Села на ложак, выцягнула ўперад ногi.
- Здымi чаботкi! - засмяялася гарэзлiва.
Мiкола, як зачараваны, паслухаўся. Але потым ускочыў, паставiў яе чаботкi ў кут i, паправiўшы на сабе прасцiнку, папытаўся:
- Ты хто такая?
- Ай, не пазнаў! - гучна засмяялася тая, адкiнуўшы назад галаву. - Наташа я, твая Наталачка! - паднялася з месца i абняла яго. Затым адхiнула i сур'ёзна дадала: - У мяне ёсць адзiн сакрэт, але я потым скажу. А цяпер, даруй мне, калi ласка, што я тады на цябе накрычала. Я закахалася i баялася, што ты мяне пакiнеш...
- Трамвайшчыца... - расчаравана прысеў на ложак Мiкола.
- Не злуйся! - падмiгнула яна i расшпiлiла сумку, пачала выкладваць на стол прысмакi. - Я табе шчупака фаршыраванага зрабiла, вось пернiкаў напякла... Бутэлечка... I падарунак, трымай!
Працягнула вялiкую каробку замежнага адэкалону.
- А што сёння за свята? - скрывiў вусны Мiкола, але каробку ўзяў.
- Дзень Савецкай Армii!
- Савецкага Саюза ўжо даўно няма, тупiца!
- А ты ж яшчэ ў Савецкай Армii служыў да перабудовы.
- Мне з табою не цiкава! Аб чым нам гаварыць, трамвайшчыца? - абурыўся Мiкола i выйшаў з пакойчыка.
- Што хочаш? - агрубелым голасам спытала смуглявая старая цыганка. - На хлопца, га?
- Я ўжо была ў вас, - цiха адказала Аленка, аглядаючы цёмны пакойчык з iконамi на покуцi.
- Прынесла?
- Не змагла дастаць ягонай вопраткi, - маркотна мовiла Аленка.
- Я не пра гэта, - перабiла яе цыганка. - Грошы прынесла? Для таго, каб скарыць ягоную волю, каб прымусiць ягонае цела злiцца з тваiм, патрэбна асаблiвая малiтва... Таму i грошы вялiкiя.
Аленка моўчкi працягнула цыганцы кiпу грошай, i тая засунула iх у патаемную кiшэню недзе ў складках спаднiцы.
- Малiтву вывучыла? Распранайся!
Аленка зняла з сябе ўсю вопратку, села на каленi на рассыпаную соль. Цыганка паставiла насупраць яе свечку. Налiла ў келiх вiна i паставiла з левага боку, налiла ў другi келiх вады i паставiла з правага.
- Чытай перад iконаю, - мовiла цыганка, - i маж спачатку вiном, тады вадою...
- Благаславi мяне, Мацi-Зямля, бо я дзiця тваё! - прашаптала Аленка. Благаславёныя будзьце мае вочы, каб я ўбачыла правiльныя шляхi да цябе!
Дзяўчына намачыла пальцы ў вiне i памазала вочы. Затым намачыла пальцы вадою i правяла над павекамi.
- Благаславёны будзь мой нос, каб я пачула асалоду твайго паху! прадаўжала яна. - Благаславёны будзь мой рот, каб я змагла гаварыць пра цябе, благаславёны будзьце мае грудзi, каб у iх бiлася адданае табе сэрца, благаславёныя будзьце мае ногi, каб я змагла iсцi па дарозе, якую пакажаш ты мне. Я - дзiця тваё, i ты, мацi, дапамажы мне!
Аленка азiрнулася на цыганку: "Што далей?"
Тая моўчкi пацiснула плячыма.
- Ты ж не прынесла ягонай вопраткi, - разважала цыганка. - З чаго я зраблю чароўныя лялькi? Вось што, апранайся i iдзi да яго проста зараз! Ён выйдзе да цябе, я ўпэўнена! Бяры яго вопратку i да мяне!
Аленка, як загiпнатызаваная, паднялася. Апрануўшыся, рашуча выйшла з хаты.
Мiкола, моцна ўзлаваны выхадкай Наташы, стаяў ля вахты. Праз акно, у водсвеце лiхтара, убачыў Аленку. Тая пазiрала ўгору, на вокны, i варушыла вуснамi. Ён выйшаў на парог i паклiкаў яе:
- Эй, на каго ты там молiшся?
- Я вокны лiчу... Дзе тваё акно, вызначаю, - наiўна адказала тая з дзiцячай радасцю ў голасе i падышла да яго.
- Як добра, што ты прыйшла! - шчыра ўзрадаваўся Мiкола i падумаў, што з дапамогай гэтай дзiвачкi, якая штовечар тырчыць пад ягонымi вокнамi, ён выжыве Наташу. - Я ўжо па табе засумаваў! Чаму не прыходзiла?
Ён абняў Аленку i заўважыў, што палiто знiзу крыху парванае i зашытае. "Што, ёй бацькi не дапамагаюць?" - здзiвiўся.
- Я раней прыходзiла, - усмiхнулася Аленка, ледзь паспяваючы за iм. - Але вас з Антосем увесь час дома няма, дзе вы ходзiце?
- Басейн, вячэрняя прабежка, трэнiроўкi, - уздыхнуў Мiкола, - вось i няма часу з дзяўчатамi бавiцца...
Яны падышлi да вахты.