы кубак.

- Вазьмi яго, - шэпча, - у iм смерць Чорнай зданi...

"Гэта Вiтаўт!" - здагадваецца Аленка.

- Дарына прыходзiць да мяне кожную ноч. Садзiцца на ложак i ўсмiхаецца, кажа ён. - Я гавару ёй словы кахання, але яна не чуе iх. У той страшны вечар, калi яна выпiла атруту, я хацеў сказаць ёй, што даўно дараваў i толькi яе абраў сабе за жонку. Толькi яе, больш нiкога. Адчай Дарыны апярэдзiў мае словы. Спяшайцеся дараваць сваiм блiзкiм, адпускаць грахi пры жыццi iх!

Аленка працягнула руку, каб узяць кубак, але князь знiк. На яго месцы з'явiлася белая мроя.

- Дарына? - усхапiлася Аленка.

- Малiся за мяне, - прашаптала яна, - вялiкi грэх на мне...

- Я знiшчу Чорную здань! - сказала Аленка. - Скажы, дзе кубак, я дапамагу табе!

- Ты яе не знiшчыш, - адказала Дарына. - Яна ўжо кранулася цябе. Ты i я грэшнiцы, але ж ты жывая. А мне там, дзе я цяпер, вельмi дрэнна, нiхто не молiцца за мяне на зямлi. Тваё месца тут. Тут не растуць мае кветкi. Ты ведаеш, дзе яны растуць? Аб чым папярэджваюць?

- Якiя кветкi? - зацiкавiлася Аленка, але мроя растала ля акна, за якiм ружавела ранiца.

- А-а! - ляпаў сабе па жываце Мiкола. - А я ў цудатворнай крынiцы выкупаўся, усе грахi змыў, праўда, Аленка? - Ён раскалмацiў валасы дзяўчыне, якая толькi што вынырнула з-за палатак. - Ну як, памалiлася? - засмяяўся ён. Малiся, Аленачка, за нас, грэшных, доўга яшчэ нам iсцi прыйдзецца да Вiшанькi!

I ён пачаў складваць рэчы ў свой заплечнiк.

- Iрэначка, прыхарошваешся перад люстэркам? - зычны голас Мiколы гучаў на ўсю паляну. - Што жанчыне патрэбна для шчасця, нават на дзiкiм востраве? Вядома, люстэрка, бо кожная жанчына крышачку свавольная малпа!

Iрэна скрывiла вусны i не глянула ў ягоны бок. Сцяпан у расшпiленай кашулi скручваў палатку. Дзяўчына падышла да яго i нешта прагаварыла. Той моўчкi закiваў галавою. Антось аббiваў зямлю з жалезных пруцiкаў, якiя трымалi тэнт. Галя старанна засыпала пяском яму са смеццем, а Анатоль наском чаравiка ўтрамбоўваў зямлю - прысыпаў вогнiшча. Аленка сядзела на сваiм заплечнiку i назiрала за маленькiм жуком, што поўз у траве...

Мiкола ўключыў транзiстар. Адтуль надакучлiва пiшчала i трынкала. Нарэшце загучала музыка.

- Выключ! У лесе трэба слухаць музыку прыроды! - загадаў Анатоль.

- Я не магу доўга быць у iзаляцыi, мне трэба iнфармацыя - мозг у бяздзеяннi дэградуе! - адказаў той.

- Я як кiраўнiк групы павiнен сам выконваць i прымушаць iншых трымацца парадку i патрабаванняў, якiя тычацца паводзiн у паходзе! - строга прадэкламаваў Анатоль. - Мы - турысты, а не дзiкуны! I ты павiнен выконваць загад камандзiра!

Мiкола засмяяўся.

- Мозг чалавека засмечаны непатрэбнай iнфармацыяй, - прадоўжыў Анатоль, уздыхнуўшы. - Чаму, вы думаеце, я ўвесь час у паходах i паходы мне даражэйшыя за ўсё? Чалавеку карысна пасядзець у цiшынi i падумаць. Сучасны лад жыцця не дае гэтага. У вiхуры жыцця думкi чалавека лётаюць абы-дзе, толькi не ля сваёй душы. А ў паходзе, на прыродзе, ты сам становiшся частачкай яе, дзiцем яе. А ты як пустазелле якое!

- А можа, ён баiцца застацца сам-насам са сваiм сумленнем, га? - заглянуў у твар Мiколу ягоны сябар Антось i выключыў транзiстар. - Да нас прыходзiць Дух Святы не ў буру i гром, а сярод цiшынi i подыху лёгкага ветру.

- Добра, пайшлi! - закiнуў на спiну заплечнiк Мiкола. - А то на менскi аўтобус спознiмся!

- Нiякiх больш аўтобусаў, - строга прамовiў Анатоль.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги